Было каля дзевяці гадзін вечара, калі ў МНС ад відавочцы паступіла паведамленне, што на возеры каля вёскі Завішына тонуць людзі. З яго слоў вынікала, што перавярнулася лодка, у якой знаходзіліся тры чалавекі: мужчына, хлопчык і дзяўчынка.
Да прыбыцця ратавальнікаў мясцовыя жыхары вынялі з вады і даставілі на бераг мужчыну, пенсіянера, які не падаваў прыкмет жыцця. Пазней фельчарам хуткай медыцынскай дапамогі была канстатавана яго смерць.
Работнікі МНС з выкарыстаннем спецыяльных сродкаў выратавалі хлопчыка 2007 года нараджэння, які знаходзіўся каля перавернутай лодкі на адлегласці 30 метраў ад берага. Пасля медыцынскага агляду дзіця дастаўлена па месцы жыхарства, яно не пацярпела, у шпіталізацыі патрэбы не было.
На адлегласці 25 метраў ад берага, дзе глыбіня складала 2,5 метра, ратавальнікі выявілі цела патанулай дзяўчынкі 2004 года нараджэння.
Як паведамілі ў Мінскім абласным упраўленні МНС, дакладную карціну таго, што адбылося, яшчэ трэба будзе высветліць, аднак, згодна з папярэдняй інфармацыяй, мужчына запрасіў дваіх суседскіх дзяцей пакатацца на драўлянай вёсельнай лодцы. Плаўсродак перавярнуўся, і дзяўчынка пачала тануць. Дарослы паспрабаваў яе выратаваць, і абодва сышлі пад ваду. Хлопчык застаўся на паверхні вады і трымаўся за перавернутую лодку.
Ратавальнікі МНС і АСВОДА нагадваюць: у лодцы або любым іншым маламерным судне неабходна быць у зашпіленай выратавальнай камізэльцы, якая зводзіць да мінімуму верагоднасць трагічнага зыходу ў выпадку перакульвання.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne
[6] https://zviazda.by/be/tags/lodka
[7] https://zviazda.by/be/tags/zaginuli
[8] https://zviazda.by/be/tags/patanuc