Андрэй хацеў ахвяраваць грошы на лячэнне канкрэтнага падапечнага «Клуба 5000». Ён сустрэўся са мной, каб параіцца і выбраць. Я падрабязна расказала гісторыі ўсіх падапечных, намалявала сённяшнюю сітуацыю і патрэбы кожнага. Ён абраў Наташу: яна тады ездзіла на дарагія працэдуры ў Еўропу. І тут жа асцярожна перапытаў:
— А што бывае з сабранымі сумамі, калі дзіця неўзабаве памірае?
Я разумею хваляванне Андрэя. Хочацца патраціць не на пустое, дапамагчы — дык назаўсёды. Хочацца адчуваць сваю значнасць і ганарыцца ўнёскам у выратаванне жыцця.
Ён не адзін такі. Перыядычна на адрас дабрачыннага «Клуба 5000» прыходзяць лісты з просьбай параіць, для каго з дзяцей найбольш актуальная дапамога. Вось адзін з апошніх: «Мой сябар вырашыў ахвяраваць грошы на аперацыю хвораму дзіцяці. Але ён хоча дапамагчы з такой аперацыяй, якая з найбольшай доляй верагоднасці вылечыць дзіця. Ён не хоча траціць грошы на хваробы, якія цяжка паддаюцца лячэнню».
Я ведаю, што шматлікія дабрачынныя фонды адсейваюць мноства просьбаў пасля пільнага вывучэння дакументаў. Ёсць спіс захворванняў, з якімі яны не бяруць пад апеку. Фонды не любяць рэцыдывы, бо вяртанне хваробы — нядобры знак. Яны не збіраюць на рэабілітацыю інвалідам, калі тая дае толькі невялікі працэнт паляпшэнняў. Ім не хочацца збіраць грошы ўпустую. А я не бяруся варажыць. Мой досвед у дабрачыннасці паказвае, што прадказаць немагчыма.
Вялікі і моцны Іван быў не падобны на пацыента дзіцячага анкацэнтра. Статны, шыракаплечы, накачаны — дзяўчаты вар'яцелі ад яго. Ваня быў спартсменам. Пасля школы планаваў паступіць ва ўніверсітэт на фізкультурны факультэт. Я ніколі не шкадавала хлопца. Была ўпэўнена, што ён тут выпадкова: скажам, аналізы падвялі, гемаглабін знізіўся. «Зараз пракапаецца і выйдзе на волю», — думалася.
Мы збягалі з бальніцы, калі ў яго не было працэдур. Гулялі па горадзе, каталіся на каруселях, елі марожанае, боўталі нагамі ў Свіслачы.
Пасля адной такой прагулкі мне патэлефанавала медсястра з аддзялення:
— Дзе вы былі, што рабілі? Ванька ў коме ў рэанімацыі. Яму забароненыя такія нагрузкі. У яго чацвёртая стадыя і метастазы паўсюль...
Вялікі, моцны, статны і шыракаплечы Іван пражыў яшчэ восем месяцаў.
У Сяргея было крывяное захворванне, якое лечыцца перасадкай касцявога мозгу. Ён вытрымаў лячэнне і яго наступствы. Перажыў пабочныя эфекты і змены ў самім сабе. Ён ужо займаўся рамонтам дома, рыхтаваўся да паступлення, у клініку едзіў толькі на кантроль. Мы даўно выдыхнулі і шчыра радаваліся за Сярогу. У той дзень ён набываў касцюм для школьнага выпускнога. А ўначы ўзнялася шалёная тэмпература, выявілі цяжкую інфекцыю — рэанімацыя, морг... Адтуль яго забіралі ў выпускным касцюме.
Алеся не прабыла ў рэмісіі і года. Праз восем месяцаў пасля лячэння хвароба вярнулася і забрала ўсе сілы дзяўчынкі. Яна імкліва губляла вагу, не магла есці, размаўляць, не ўставала з ложка. Побач з лейкозам у яе дакументах значылася анарэксія. У думках я ўжо прыняла хуткае скананне дзяўчынкі. А яна ачуняла! І вагу набрала, і лейкоз перамагла.
Лячыліся разам два спрытныя хлопцы. Ляжалі ў адной палаце з аднолькавым дыягназам. Адзін вучыўся на марака, другі на выратавальніка. Марака не стала, а выратавальнік перакваліфікаваўся ў юрыста. Як гэта прадказаць? Каго выбірае хвароба: спартыўных ці з дрэннымі звычкамі? У каго забірае жыццё: у правага ці левага?
Я не варажбітка і не магу прадказаць будучыню. Не магу чакаць ад іх выздараўлення ці сыходу. Не магу нават з дактарамі параіцца: яны не даюць стоадсоткавай гарантыі ні на што. Выратаваць і захаваць — не наша доля. Каго пакінуць, каго забраць — вырашае Гасподзь. І з Ім не паспрачаешся.
...Праз год я зноў сустракаюся з Андрэем, ён яшчэ раз хоча ахвяраваць грошы.
— Я ў мінулы раз ахвяраваў на Наташу. На сайце прачытаў, што яе не стала. І гэта падштурхнула мяне... яшчэ раз дапамагчы. Усё роўна каму. Адрасуйце самі. Я больш не хачу выбіраць.
Таццяна НЕМЧАНІНАВА, заснавальніца дабрачыннага руху «Клуб 5000»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/taccyana-nemchaninava
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/vazmu-tvoy-bol
[4] https://zviazda.by/be/tags/klub-5000-0