Нацыянальны аэрапорт Мінск абслужыў свайго двухмільённага пасажыра сёлетняга года. Юбілейным стаў пасажыр, які адлятаў авіярэйсам кампаніі «Люфтганза» па маршруце Мінск — Франкфурт.
Летась аэрапорт сустракаў свайго двухмільённага пасажыра 13 верасня, у гэтым годзе такі быў абслужаны на 31 дзень раней. За студзень—сярэдзіну жніўня ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года Нацыянальны аэрапорт Мінск абслужыў на 350 тысяч пасажыраў больш. Кіраўніцтва аэрапорта спадзяецца, што падобная станоўчая дынаміка захаваецца і надалей, і да канца года будуць абслужаны звыш 3,3 мільёна чалавек.
РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» — першы міжнародны аэрапорт Беларусі, сертыфікаваны ў адпаведнасці з міжнародным стандартам ІSO 9001 комплексна па ўсіх напрамках дзейнасці. Тут базіруецца авіякампанія «Белавія», а таксама грузавыя авіяперавозчыкі «Трансавіяэкспарт», «Рубістар» і «Генекс». Палёты са сталічнага аэрапорта выконваюцца больш як па 40 міжнародных кірунках Еўропы, Блізкага Усходу і іншых рэгіёнаў.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:rs@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-aeraport-minsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/pasazhyr