Пытанні бязвізавых паездак, гандлёва-эканамічнага і парламенцкага супрацоўніцтва абмеркавалі падчас сустрэчы старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч і Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Рэспублікі Карэя ў Беларусі Кім Ёнг Хо.
Міхаіл Мясніковіч прапанаваў аднавіць кансультацыі па працы над праектам пагаднення паміж дзвюма краінамі аб кароткатэрміновых грамадзянскіх бязвізавых паездках. У снежні 2013 года прадстаўнікі Беларусі ўжо накіроўвалі карэйскаму боку адпаведную прапанову. Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліў, што ўзровень эканамічнага развіцця Беларусі і Карэі дазваляе казаць аб мэтазгоднасці заключэння такога дагавора.
Што тычыцца гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, то Міхаіл Мясніковіч унёс прапанову аб пабудове сумеснай фабрыкі па вытворчасці тэлевізараў і панэляў з адной з карэйскіх кампаній. Таксама ён прапанаваў актывізаваць і навукова-тэхнічнае ўзаемадзеянне, улічваючы, што станоўчыя прыклады такой кааперацыі ўжо ёсць. Міхаіл Мясніковіч выказаў задаволенасць праектам сумеснага беларуска-карэйскага цэнтра доступу да інфармацыі, створанага больш за год таму.
Акрамя таго, старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што наша краіна зацікаўлена і ў пашырэнні парламенцкага супрацоўніцтва. Паводле яго слоў, у гэтым кірунку «патэнцыял магчымасцяў зараз з'яўляецца недаацэненым».
«Можна было актывізаваць кантакты на ўзроўні кіраўніцтва парламентаў. Мы аднаўляем наша запрашэнне кіраўніцтву парламента Рэспублікі Карэя наведаць Беларусь», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:Kryzhevіch@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/mihail-myasnikovich
[5] https://zviazda.by/be/tags/kim-yong-ho
[6] https://zviazda.by/be/tags/respublika-kareya
[7] https://zviazda.by/be/tags/gandlyova-ekanamichnae-supracounictva
[8] https://zviazda.by/be/tags/vizy
[9] https://zviazda.by/be/tags/byazvizavy-rezhym