У зоне адсялення Добрушскага раёна дзяржінспектары Гомельскай міжрайінспекцыі разам з супрацоўнікамі міліцыі затрымалі мужчыну, які сеткамі лавіў рыбу на возеры Равучым. З нелегальным уловам — 12 кілаграмамі рыбы — ён ужо выправіўся дадому на матацыкле.
— У 2013 годзе за здабычу рыбы пры дапамозе электралавільнай устаноўкі ён быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі, — паведаміла «Звяздзе» прэс-сакратар Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Вольга Грамовіч. — Сёлета ў студзені ён прыцягваўся за лоўлю сеткамі да адміністрацыйнай адказнасці. Яго незаконны ўлоў ацэнены ў больш як 4 тысячы рублёў «новымі». У адносінах да рыбака-нелегала заведзена крымінальная справа, а матацыкл канфіскаваны. За тры гады мужчына расстаўся ўжо з чатырма матацыкламі. Транспартныя сродкі ў яго канфіскоўвалі як за перавозку незаконных уловаў, так і за ваджэнне нападпітку. Што цікава, пасведчання кіроўцы затрыманы не меў.
Дарэчы. Рыбалка ў зоне радыяцыйнага забруджвання забаронена і з'яўляецца грубым парушэннем правілаў, таму нанесеная з-за такога промыслу шкода налічваецца ў трайным памеры.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/brakaner-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/ryba
[7] https://zviazda.by/be/tags/volga-gramovich-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhaunaya-inspekcyya-ahovy-zhyvyolnaga-i-raslinnaga-svetu-pry-prezidence-belarusi