Карэспандэнтка «Звязды» сустрэлася з Міхаілам Шутам, дырэктарам торфапрадпрыемства «Глінка» (Столінскі раён Брэсцкай вобласці), дзе здабываецца самы лепшы ў Еўропе торф. Ён расказаў, што завод быў утвораны ў 1948 годзе, летась быў адкрыты новы цэх. На яго будаўніцтва пайшло 80 мільярдаў беларускіх рублёў, плюс 1,7 мільёна еўра чэшскай кампаніі «Рашэліна» пайшло на абсталяванне.
— Самае галоўнае, што яшчэ на старой вытворчасці мы пачалі працаваць на Еўропу, — кажа ён. — Тут у нас ужо больш якасны торф і, адпаведна, больш сур'ёзныя намеры. Тым больш, што ў нас устаноўлена чэшская лінія па расфасоўцы торфу. Цікавасць да нашай прадукцыі ёсць з боку палякаў, немцаў, чэхаў.
Па словах Міхаіла Шута, торфапрадпрыемства «Глінка» падпарадкоўваецца «Белпалівагазу».
— Чэшская кампанія нам паставіла абсталяванне, — паведаміў ён. — Але ў перспектыве — да 2020 года — чэшскія інвестары хочуць стаць нашымі акцыянерамі.
Здабыча торфу — няпростая справа:
— Некаторыя думаюць, што здабываць торф нескладана — проста нагроб рыдлёўкай, — усміхаецца дырэктар прадпрыемства. — Але гэта не так. Для таго, каб здабыць торф, трэба прыбраць усе дрэвы, пасля трэба пракапаць меліяратыўную сетку, пасля зрабіць дробнае карчаванне — дастаць пянькі з зямлі. Тэрыторыя, з якой слой торфу ўжо зняты, пасля затапліваецца вадой, і там натуральным спосабам фарміруецца балота.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:yushkevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/torf
[5] https://zviazda.by/be/tags/mihail-shut
[6] https://zviazda.by/be/tags/torfapradpryemstva-glinka
[7] https://zviazda.by/be/tags/torfapradpryemstva
[8] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-baloty
[9] https://zviazda.by/be/tags/balota