Гэтым разам найбуйнейшы сусветны спартыўны турнір прымала не сталіца, а невялікі гарадок непадалёк ад Мінска — Заслаўе. У Беларусі сабралася рэкордная колькасць удзельнікаў — больш за тысячу спартсменаў з 62 краін. Сярод іх такія экзатычныя, як Эквадор, Філіпіны і Макаа, і такія далёкія, як, напрыклад, Канада і Бразілія. Нягледзячы на нядаўнія балючыя пытанні і неразуменне з боку Міжнароднай федэрацыі веславання, якія закранулі нашу краіну, арганізацыя гэтага чэмпіянату з боку краіны-гаспадыні зноў была на найвышэйшым узроўні.
Да найбуйнейшага спартыўнага форуму ў Заслаўі быў пабудаваны новы мост, які злучае тэрыторыю вяслярнага канала з трасай, арганізавана паркоўка для аўтамабіляў, а таксама трыбуна, якая ўмяшчае каля 800 гледачоў. Акрамя таго, з'явіліся кропкі выязнога гандлю, дзе можна было як набыць сувернірную прадукцыю, так і пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні. Адным словам, створаны ўсе ўмовы і для беларускіх балельшчыкаў, і для гасцей.
— Першынство прайшло на высокім узроўні. Дзякуй арганізатарам за іх працу ў паспяховай падрыхтоўцы чэмпіянату. Я думаю, у кожнага застануцца добрыя ўражанні і цёплыя ўспаміны пра турнір і пра Беларусь, — сказаў на цырымоніі закрыцця першы віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі каноэ Іштван ВАШКУЦІ.
Акрамя таго, быў адзначаны і высокі ўзровень самога вяслярнага канала, гэта пацвердзіў старшыня тэхнічнай камісіі чэмпіянату Енс КАЛЬ:
— Канал у Заслаўі адпавядае ўсім крытэрыям для правядзення такіх маштабных спаборніцтваў, беларусы выдатна справіліся з арганізацыяй.
Здаецца, задаволеныя засталіся і балельшчыкі, у гэтыя дні ў Заслаўі іх было шмат. Не толькі новая трыбуна была запоўнена да адказу, многія размясціліся проста на траве па баках фінішнага створу дыстанцыі. Пераважная большасць аматараў спорту, якія наведалі канал у выхадныя, вядома, — беларусы, але сустракаліся і цэлыя групы гасцей з суседніх краін, у асноўным гэта балельшчыкі з Расіі і Казахстана.
Не падвялі і галоўныя дзеючыя асобы чэмпіянату — спартсмены. На дыстанцыі разгарнулася па-сапраўднаму захапляльная барацьба, і гледачы, і спецыялісты яшчэ ў першы дзень турніру адзначылі высокае спаборніцкае напружанне і выдатныя вынікі, якія паказваюць весляры нават у кваліфікацыйных заездах.
Першыя медалі ў капілку нашай зборнай прынеслі канаісткі Алена Ноздрава і Надзея Макарчанка, якія перамаглі на дыстанцыі 500 м. Пазней дзяўчаты сталі рэкардсменкамі па колькасці залатых узнагарод. На іх рахунку цэлыя чатыры медалі вышэйшай пробы.
— Удалы для нас з Надзяй сезон, шмат перамагалі і тут, і на іншых міжнародных стартах. Правялі добрую работу зімой і вясной, таму так усё выдатна атрымалася, — адзначыла Алена Ноздрава.
Чэмпіёнамі свету таксама сталі Дарына Пікулева і Каміла Бобр (каноэ-двойка на 200 м сярод дзяўчат да 23 гадоў), Мікіта Санько, Уладзіслаў Суханосаў, Станіслаў Дайнека, Ілья Федарэнка (байдарка-чацвёрка на 1000 м сярод юніёраў), Аляксей Місючэнка, Георгій Анікін, Кірыл Нікіцін, Максім Зайцаў (байдарка-чацвёрка на 1000 м сярод моладзі да 23 гадоў). Акрамя таго, у актыве беларускай каманды і пяць сярэбраных узнагарод.
Такі вынік беларускай моладзі кажа пра тое, што ў айчыннага веславання ёсць будучыня, а за спінамі нашых славутых чэмпіёнаў — братоў Багдановічаў і Кацярыны Карстэн — вырасла выдатная змена.
На турніры прысутнічалі і нашы першыя героі, першыя алімпійскія чэмпіёны Беларусі, вядомыя весляры Сяргей МАКАРАНКА і Леанід ГЕЙШТАР.
— Атмасфера, як заўсёды, вельмі цёплая, — кажа Сяргей Лаўрэнцьевіч, — прыехала вельмі шмат гасцей, з якімі спаборнічалі на дыстанцыі яшчэ мы ў свой час. Арганізацыя чэмпіянату на найвышэйшым узроўні, але гэта ўжо нават нікога і не здзіўляе, бо беларускаму народу характэрная такая рыса, як гасціннасць. Прыемна, што традыцыі айчыннага веславання, якія ўзялі свой пачатак яшчэ недзе ў 50-х, існуюць і па сённяшні дзень. Вынікі гэтага чэмпіянату паказалі, што ў нашых алімпійскіх чэмпіёнаў ёсць змена, а сакрэт гэтага, перш за ўсё, у тым, што не сышлі старыя трэнеры.
Размовы аб маючых адбыцца Алімпійскіх гульнях — гэта адна з асноўных тэм, якія абмяркоўваліся на чэмпіянаце ў Заслаўі. Менш чым за тыдзень да старту Гульняў па-ранейшаму застаюцца пытанні па складзе ўдзельнікаў спаборніцтваў па веславанні.
— Я асабіста папрасіў нашых дзяўчат адпомсціць за мужчынскую каманду, — кажа Сяргей Макаранка. — Бо тое, як абышліся з нашымі спартсменамі — гэта сапраўднае бязладдзе, абуральная несправядлівасць.
У заканчэнні адзначым, што па выніках чэмпіянату ў Заслаўі лепшай камандай у агульным медальным заліку прызнана Венгрыя, лепшай камандай у жаночым каноэ — Беларусь, у мужчынскім каноэ — Расія, лепшыя каманды ў мужчынскай і жаночай байдарцы — Венгрыя.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/veslavanne-na-baydarkah-i-kanoe
[5] https://zviazda.by/be/tags/zaslaue
[6] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat
[7] https://zviazda.by/be/tags/kamanda
[8] https://zviazda.by/be/tags/peramoga
[9] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-moladz