Сёння ў Францыі павінна было завяршыцца дзеянне рэжыму надзвычайнага становішча, уведзенае пасля нападаў у Парыжы ў лістападзе мінулага года. Краіна двойчы падаўжала яго: апошні раз — да 26 ліпеня, каб без эксцэсаў правесці Еўра-2016 і гонкі Тур дэ Франс (завяршыліся ў мінулую нядзелю). Але... «Мы не можам прадоўжыць надзвычайнае становішча на няпэўны тэрмін, у гэтым няма сэнсу. Гэта азначала б, што мы больш не з'яўляемся рэспублікай, у якой пануе вяршэнства закона пры любых абставінах», — заявіў прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд у Дзень узяцця Бастыліі. А ўвечары ў Ніцы вар'ят на грузавіку задушыў на Англійскай набярэжнай 84 чалавекі...
Дзеянне рэжыму надзвычайнага становішча ў Пятай рэспубліцы працягнута яшчэ на паўгода — да 26 студзеня 2017-га. Чаму Францыя стала галоўнай мішэнню для тэрарыстаў?
Ваколіцы Рэспублікі
Спачатку колькі красамоўных лічбаў. З чатырох тысяч еўрапейцаў, якія на баку баевікоў «Ісламскай дзяржавы» (ІД) удзельнічалі ў блізкаўсходнім канфлікце, паўтары тысячы складалі прадстаўнікі мусульманскай абшчыны Францыі. Цяпер яны, як сцвярджаюць шэраг аналітыкаў, быццам бы вярнуліся дадому і пачалі наводзіць парадкі, да якіх прывыклі за час тэрарыстычнай вайны на Блізкім Усходзе. Магчыма, гэта сапраўды так. Аднак у чым прычына нянавісці ісламістаў менавіта да Францыі?
Кіраўнік блізкаўсходніх даследаванняў Брукінгскага інстытута прафесар Дэніэл Байман у сваім артыкуле ў часопісе Slate піша, што пасля тэрактаў, учыненых алжырскай ісламскай групоўкай ў 1990-я гады, Пятая рэспубліка стала прытрымлівацца жорсткай пазіцыі ў дачыненні да тэрарызму. «З таго часу Францыя — суровы і дасведчаны вораг для прыхільнікаў джыхаду па ўсім свеце, — адзначае прафесар Байман. — Краіна рашуча прымае ўдзел у падзеях на Блізкім Усходзе — у прыватнасці, яна ўваходзіць у кааліцыю па барацьбе з ІД. Акрамя таго, Францыя правяла паспяховую, з пункту гледжання эксперта, ваенную аперацыю супраць ісламістаў у Малі».
І ўсё ж першапрычына, з пункту гледжання прафесара, заключаецца ў тым, што свецкая Францыя, прыняўшы вялікую масу мусульманскіх мігрантаў, толькі на першую пару паклапацілася пра іх належным чынам. Гуманітарная трагедыя перасяленцаў стала ператварацца ў пагрозу нацыянальнай бяспецы Францыі. На першы погляд, гэтая выснова Дэніэла Баймана пра неэфектыўнасць дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да мігрантаў крыху дысануе з устойлівым меркаваннем, што Францыя — краіна мультыкультуралізму і высокай верацярпімасці. Аднак яшчэ пяць гадоў таму ўплывовы французскі аналітычны цэнтр «Інстытут Мантэня» правёў даследаванне па чатырох пытаннях, што ўяўляюць прадмет спрэчкі аб французскай нацыянальнай ідэнтычнасці: іслам, іміграцыя, ідэнтычнасць і бяспека. Разам з пяццю іншымі французскімі даследчыкамі над гэтым на працягу года працаваў вядомы палітолаг і спецыяліст па мусульманскім свеце Жыль Кепель — кіраўнік праекта. Вынікам іх працы стаў 2200-старонкавы даклад «Banlіeue de la Rеpublіque» («Прыгарады Рэспублікі»). Назва вельмі характэрная. Справа ў тым, што асноўнае даследаванне праводзілася ў двух прыгарадах на паўночным усходзе Парыжа: Клішэ-су-Буа і Манфермеле. Тут быў эпіцэнтр мусульманскіх пагромаў 2005 года. У гэтай частцы Парыжа адна з самых высокіх канцэнтрацый мусульман у Францыі. Клішэ і Монфермеле ўваходзяць у раён Сан-Сен-Дэні, які ў дакладзе названы «пусткаю дэіндустрыялізацыі». Колькасць насельніцтва Сан-Сен-Дэні — 1,4 млн чалавек. Мусульман тут жыве больш за 600 тысяч — пераважна з Паўночнай і Заходняй Афрыкі (дарэчы, насельніцтва Парыжа, паводле апошніх афіцыйных звестках, складае каля 2,3 млн чалавек.)
Аўтары дакладу (нагадаю, даследаванне датуецца 2011 годам) сцвярджалі: Францыя на мяжы сацыяльнага выбуху. Мусульманская супольнасць тут самая вялікая ў Еўрапейскім саюзе. Афіцыйна яе колькасць вызначаюць у 4,2 млн чалавек — 6,9% насельніцтва (дарэчы, у суседняй Германіі прыхільнікі ісламу складаюць 3,7% насельніцтва, а ў заакіянскіх Злучаных Штатах Амерыкі — 1,5%.) Даследчыкі з групы Жыля Кепеля называюць іншую лічбу — у Францыі ад пяці да шасці мільёнаў мусульман, іншыя аналітыкі кажуць і пра 8 млн. Розніца тлумачыцца проста — у некаторых раёнах трэць насельніцтва гарадоў не мае французскага грамадзянства.
Без дыплома
Пасля распаду французскай каланіяльнай імперыі ў 1950–1960-я гады некаторыя жыхары калоній, лаяльныя метраполіі, пераехалі з Азіі (у першую чаргу з Французскага Індакітая) і Афрыкі (у асноўным з Паўночнай) на тэрыторыю Пятай рэспублікі. Пераважная іх большасць атрымала французскае грамадзянства, такім чынам іх дзеці сталі французскімі грамадзянамі па нараджэнні. У перыяд эканамічнага ўздыму ў 1960-я ў Францыю таксама ўехала значная колькасць жыхароў былых калоній — у якасці таннай працоўнай сілы. Частка з іх пасля атрымала французскае грамадзянства. У тым ліку — нашчадкі перасяленцаў з краін Міжземнамор'я і Лацінскай Амерыкі, якія не ўваходзілі ў французскую каланіяльную імперыю.
Пры гэтым ісламская супольнасць не з'яўляецца традыцыйнай часткай дзяржавы. Яна ўся «імпартаваная» за апошняе паўстагоддзе. Большая частка французскіх мусульман жыве кампактна ў прыгарадах Парыжа, раёнах Марсэля і іншых буйных гарадоў, практычна лакалізаваная ў гета. Значная колькасць імігрантаў, як маламаёмныя, засяродзілася да пачатку 1980-х у кварталах з танным жыллём, якія былі пабудаваны ў 1960-я гады. У выніку гэтыя кварталы сталі набываць выгляд гета (з прыкметнай перавагай араба-берберскага і афрыканскага па паходжанні насельніцтва).
Па статыстыцы колькасць карэнных французаў, якія жывуць ніжэй за ўзровень беднасці, складае 10,6% насельніцтва, тады як сярод імігрантаў іх цэлых 28,5%, а ў некаторых раёнах даходзіць да 33,5%. Цесната і рэгіянальная абмежаванасць пражывання імігрантаў спрыяюць росквіту ўсякага роду негатыўных з'яў: крадзеж, гандаль наркотыкамі, бардэлі і іншыя крымінальныя «промыслы». Але самае сумнае — у такіх умовах зусім не працуе ні прынцып «плавільнага катла», ні «мультыкультуралізму». Вакол французскай сталіцы ўтварыліся, па сутнасці, калоніі чужынцаў, якія абвінавачваюць карэнных жыхароў краіны ва ўсіх бедах. З цягам часу тут зарадзіўся ўстойлівы прынцып: не ўдзельнічаць не толькі ў палітычным і сацыяльна-культурным жыцці Францыі, але і наогул успрымаць французаў як чужынцаў, ашуканцаў і ворагаў, якія завабілі і кінулі імігрантаў і іх дзяцей на чужыне на волю лёсу.
У краіне сфарміравалася паралельнае мусульманскае грамадства, якое не збіраецца інтэгравацца ў мясцовы сацыяльны асяродак. Яно знаходзіць сябе ў ісламскай ідэнтычнасці, дзе пануе закон шарыяту і ідэі радыкальных мусульманскіх лідараў. Старыя гарадскія прыгарады ў Францыі становяцца «аўтаномнымі ісламскімі суполкамі», адрэзанымі ад дзяржавы. Былі спробы інтэграваць іх у французскае грамадства. Скончылася ўсё заклікамі да ўзаемнай цярпімасці і неўмяшання ў жыццё суполак.
Перашкодай для інтэграцыі мусульман у мясцовы асяродак былі не толькі рэлігійныя і этнічныя адрозненні, але і сацыяльныя. Характэрнай прыкметай мігранцкіх абшчын быў нізкі ўзровень адукацыі, даходаў і нават матывацыі да працы. Францыя падтрымала іх дапамогамі, сацыяльнымі выплатамі, але гэта не змяніла агульную сітуацыю. Як адзначаюць даследчыкі, штогод дзясяткі тысяч маладых жыхароў тых жа Клішэ і Манфермеле пакідаюць школу без дыплома. У сучаснай эканоміцы неадукаванаму чалавеку няпроста знайсці годную працу. Таму ў прыгарадах Парыжа ўзровень беспрацоўя сярод мусульманскай моладзі набліжаецца цяпер да 50 працэнтаў.
Людзі становяцца залежнымі не толькі ад дзяржаўных сацыяльных дапамог, але і ад фінансавай падтрымкі з-за мяжы — з краін, якія пераследуюць свае ўласныя мэты. Праваднікамі адпаведнай палітыкі сталі радыкальныя ісламскія лідары, мясцовыя прапаведнікі, імамы. Як лічыць супрацоўнік Мадрыдскай групы стратэгічных даследаванняў С'ер Керн, цяпер большасць з 2100 зарэгістраваных у Францыі мячэцяў цесна звязаны з радыкальнай групоўкай «Браты-мусульмане». Яе мэта — распаўсюдзіць ісламскія законы на ўсю тэрыторыю Францыі. Зрэшты, мэты «Братоў-мусульман» выходзяць далёка за межы Пятай рэспублікі.
Пытанне без адказу
Ёсць у Пятай рэспубліцы яшчэ адна асаблівасць, якой, мабыць, няма ні ў адной еўрапейскай краіне: складнікам французскай нацыянальнай ідэалогіі з'яўляецца «лаіцызм» — дактрына свецкасці (laїcіte), якая ўведзена ў адпаведнасці з законам 1905 года. Дзяржава жорстка аддзелена ад усіх рэлігійных арганізацый. Свецкі характар рэспублікі ўспрымаецца як ідэнтычнасць французаў і, больш за тое, як гонар.
Сутыкнуўшыся з актыўным распаўсюджваннем ісламізму, французскі ўрад яшчэ ў пачатку 2000-х увёў так званую палітыку секулярызму. Гэтая ідэалогія вельмі блізкая да крайняга атэізму, адхіляе любыя багаслоўскія сістэмы. Адмаўляючы рэлігію ў прынцыпе, секулярызм выступае за сацыяльны прагрэс і паляпшэнне ўмоў жыцця. Не ведаю, як наконт прагрэсу, затое адкрылася новае поле дзейнасці для ісламскіх прапаведнікаў, якія ўжо паспяхова іграюць на сацыяльных праблемах мусульманскай абшчыны.
«Цяпер тэракты праводзяцца ў рамках індывідуальнага джыхаду, — заўважае прэзідэнт расійскага Інстытута Блізкага Усходу Яўген Сатаноўскі. — У інтэрнэт запушчана дастаткова інфармацыі, каб ператварыць у тэрарыстаў любую колькасць людзей, якія хочуць быць тэрарыстамі. З рэкамендацыямі, што ім для гэтага трэба рабіць. Сацыяльныя сеткі, флэшмобы — гэта ўжо даўно выйшла на самараскрутку. І даўно ўжо частка нашага побыту. А еўрапейскія палітыкі гэтага не разумеюць».
Відавочна, што адным французам не справіцца з бядой, што іх апанавала. Поспех барацьбы ў ёй залежыць зараз ад агульных намаганняў усіх краін Еўрасаюза. Ці атрымаецца гэтага дабіцца? Пытанне, на якое пакуль няма адказу ...
Захар БУРАК
burak@zvіazda.by [4]
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] mailto:burak@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/francyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/teraryzm
[7] https://zviazda.by/be/tags/terarysty
[8] https://zviazda.by/be/tags/terakt-u-nicy
[9] https://zviazda.by/be/tags/islamskaya-dzyarzhava
[10] https://zviazda.by/be/tags/islamisty
[11] https://zviazda.by/be/tags/baracba-z-teraryzmam