Гульні ў Бразіліі ўжо стартавалі, прайшла ўрачыстая цырымонія адкрыцця, а значыць, алімпійскі агонь запалены і спартсмены гатовыя ўступіць у барацьбу. Спаборніцкая праграма Алімпіяды была адкрыта мужчынскім футбольным турнірам учора і працягнецца ўжо сёння. У суботу самы час «уключацца» ў Гульні і беларускім аматарам спорту, таму што свае выступленні ў Рыа пачынаюць прадстаўнікі нашай краіны.
Сёння з удзелам беларусаў пройдуць кваліфікацыйныя турніры па акадэмічным веславанні, спартыўнай гімнастыцы, плаванні, боксе, настольным тэнісе, а таксама адбудзецца мужчынская шашэйная групавая гонка. У ноч з суботы на нядзелю ў барацьбу ўступяць беларускія баскетбалісткі. Свой першы матч яны правядуць з саперніцамі з Японіі.
Напярэдадні першых навінаў ад нашай алімпійскай дэлегацыі раскажам пра самыя цікавыя факты старажытных Алімпіяд. Летнія Гульні ў Бразіліі 31-я па ліку, аднак адлік тычыцца толькі сучаснасці і вядзецца з 1896 года. Да гэтага было праведзена каля трохсот старажытных Алімпійскіх гульняў.
* Старажытныя спартсмены спаборнічалі на Алімпіядзе будучы цалкам голымі.
* Удзельнічаць у Алімпіядзе і глядзець яе маглі толькі мужчыны.
* Ужо ў старажытнасці Алімпійскія гульні былі вельмі значнай падзеяй, на час іх правядзення дзяржавы, якія ваявалі, заключалі паміж сабой мір.
* Раней на Гульнях было вельмі мала правілаў. Не было ніякіх вагавых катэгорый і адзінак вымярэння, а таксама не засякаўся час, таму што ў суддзяў тых часоў былі толькі пясочныя гадзіннікі. Перамагаў той, хто быў хутчэйшым або мацнейшым.
* На старажытных Алімпіядах быў такі від барацьбы — панкратыён. Можна сказаць, што гэта былі самыя першыя баі без правілаў. Існавала толькі два законы: нельга было кусацца і выдзіраць саперніку вочы. Калі байцы парушалі гэтыя ўмовы, то суддзі білі іх палкамі. Дарэчы, старажытнагрэчаскі філосаф Платон аднойчы быў пераможцам спаборніцтваў па падобнай барацьбе.
* Першыя сучасныя Алімпійскія гульні былі праведзены ў Грэцыі ў 1896 годзе, прычым спартыўныя дысцыпліны там былі досыць дзіўнымі і недарэчнымі, напрыклад перацягванне каната, штурханне каменя, скачкі з месца ў вышыню і плаванне з перашкодамі. Спартсменам трэба было праплыць пэўную дыстанцыю па рацэ, пераадольваючы пры гэтым бярвёны, якія плаваюць у ёй.
* У першыя 30 гадоў існавання Алімпіяд узнагароды атрымлівалі не толькі спартсмены, але і мастакі, паэты, скульптары, якія ў сваёй творчасці закраналі тэму спорту.
* Залатыя медалі, якія ўручаюцца пераможцам Гульняў, на самай справе ў сваім складзе маюць толькі 1% золата, усё астатняе — гэта серабро альбо іншыя сплавы.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyady
[5] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyada-u-rya
[6] https://zviazda.by/be/tags/braziliya
[7] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya-alimpiyskih-gulnyau