Комплекс рэактыўнай сістэмы залпавага агню (РСЗА) «Паланэз» паступіў на ўзбраенне 336-й рэактыўнай брыгады Узброеных Сіл РБ. У брыгадзе прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, на якіх прысутнічалі Міністр абароны, прадстаўнікі Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.
«Многія тэхнічныя рашэнні, рэалізаваныя ў рэактыўнай сістэме залпавага агню беларускімі распрацоўшчыкамі, не маюць аналагаў у свеце. Прыняцце новых узораў узбраення з'яўляецца адным з элементаў стратэгічнага стрымлівання. Рэактыўныя сістэмы залпавага агню з'яўляюцца найбольш магутным сродкам агнявой падтрымкі наземных груповак войскаў. РСЗА дазволіць значна павысіць баявую магчымасць ракетных войскаў і артылерыі і абарончыя магчымасці дзяржавы ў цэлым», — адзначыў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег Белаконеў.
Вайскоўцы 336-й рэактыўнай брыгады з тэхнікай ужо добра знаёмыя. Максім Яцко старшы лейтэнант, камандзір разліку, які здзейсніў першы пуск, сказаў: «Калі рабілі першы пуск, усе былі ўпэўненыя, што ракета трапіць сапраўды ў цэль. Так і атрымалася. Тэхніка з кожным годам становіцца ўсё больш мадэрнізаванай і аўтаматызаванай, салдаты хутка яе асвойваюць».
Галоўныя тактыка-тэхнічныя характарыстыкі РСЗА «Паланэз» адпавядаюць найлепшым узорам замежнай артылерыі. Усяго адна баявая машына здольная адначасова нанесці ўдар па 8 цэлях на адлегласці ад 50 да 200 кіламетраў. Ракета мае малую адлюстравальную паверхню, высокую хуткасць і нават здольная ажыццяўляць у паветры супрацьракетны манеўр — прадухіліць яе пападанне амаль што немагчыма.
Сяргей НІКАНОВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-nikanovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/kompleks-palanez
[5] https://zviazda.by/be/tags/uzbroenyya-sily-belarusi-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/reaktyunaya-brygada