26 жніўня ў Зэльве адбудзецца знакаміты Ганненскі кірмаш, які сёлета прадугледжвае адкрыццё ўласнага музейнага пакоя і правядзенне канферэнцыі ў гонар 600-годдзя першай згадкі пра Дзярэчын. Што Дзярэчыну да Зэльвы ці наадварот? Там разбяромся!
Ці ведаеце вы, што ў Берліне ажно 170 музеяў? Вы ведаеце, што людзі ў тых музеях знаходзяцца ў вялікім захапленні? А дзе будзеце знаходзіцца вы, калі 27 жніўня а шостай вечара ўсе берлінскія музеі, галерэі і выставачныя залы, культурныя цэнтры і нават архівы адчыняць свае дзверы з нагоды «Доўгай ночы музеяў»?
1 верасня ў Рызе збіраюцца студэнты-першакурснікі, каб адзначыць... Дзень Арыстоцеля! Перад імі выступяць не толькі рэктар мясцовага ўніверсітэта і дэканы ўсіх факультэтаў, але і сам Арыстоцель. Калі вам цікава, што скажа аўтар вучэння аб прычынах і першапачатках усяго сутнага, паспяшайцеся ў Рыгу на плошчу ля Домскага сабора да сямі вечара.
3 верасня ў Анапе пачынаецца «Кінашок». Гэткі форум авангардных фільмаў, найноўшая (хоць ужо 24-гадовая) прыкмета тамтэйшага аксамітнага сезона. Цягнецца больш за тыдзень, знаёміць з працамі мэтраў і рознымі кінематаграфічнымі школамі. Прычына адпачынку, вартая таго, каб быць яго прычынай.
Фестываль сярэднявечных традыцый «Меч Лідскага замка» пройдзе толькі напрыканцы верасня, але збірацца на яго трэба цяпер: развучваць сярэднявечныя танцы, шыць адпаведную часу і месцу вопратку, адточваць майстэрства валодання мечам... Вы бачылі Лідскі замак у верасні? Нешта неверагоднае!
Яшчэ адзін рыцарскі фэст пройдзе 23-24 верасня ў Мсціславе. Сёлета гэтаму гораду 850 гадоў. Прынамсі, гэтулькі часу мінула з першай згадкі пра яго ў летапісах. Калі раптам, стаміўшыся ад шуму рысталішча, захочаце пашукаць помнік Пятру Мсціслаўцу, а вам розныя людзі будуць махаць рукамі ў розныя бакі, ведайце: такіх помнікаў у гэтым горадзе два — ля касцёла езуітаў і ля выканкама.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/tags/zelva
[3] https://zviazda.by/be/tags/gannenski-kirmash
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzyarechyn
[5] https://zviazda.by/be/tags/dougaya-noch-muzeyau
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzen-arystocelya
[7] https://zviazda.by/be/tags/kinashok
[8] https://zviazda.by/be/tags/anapa
[9] https://zviazda.by/be/tags/mech-lidskaga-zamka-0
[10] https://zviazda.by/be/tags/mscislauski-fest