Рашэнне аб тым, які ўкраінскі горад стане гаспадаром міжнароднага тэлевізійнага конкурсу песні «Еўрабачанне-2017», адкладзена на няпэўны час. Аб гэтым днямі афіцыйна заявіў міністр культуры Украіны Яўген Нішчук, спаслаўшыся на «цяжкасці фінансавага характару», што ўзніклі ў працэсе выбару. Неафіцыйна ж крыніцы, блізкія да аргкамітэта, сцвярджаюць, што Еўрапейскі вяшчальны саюз запатрабаваў больш важкіх гарантый бяспекі ўсіх удзельнікаў будучага мерапрыемства.
Нагадаем, Украіна атрымала права правядзення прэстыжнага міжнароднага шоу пасля сёлетняй перамогі [5] на ім спявачкі Джамалы. У фінальны этап маштабнага тэлепраекта «Бітва гарадоў» за арганізацыю «Еўрабачання-2017» прайшлі тры з шасці гарадоў-прэтэндэнтаў: Кіеў, Адэса і Днепр. Паводле слоў выканаўчага прадзюсара Еўрапейскага вяшчальнага саюза Ёна Ола Санда, па выніках інспекцыі ЕВС кожны з іх атрымаў пэўныя заўвагі і рэкамендацыі, а таксама дадатковы час для паляпшэння сваіх заявак. Такім чынам, адбор працягваецца, а які горад налета прыме некалькі дзясяткаў дэлегацый з розных краін і артыстаў — удзельнікаў шоу, канчаткова стане вядома цягам жніўня.
Між тым у шэрагу краін, якія пацвердзілі свой удзел у конкурсе 2017 года — а такіх ужо больш як 20 — пачаліся ўнутраныя конкурсы сярод аўтараў і выканаўцаў песень. Прынамсі стартавалі нацыянальныя адборы ў Нарвегіі і Швецыі, названы папярэднія даты адбораў Фінляндыі, Швейцарыі і Эстоніі. Беларусь жа на гэты момант яшчэ не пацвердзіла, але і не абвергла ўдзел у «Еўрабачанні-2017».
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/muzyka
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] http://zviazda.by/be/news/20160515/1463294438-na-eurabachanni-2016-peramagla-ukraina
[6] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-2017
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzhamala
[8] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne
[9] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen