Непадалёку ад Рэчыцы, там, дзе Бярэзіна ўпадае ў Дняпро, раскінулася вёска з прыгожай назвай Горваль. Акрамя назвы, населены пункт можа ганарыцца яшчэ і найцікавейшай гісторыяй. Амаль тысячу гадоў таму на яго месцы знаходзілася старажытнае славянскае паселішча, дзе працавалі рамеснікі, віравала жыццё... Нядаўна на месцы былога пасялення вяліся раскопкі, а дапамагалі археолагам вучні з тутэйшых школ. Нашы карэспандэнты наведаліся да юных гісторыкаў у госці...
Жыхары вёскі даўно ведалі, што жывуць побач з гістарычнымі артэфактамі. Ды і як не ведаць, калі былое гарадзішча пачынаецца адразу за тваім дваром? Дастаткова зрабіць колькі крокаў за веснічкі, падняцца на адно ўзвышша, другое — і вось ты ўжо на месцы былога дзядзінца. Зараз у цэнтры пляцоўкі — роўная прамавугольная яма. Слой за слоем дзеці і дарослыя здымаюць «культурныя пласты», перабіраюць зямлю, чысцяць ад бруду знойдзенае...
— Насамрэч, каля вёскі знаходзяцца ажно дзве археалагічныя пляцоўкі, — гаворыць аспірант кафедры гісторыі Беларусі новага і навейшага часу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр ПЕТУХОЎ. — Другая за два кіламетры на ўсход, на месцы былога Горвальскага замка XVІ-XVІІ стагоддзяў. Пра тое збудаванне вядома больш, яно згадваецца ў шматлікіх крыніцах. Замак належаў самой каралеве Боне Сфорцы, якая выменяла яго на горад Ковель. Фартыфікацыя згарэла падчас Паўночнай вайны. А вось славянскае гарадзішча сур'ёзна вывучаецца, па сутнасці, упершыню. Мяркуецца, што гэта быў старажытнарускі Горваль, які згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» канца XІV стагоддзя. Якраз гэтаму падчас раскопак мы і знайшлі некаторыя пацвярджэнні: прасліца, шкляныя бранзалеты, якія з прыходам татар у Кіеў перасталі вырабляцца, значна старэйшыя за звычайныя сярэднявечныя вырабы з металу, кераміка...
Гісторык кажа, што многія артэфакты раскрываюць трагічную старонку ў гісторыі старажытнага Горваля. На невялікім участку былі знойдзены рэшткі пяці чалавек, у тым ліку дзяцей. Гэтыя людзі не былі пахаваны, пра што сведчаць іх ненатуральныя позы. Хутчэй за ўсё, на паселішча напалі ворагі, якія не пашкадавалі яго жыхароў. Сляды ў гліне і шматлікія наканечнікі стрэл падштурхоўваюць да думкі аб раптоўным захопе і спаленні Горваля. На думку навукоўцаў, рабаўнікамі былі мангола-татары.
Раскопкі распачаліся ў пачатку жніўня, кіраваў імі прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргей Рассадзін. Спачатку каманда ў складзе двух навукоўцаў, аднаго мясцовага краязнаўцы і дзясятка школьнікаў працавала на замкавым гарадзішчы, пазней перамясцілася на больш старажытную пляцоўку. Усе раскопы вядуцца па тэхналогіі: участкі разбіваюцца на квадраты, кожны з іх апрацоўваецца паслойна, пасля закопваецца. Па прызнанні Аляксандра Петухова, дапамога дзяцей прыйшлася да месца: аб'ёмы працы вялікія, а юнацкі імпэт і энергічнасць заўважна паскараюць работу.
— Ідэя такога праекта ў нас узнікла даўно, гады тры таму, — распавядае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Глыбаўскай сярэдняй школы Ірына НЯВОЛЬКА. — Але летась усё нарэшце склалася: вясною на нас выйшлі прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, і мы пачалі рыхтавацца да адкрыцця міжшкольнага аздараўленчага лагера «Кентаўрык». У яго склад увайшлі вучні трох школ: першай і другой азершчынскай, а таксама глыбаўскай. Усяго тут 15 дзяцей з 9-11 класаў, але раскопкі наведваюць і многія энтузіясты, напрыклад выпускнікі нашай школы. Усё робіцца на добраахвотнай аснове, грошай дзеці не атрымліваюць. Пры падтрымцы раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў арганізаваныя падвоз на школьным аўтобусе і харчаванне. Ужо сфарміраваўся асноўны касцяк дзяцей-актывістаў, якім праца прыйшлася даспадобы, прымушаць нікога не трэба. Мяркую, што пару-тройку будучых гісторыкаў ці археолагаў мы ўжо выхавалі.
Працуюць юныя археолагі з 9 да 13 з перапынкамі на 15 хвілін кожную гадзіну — больш не дазваляе заканадаўства. Разам з імі ў летніку знаходзяцца пяцёра школьных педагогаў.
— Я заўжды марыла пабываць на раскопках і некалі нават планавала паступаць на гісторыка, — кажа адзінаццацікласніца Азершчынскай школы №1 Ганна ВАРОНА. — Дзякуючы летніку мая мара спраўдзілася. Мне тут падабаецца, гэта незвычайна — шукаць у зямлі рэчы, якім сотні гадоў. А якія эмоцыі перажываеш, калі нешта знаходзіш, — не перадаць! Працу мы асабліва не дзелім, капаюць усе, у тым ліку і дзяўчаты. Хаця хлопцы, безумоўна, паспяваюць больш.
— Мне пра летнік распавяла наша завуч, — дадае яе аднакласніца Ганна КАЛЕСНІК. — Дома летам сядзець не хацелася, я палічыла, што тут будзе цікава. Шчыра скажу, не прагадала: не кожны дзень можна трапіць на сапраўдныя раскопкі і патрымаць у руках каштоўныя артэфакты. Акрамя таго, прафесар Рассадзін распавядае нам шмат цікавых рэчаў з гісторыі Беларусі...
Заўважна, як бурна дзеці рэагуюць на любыя знаходкі і рэчы, як прафесіянальна ставяцца да іх. Усё гэта — навуковыя артэфакты, якія апісваюцца ў дакументах і перавозяцца на захаванне ў мясцовы фельдшарска-акушэрскі пункт. Нават шкілеты старажытных горвальцаў юных гісторыкаў не пужаюць.
— Падобныя атрады ўжо некалі працавалі ў Светлагорскім раёне, пад Оршай, — распавядае другі сакратар ЦК БРСМ Сяргей КЛІШЭВІЧ, з якім мы наведалі архелагічны лагер. — Гэта было даўно, на пачатку 2000-х. Вельмі сімвалічна, што менавіта ў Год культуры мы змаглі аднавіць такую практыку і стварылі добраахвотніцкі атрад у Рэчыцкім раёне. На мой погляд, эксперымент атрымаўся. Мы спадзяёмся, што гэтая практыка працягнецца... Безумоўна, хацелася б зрабіць нешта такое і ў фармаце студэнцкага атрада, аднак для гэтага патрабуецца спонсарская падтрымка.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Мінск — Рэчыцкі раён — Мінск
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] mailto:lyskavets@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/gorval
[6] https://zviazda.by/be/tags/arhealagichnyya-raskopki
[7] https://zviazda.by/be/tags/yunyya-gistoryki
[8] https://zviazda.by/be/tags/byarezina
[9] https://zviazda.by/be/tags/dnyapro
[10] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-petuhou
[11] https://zviazda.by/be/tags/iryna-nyavolka
[12] https://zviazda.by/be/tags/syargey-klishevich