Пачатак года быў для айчынных заводаў складаным — за першы квартал Беларусь прадала іх на суму, якая складае 99 працэнтаў ад прададзеных за аналагічны перыяд мінулага года. Аднак ужо ў другім квартале прадпрыемствы здолелі павялічыць экспарт прадукцыі ў краіны Еўропы на 70 працэнтаў, таму па выніках першага паўгоддзя краіна рэалізавала будматэрыялаў на суму ў 109 працэнтаў ад аналагічнага леташняга перыяду.
«У асноўным, усе нашы еўрапейскія кантракты маюць доўгатэрміновы характар, многія ўключаюць у сябе яшчэ і магчымасць падаўжэння, — паведаміў міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны. — Таму, лічу, што ў гэтым кірунку праведзена вялікая праца». Галоўныя будматэрыялы, якія экспартуе Беларусь, — шкло і цэмент. Асноўныя іх пакупнікі — Германія, Нідэрланды, Польшча, Венгрыя. Вялікага прагрэсу дасягнулі ў экспарце ў Калінінградскую вобласць Расіі.
Што датычыцца экспарту паслуг, то па гэтым паказчыку мы пакуль адстаём ад лічбаў мінулага года — усяго 88,6 працэнта ад леташняга аб'ёму. Тым не менш вялікія праекты ў Расіі для беларусаў застаюцца актуальнымі. У верасні распачнецца будаўніцтва новага дома ў Калузе, які стане першым у цэлым «беларускім квартале».
Адказаў Анатоль Чорны і на пытанне аб дэфіцыце цэменту, з якім сутыкнуліся цяпер беларускія будаўнічыя прадпрыемствы. «Магутнасцяў нашых заводаў для забеспячэння ўнутранага рынку хапае, — сказаў ён. — Аднак унутранае спажыванне цэменту ў пачатку года было вельмі нізкім, гэта і падштурхнула нас да пошуку новых рынкаў за мяжой. Павялічылі экспарт з 80 да 180 тысяч тон, удалося скараціць складскія запасы. А пасля гэтага ўзнік ажыятажны попыт з боку нашых прадпрыемстваў. Яны прывыклі атрымліваць тавар імгненна, а плаціць потым. Сумарная запазычанасць айчынных забудоўшчыкаў па цэменце цяпер складае 1 трыльён недэнамінаваных рублёў. Таму нам прышлося патрабаваць ад іх перадаплату. Акрамя таго, мы ўжо не маглі адмовіцца ад паставак нашым замежным партнёрам, бо адразу страцілі б гэтыя рынкі і не змаглі на іх вярнуцца».
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:lyskavets@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/shklo
[5] https://zviazda.by/be/tags/cement
[6] https://zviazda.by/be/tags/budmateryyaly
[7] https://zviazda.by/be/tags/anatol-chorny