Гэты чалавек — насамрэч легендарная асоба ў фармаце савецка-кітайскіх зносінаў. У Ланьхань (многім вядомы па творчым псеўданіме Гао Ман) яскрава праявіў сябе і ў мастацтве, і ў літаратуры. Прычым у высокім слове працаваў не толькі як перакладчык, але і як глыбокі самабытны публіцыст. Гао Ман — сведка вялікай эпохі, ён пабачыў многіх славутых людзей, перш за ўсё літаратараў: ад Аляксандра Фадзеева да Яўгенія Еўтушэнкі, ад Максіма Танка да Святланы Алексіевіч. Шмат перакладаў, а таксама маляваў партрэты пісьменнікаў розных эпох.
Хутка Гао Ман будзе адзначаць слаўную дату — сваё 90-годдзе. Напярэдадні юбілею (па яго шчырым запрашэнні) мы завіталі ва ўтульную пекінскую кватэру майстра, дзе ён жыве разам з жонкай і дачкой. Паўсюль тут — карціны, каліграфія і, вядома ж, кнігі. Пра час, жыццё і пра вечнае Гао Ман расказаў у эксклюзіўным інтэрв'ю «Звяздзе».
— Спачатку не зусім па тэме пытанне: чаму ў вас так шмат прыгожых цацак — здаецца, гэта тыгры?
— Чаму не па тэме? Усё якраз-такі да месца. Гэтыя цацкі насамрэч тыгры, я іх збіраў цягам усяго жыцця. Яны з розных куткоў Кітая і адлюстроўваюць традыцыі. Справа ў тым, што я нарадзіўся ў Харбіне ў год Тыгра — у 1926-м. Ведаеце пра Харбін?
— Вядома, але пабыць у гэтым горадзе пакуль не давялося. Як я чуў, гэта ўнікальнае месца, дзе асабліва ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя ствараўся сімбіёз усходняй і заходняй культуры.
— Так, я гэтаму быў сведкам. У Харбіне ў той час было шмат выхадцаў з Расійскай імперыі, прадстаўнікі больш чым 20 нацыянальнасцяў — не толькі ўласна рускія, а і прыбалты, украінцы, нават беларусы. У 1930-я гады ў Харбіне жыў і працаваў вядомы публіцыст, празаік Усевалад Іваноў. Пасля я даведаўся, што ён родам з Беларусі — з Ваўкавыска.
У Харбіне вучыўся ў школе і інстытуце Хрысціянскага Саюза Моладзі. Выкладчыкі былі пераважна рускія. Таму рускую мову і культуру я спачатку засвоіў лепш, чым свае родныя, кітайскія. Нават размаўляў лепш па-руску (усміхаецца). Толькі ў 30 гадоў пачаў старанна штудзіраваць кітайскую літаратуру. На кнігі «захварэў» яшчэ з дзяцінства. У Харбіне было шмат букіністычных крамак, дзе я днямі прападаў. Аднойчы, памятаю, маці дала мне грошай на пэўныя пакупкі, а я на ўсе набыў прыгожы альбом польскіх мастакоў.
— Маці лаялася?
— Не, яна мяне вельмі любіла і хацела, каб я вывучыўся. Сама была непісьменнай, але жыццёвую навуку я менавіта ад яе засвоіў. Пра тое, што кожную справу варта даводзіць да завяршэння і рабіць сумленна. З цягам часу разумееш, што родныя, сям'я — жыццёвая аснова кожнага чалавека. Усе мы адтуль пайшлі.
У Харбіне я вельмі захапляўся мастацтвам, першую работу — партрэт Пушкіна — намаляваў у адзінаццаць гадоў. Ужо ў 17 гадоў разам з сябрамі мы правялі тут некалькі сваіх выстаў. У тутэйшай газеце «Дабэйсіньбао» быў надрукаваны мой першы пераклад — верша Івана Тургенева «Как хороши, как свежи были розы». Дарэчы, не найлепшы пераклад, пасля я яго перарабіў. Аднак больш важнае іншае: я адчуў смак творчасці.
— Пасля навучання ў Харбіне вы працавалі ў таварыстве кітайска-савецкай дружбы. Тады і пачалі актыўна перакладаць літаратурныя творы?
— Лепшага ўніверсітэта, чым вусны пераклад, для мяне не існуе. Гэта цяжкая паўсядзённая праца, якая многім можа падацца манатоннай і сумнай. Аднак без такой практыкі нельга паўнавартасна брацца за пераклад літаратурных твораў. Мне пашанцавала, бо я перакладаў вядомых пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў — як кітайскіх, так і з усіх куткоў Савецкага Саюза. Шмат ведаў і сваіх калег-перакладчыкаў. Усё гэта многаму мяне навучыла. Тут дробязей не бывае, паколькі варта адчуць усе нюансы, дайсці да сутнасці, перадаць асаблівасці мовы і адметнасці аўтарскага стылю. Найвышэйшая адзнака працы перакладчыка, калі людзі размаўляюць і не адчуваюць яго прысутнасці. Я быў шчаслівы, калі мне казалі: «А мы пра цябе забылі».
Калісьці я лягчэй ставіўся да перакладу — маўляў, звычайная тэхніка, якая з гадамі, з вопытам становіцца лепшай. Але з цягам часу прыйшло разуменне, што гэта надзвычай цяжкая праца. Калісьці я яе назваў танцам у кайданах, які варта так прыгожа выканаць, каб людзі заапладзіравалі. Ты практычна заўжды выходзіш з арыгінала, гэта другая творчасць. Перакладчык выступае ў ролі сааўтара. Мяркуйце самі, славянскія мовы трымаюцца на рытмах, рыфмах, разнастайных граматычных нюансах, а кітайская — на вобразах. Абсалютна розныя падыходы, іншыя стыхіі.
— Вы не толькі перакладалі, але і малявалі (Гао Ман піша партрэты ў еўрапейскай манеры, але выкарыстоўвае кітайскую тэхніку гохуа — маляванне вадзянымі фарбамі на рысавай паперы. — Аўт.), займаліся каліграфіяй. Стварылі серыю партрэтаў пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, журналістаў. Вельмі незвычайныя працы, напрыклад партрэт Ганны Ахматавай. Ці Пушкін на Вялікай Кітайскай сцяне. Чаму ён там апынуўся?
— У нас кажуць: калі ты не быў на Вялікай Кітайскай сцяне, то ты не быў у Паднябеснай. У адным з лістоў Пушкін пісаў, што хацеў бы з рускай місіяй паехаць у Кітай, але яму не дазволілі. Затое цяпер ён тут — творчасць паэта шырока вядомая ў Паднябеснай, яго творы шмат перакладаюцца на кітайскую мову, на іх аснове пастаўлены оперы, многія кітайскія мастакі ілюстравалі яго творы. Таму цалкам лагічна было ўявіць яго падчас шпацыру па Вялікай Кітайскай сцяне. Памятаеце яго верш:
«Поедем, я готов: куда бы вы, друзья,
Куда б ни вздумали, готов за вами я
Повсюду следовать...
К подножию ль стены далекого Китая...»
Я толькі ўвасобіў мару вялікага рускага паэта. У мяне яшчэ ёсць карціна, якая называецца «Пушкін — Джамалунгма рускай літаратуры».
— Паэт і найвышэйшая кропка на нашай планеце — сімвалічна. Ці тут таксама ёсць свая гісторыя?
— Насамрэч ёсць рэальная гісторыя. У 1962 годзе тры кітайскія альпіністы падняліся на Джамалунгму. Адзін з іх — Ван Фучжоу — адмарозіў сабе ногі, але дабраўся да вяршыні. Праз шмат гадоў ён быў у мяне ў гасцях і ўбачыў карціну, прысвечаную Пушкіну. Ён узяў пэндзаль і напісаў «Пушкін — Джамалунгма рускай літаратуры». Пагадзіцеся, Ван Фучжоу меў рацыю. Увогуле, усё высокае мастацтва працятае сімваламі...
— ...і працягваецца ў рэальным жыцці. Я чуў, што менавіта дзякуючы перакладам вы пазнаёміліся са сваёй будучай жонкай?
— Гэта адбылося ў Харбіне. Я пераклаў п'есу «Павел Карчагін», створаную па рамане «Як гартавалася сталь» Мікалая Астроўскага. Яна была пастаўлена калектывам мастацкай самадзейнасці Харбінскай асацыяцыі настаўнікаў. Роль Тоні выконвала артыстка Сунь Цзэ, з ёй я пазнаёміўся, мы пакахалі адзін аднаго і хутка пабраліся шлюбам. І гісторыя мела працяг. Пазней у Кітай прыехала ўдава Мікалая Астроўскага. Ёй спадабаўся мой пераклад, асабліва яе кранула тое, што на пастаноўцы мы пазнаёміліся з жонкай. Раіса Парфір'еўна падарыла фота, на якім яна была знята каля ложка хворага Мікалая Астроўскага. На адваротным баку напісала: «Жадаю вам вечнага шчасця, як усмешка Мікалая Астроўскага на гэтым фота — заўжды ясная і радасная».
— «Па Беларусі цяжка не сумаваць. Я ездзіў туды аднойчы, але мне ніколі не забыць тыя азёры, лясы, тых сардэчных і гасцінных людзей. Кожны раз, калі сустракаю сяброў з далёкай Беларусі, нам заўсёды ёсць пра што пагаварыць», — напісалі вы калісьці. Гэтая сувязь з цягам часу не згубілася?
— З цягам часу гэтая сувязь толькі ўзмацнялася, і наша з вамі сустрэча — яскравае таму пацверджанне. Я быў у Беларусі ў далёкім 1954-м, атрымліваецца, 62 гады таму. Тады аднаўляўся галоўны праспект Мінска, будынкі былі пераважна трохпавярховыя. А цяпер, як я бачу па тэлебачанні, у прэсе, ваша сталіца стала прыгожым сучасным горадам. Беларусь — блізкая мне па духу краіна. Я сустракаўся з многімі вашымі літаратарамі, маляваў партрэты пісьменнікаў і паэтаў (Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Святланы Алексіевіч, Навума Гальпяровіча. — Аўт.), перакладаў (у 1958 годзе разам з Гэ Баоцюанем пераклаў зборнік вершаў Максіма Танка, аўтар перакладу твора Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі». — Аўт.). Цяпер мне складана з-за праблем са здароўем аператыўна адсочваць літаратурны працэс. Аднак я ведаю пра тую вялікую працу, якая вядзецца ў Выдавецкім доме «Звязда», у прыватнасці, па стварэнні серыі кніг паэтаў Кітая «Светлыя знакі». Я вітаю такія ініцыятывы і заўжды гатовы іх падтрымліваць.
— Напрыканцы дазвольце зноў нечаканае пытанне: а чаму ўласна псеўданім Гао Ман, што ён азначае?
— Бацькі мяне назвалі Сун Юйнань. Гао Ман — адзін з маіх псеўданімаў, мабыць, найбольш часты ў выкарыстанні. У перакладзе гучыць як «высокія зараснікі». Тут для мяне свой сэнс. У жыцці я хацеў быць проста травой.
— Дзякуй вам за размову, шчыра зычым здароўя і творчага імпэту. У Беларусі вас памятаюць і ставяцца з вялікай павагай.
— Прывітанне Беларусі з далёкага Пекіна, ваша цудоўная краіна заўжды ў маім сэрцы.
Мікалай ЛІТВІНАЎ
Мінск—Пекін—Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikalay-litvinau
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/gao-man
[5] https://zviazda.by/be/tags/u-lanhan
[6] https://zviazda.by/be/tags/intervyu