Як паказала апытанне, праведзенае у сацыяльнай сетцы «УКантакце» сярод абітурыентаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, большасць з іх выбралі педагагічную прафесію свядома.
«Што паўплывала на ваша рашэнне паступіць у вядучы педагагічны ўніверсітэт краіны — БДПУ?» — так гучала пытанне. Каля 40% учарашніх школьнікаў адказалі, што з дзяцінства марылі стаць педагогамі. Каля 12% зрабілі свой выбар па рэкамендацыі бацькоў. Больш як 10% абітурыентаў вырашылі працягнуць педагагічную дынастыю і яшчэ такой жа колькасці выпускнікоў выбар дапамог зрабіць іх школьны настаўнік.
Як адзначаюць у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, вынікі ўступнай кампаніі гэтага года радуюць. Усяго сюды было пададзена амаль 2600 заяў, конкурс сфарміраваўся на ўсіх спецыяльнасцях бюджэтнай формы навучання (дзённай і завочнай) у сярэднім 2 чалавекі на месца. У выніку БДПУ на 100% выканаў план прыёму на бюджэтныя месцы, прычым зроблена гэта было без абвяшчэння дадатковага набору.
Самыя высокія конкурсы на дзённую бюджэтную форму навучання склаліся на спецыяльнасцях «Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)»— 12,6 чалавека на месца, «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)» — 7,8 чалавека на месца, «Псіхалогія» — 6,9 чалавека на месца, «Практычная псіхалогія» — 2,8 чалавека на месца, «Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць» — 2,7 чалавека на месца, «Лагапедыя» — 2,4 чалавека на месца, «Пачатковая адукацыя», «Біялогія і хімія» — 2,2 чалавека на месца.
Самыя высокія прахадныя балы па дзённай форме навучання: 329 — на спецыяльнасці «Лагапедыя», 323 — на спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка», 289 — на спецыяльнасцях «Сурдапедагогіка» і «Руская мова і літаратура. Замежная мова», 287 — на спецыяльнасці «Практычная псіхалогія», 288 — на спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы».
Па большасці спецыяльнасцяў дзённай і завочнай формаў навучання прахадныя балы выраслі ў параўнанні з 2015 годам. Так, на дзённай форме навучання на спецыяльнасці «Лагапедыя» прахадны бал вырас адразу на 50 пунктаў, на спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова» — на 49.
Увагі заслугоўвае і яшчэ адна цікавая тэндэнцыя: нягледзячы на тую акалічнасць, што прафесія настаўніка паступова пераўтварылася ў жаночую, сёлета вырасла колькасць юнакоў, якія вырашылі звязаць сваю прафесійную будучыню менавіта з педагогікай. У прыватнасці, сярод тых, хто паступіў на факультэт прыродазнаўства, мужчыны складаюць 30% ад агульнай колькасці, на фізіка-матэматычным і гістарычным факультэтах мужчын больш як 40%, а на факультэце фізічнага выхавання — каля 60%.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/nastaunik
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzhchyna-nastaunik
[7] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-dzyarzhauny-pedagagichny-universitet-imya-maksima-tanka