У жніўні пачынаецца гарачая пара для брэндаў. Стартавала народнае галасаванне прэміі спажывецкага прызнання «Народная Марка». Дзякуючы ёй ужо чацвёрты раз вызначацца лідары сярод гандлёвых марак Беларусі. Як адзначыла прадзюсар прэміі Алена Усціновіч, за тры папярэднія гады мерапрыемства дапамагло вытворцам лепш зразумець пажаданні беларускіх спажыўцоў.
З кліентам трэба размаўляць
На думку арганізатараў, удзел у галасаванні спажыўцоў дае магчымасць кампаніям атрымаць неабходную зваротную сувязь. Справа ў тым, што анкеты ўтрымліваюць толькі спіс намінацый, без варыянтаў адказу. Назвы гандлёвых марак спажыўцы ўносяць самастойна. А для таго, каб стымуляваць людзей прыняць удзел у галасаванні, арганізатары праводзяць розыгрыш прызавога фонду прэміі — 10 залатых і 100 сярэбраных зліткаў, а таксама 100 квіткоў на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання пераможцаў — канцэртнае шоу «Народная Марка», якое пройдзе 1 снежня з удзелам зорак беларускай эстрады.
Варта адзначыць, што вытворцы прадукцыі, якія ўдзельнічаюць у прэміі, таксама атрымліваюць важныя звесткі ў выглядзе маркетынгавых даследаванняў, дзякуючы якім змогуць выбудоўваць сваю далейшую стратэгію паводзін на рынках. Напрыклад, па інфармацыі арганізатараў прэміі, прыхільнасць беларускага спажыўца да пэўнай гандлёвай маркі з часам захоўваецца ў большасці намінацый. Брэнды-лідары не мяняліся на працягу трох гадоў у 85,71% намінацый харчовых тавараў, 80% — нехарчовых тавараў і 68,75% — паслуг. Большасць беларусаў аддае перавагу таварам беларускіх марак, прычым на працягу трох гадоў назіраецца станоўчая дынаміка: 86%, 92% і 93%.
Калі ўнікнуць у даследаванні крыху глыбей, таксама становіцца зразумелым, што сярод найбольш улюбёных беларусамі гандлёвых марак 85% — брэнды, якія з'явіліся на рынку да 2000 года, 14% — з'явіліся ў 2000—2010 гадах і толькі 1% — пасля 2010 года.
«Аднак ужо цяпер ёсць шэраг актыўных на рынку кампаній, што вырабляюць якасную прадукцыю, якая дазволіла ім за кароткі прамежак часу канкурыраваць з брэндамі-ветэранамі», — заўважыла Алена Усціновіч.
З'яўленне такіх фірмаў стала магчымым дзякуючы актыўнаму выкарыстанню беларускімі прадпрыемствамі тэхналогій прасоўвання сваіх тавараў і паслуг. На думку Алены Усціновіч, канкурэнтаздольнасць шмат у чым залежыць ад маркетынгу і дыялогу са спажыўцом. Вынікі анкет дапамагаюць больш актыўна рэагаваць на пасылы, якія дыктуе час.
Народнае галасаванне сёлета праходзіць у 2 этапы: з 1 па 31 жніўня ў 54 намінацыях харчовых тавараў і з 1 па 30 верасня ў 70 намінацыях нехарчовых тавараў і паслуг. Тыраж анкет, якія размяшчаюцца для галасавання ў друкаваных СМІ, складае больш за 2 млн копій, акрамя таго, вядзецца электроннае галасаванне на сайце прэміі.
Рэклама ўтрымае бізнес на плаву
Кансультант Упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства гандлю Іна Гаўрыльчык падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай старту народнага галасавання прэміі «Народная Марка», адзначыла, што беларускія тавары сёння маюць вялікую патрэбу ў прасоўванні як на ўнутраным, так і на знешнім рынку. Кажучы пра беларускую рэкламу, яна таксама падкрэсліла, што яе якасць расце з года ў год і дазваляе прадукцыі быць больш прыкметнай і хутчэй даходзіць да пакупніка.
«Хацелася б таксама адзначыць, што ў крызісныя часы існуе меркаванне, нібыта трэба скарачаць рэкламныя бюджэты. Аднак, як паказвае практыка, у часы вялікай канкурэнцыі менавіта рэклама «выцягвае» многія прадпрыемствы на добры ўзровень продажаў», — дадала Іна Гаўрыльчык.
Па яе словах, прэмія «Народная Марка» будзе садзейнічаць папулярызацыі беларускіх тавараў, бо па выніках апытанняў вытворцы змогуць зразумець, наколькі запатрабавана іх прадукцыя сярод пакупнікоў.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Валерый Барадзеня з самага з'яўлення прэміі ўваходзіць у яе назіральны савет. Ён лічыць, што, нягледзячы на існаванне ў краіне немалой колькасці аналагічных мерапрыемстваў, «Народная Марка» выступае як найбольш аб'ектыўная прэмія спажывецкага прызнання.
«Трэба сказаць, што мы пацэлілі ў самую кропку, калі распрацоўвалі метадалогію падліку вынікаў — бо тая інфармацыя, якая атрымліваецца пасля апрацоўкі анкет, дазваляе беларускім вытворцам зразумець, якое яны займаюць месца ў свядомасці спажыўца. Калі нехта займае значнае месца, то яму лягчэй перажываць любыя змены ў эканоміцы», — адзначыў Валерый Барадзеня.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] http://krуzhеvісh@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/narodnaya-marka
[5] https://zviazda.by/be/tags/brendy
[6] https://zviazda.by/be/tags/gandlyovyya-marki
[7] https://zviazda.by/be/tags/vytvorcy