Больш за 700 удзельнікаў рознага ўзросту з Беларусі, Польшчы, Расіі, Латвіі, Літвы і нават Аўстраліі сабраў ужо традыцыйны міжнародны веламарафон «Суседзі» ў наваколлі Аўгустоўскага канала.
Бен Філіпс і Эма Дылісан (на фота), падарожнічаючы па Еўропе, даведаліся пра гэты веламарафон і вырашылі ў ім паўдзельнічаць. На сваіх веласіпедах яны замацавалі цацачных каалу і кенгуру — сімвалы Аўстраліі.
— Пабываць у такой выдатнай кампаніі і разам з тым убачыць прыгажосць вашай цудоўнай краіны — гэта проста супер! — такія ўражанні засталіся ў гасцей з зялёнага кантынента.
Арганізатары веламарафону — грамадскае аб'яднанне «ВелаГродна» і Гродзенскі райвыканкам падрыхтавалі 4 дыстанцыі — марафон (65 кіламетраў), паўмарафон (39 км), міні-марафон (39 км) і дзіцячы заезд на 200 метраў. Усе маршруты праходзілі не толькі па асфальце, але і па грунтовых дарогах, лясных сцяжынках, была і водная перашкода. Прызёраў ва ўсіх узроставых катэгорыях узнагародзілі арыгінальнымі медалямі, прызамі ад спонсараў. Пераможца марафону ў катэгорыі Open атрымаў планшэт, а галоўным прызам латарэі сярод удзельнікаў быў, зразумела, веласіпед.
Дарэчы, веламарафон «Суседзі» можа атрымаць трансгранічны статус, бо цяпер у фінальнай стадыі работа па афармленні міжнародных працэдур, каб пагранічным пунктам пропуску «Лясная-Рудаўка» на Аўгустоўскім канале маглі карыстацца не толькі турысты-воднікі, а таксама пешаходы і веласіпедысты.
Барыс ПРАКОПЧЫК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:prakopchіk@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/velamarafon-susedzi
[5] https://zviazda.by/be/tags/augustouski-kanal
[6] https://zviazda.by/be/tags/velasipedysty
[7] https://zviazda.by/be/tags/velagrodna
[8] https://zviazda.by/be/tags/grodzenski-rayvykankam
[9] https://zviazda.by/be/tags/lyasnaya-rudauka