На Магілёўшчыне кожны райцэнтр нешта сімвалізуе сабой. Слаўгарад — сыр, Шклоў — агуркі, Дрыбін — валёнкі. Хоцімск таксама можа неўзабаве займець свой брэнд. Тут усур'ёз падумваюць пра тое, каб аддаць павагу хлебу. «Наведаць Хоцімск і не паспытаць тутэйшага хлеба — усё роўна што наогул не пабываць у нас», — запэўнівае старшыня райвыканкама Сяргей Дземідзенка. Акрамя таго, што мясцовае райпа робіць паважаны ўсімі прадукт амаль без дабавак, дык яшчэ мясцовае насельніцтва выпякае свой, па старадаўніх рэцэптах. Спецыялісты раённага Цэнтра культуры нават кніжку зрабілі, каб на святах і фестывалях рэкламаваць хоцімскія традыцыі хлебапячэння. А заадно праслаўляць хлебаробаў і пекараў. Сёння гэты прадукт каштуе капейкі, а колькі працы ў яго ўкладзена, мала хто задумваецца.
Які араты, такі і хлеб
Тое, што летась у Магілёўскай вобласці адрадзілі конкурс аратага, у раёне лічаць добрым знакам. Ад якасці працы механізатара, які сумяшчае ў сабе абавязкі і трактарыста, і камбайнера, залежыць і канчатковы вынік — будзем з хлебам або без.
— Конкурс аратага вельмі неабходны. Гэта своеасаблівы экзамен на веданне сваёй справы. У навучальных установах такому не вучаць. Уменне прыходзіць толькі з вопытам, калі чалавек пачынае адчуваць плуг, ведае, як яго рэгуляваць, — падкрэслівае значнасць гэтага мерапрыемства галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Хоцімскага райвыканкама Рыгор Шуркоў.
Спецыялісты кажуць: дрэнна ўзарэш — ураджаю не чакай. Усе наступныя машыны будуць працаваць з прадукцыйнасцю на 30% меншай. Калі паверхня і глыбіня поля няроўныя, насенне ўзыходзіць нераўнамерна, а тэхніка пры апрацоўцы і ўборцы часцей псуецца і прастойвае. Да таго ж на кожным гектары крывой баразны траціцца паліва, што таксама павялічвае выдаткі. У маштабах краіны гэта шматмільярдныя страты. Дагледжаныя і прыгожыя палеткі — гэта ў першую чаргу заслуга адказных і старанных трактарыстаў.
Сёлета конкурс аратага ў Хоцімску праводзіўся як свята. На поле, дзе ўсё адбывалася, жыхары прыходзілі сем'ямі, з маленькімі дзецьмі. Гэта натхняла ўдзельнікаў, кожны стараўся паказаць усё, на што ён здольны. Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Хоцімскага райвыканкама Вольга Каўтунова дэманструе мне тыя дыпломы, што атрымалі пераможцы ў спаборніцтвах на трактарах «Беларус 1221» і «Беларус 3022». Лепш астатніх з заданнямі справіліся Аляксандр Паўлюцін і Уладзімір Тамуленіс з гаспадаркі «Батаева» — у іх першыя месцы. Сяргей Кавалёў і Сяргей Гаўрыленка з гаспадаркі «Кастрычнік-Бярозкі» — на другім. Уладзімір Раманенка з «Бабулінага падворка» і Мікалай Яфрэменка з Хоцімскага льнозавода — на трэцім. Гэтыя людзі з раніцы да вечара ў полі, але вельмі хацелі, каб карэспандэнт «Звязды» ўбачыў пацвярджэнне перажытай імі хвіліны славы. Вольга Каўтунова з задавальненнем гэта зрабіла.
— Конкурс вельмі станоўча ўплывае на нашых працаўнікоў, — кажа яна. — Летась трактарысты з «Батаева» занялі 1-е і 2-е месцы, цяпер два першыя.
Па галоўнай вуліцы на трактары, ды яшчэ і ў вышыванцы
Вольга Каўтунова лічыць, што хлебны фестываль даў бы механізатарам рэальную магчымасць паўней раскрыцца. А для большага азарту можна было б і расіян запрасіць. Да мяжы з гэтай краінай ад Хоцімска ўсяго некалькі кіламетраў.
— Нашы ўмельцы, ды плюс з іншых раёнаў, — хацелася б сабраць іх разам, каб маглі падзяліцца сакрэтамі, пераняць вопыт адзін у аднаго, — марыць Вольга. — А потым зрабіць для ўсіх свята на цэлы дзень. І каб побач з дарослымі весяліліся дзеці. Мы сёлета пыталіся ў зусім малых і падлеткаў, ці хацелі б яны, як іх бацькі, расціць хлеб. І некаторыя былі не супраць. Гэта радуе. Бо моладзь сёння імкнецца пазбягаць цяжкасцяў. А работа на зямлі заўсёды няпростая.
Галоўнай падзеяй фестывалю магло б стаць шэсце хлебаробаў, каб яны па-каралеўску выязджалі на сваіх машынах, ды яшчэ і ў вышыванках. Яшчэ больш эфектна атрымаецца, калі побач з бацькамі будуць сядзець і іх нашчадкі. Ёсць таксама задумка накрыць для галоўных герояў хлебнага свята вялікі драўляны стол проста ў полі. Каб яны маглі ў нефармальнай атмасферы бліжэй пазнаёміцца, пагутарыць паміж сабой.
Беларускі каларыт народнаму святу з задавальненнем прыдадуць мясцовыя майстрыхі. Тутэйшаму Дому рамёстваў усяго 8 гадоў, але ж гэта сапраўдны музей народнага мастацтва. Тут, калі што, не толькі фестывальныя кашулі для мясцовых трактарыстаў вышыюць, але і апрануць па ўсіх мясцовых традыцыях тутэйшых прыгажунь. Дырэктар раённага Дома рамёстваў Людміла Краснікава дэманструе цэлую галерэю аўтэнтычных хоцімскіх строяў. У асноўным гэта святочныя варыянты — з вышыўкамі, рознымі ўпрыгажэннямі.
Тут жа, калі спатрэбіцца, і ручнікі для фестывалю саткуць. Каб караваі было на што пакласці. Людміла Краснікава падводзіць да рарытэтнага ткацкага станка, які тутэйшыя ўмельцы сабралі з 2 частак. Станіну прывезлі з Трасціно, а навой і ўсё астатняе — з Елаўца. Усё падышло і добра працуе. Ёсць тут яшчэ адзін станок, зроблены па прыкладзе старадаўняга. Яго выкарыстоўваюць на выязных майстар-класах.
У куточку прытаіліся лялечныя баба з дзедам — твор мастацтва ў поўны рост. Менавіта так павінны выглядаць сапраўдныя беларускія пенсіянеры. Нездарма гэтая парачка карыстаецца поспехам у наведвальнікаў на розных фестывалях. З імі сфатаграфавалася, напэўна, ужо паўкраіны. А бабка пабывала нават на следчым эксперыменце. Дзесьці ў раёне забілі пажылую жанчыну, і праваахоўнікі пазычалі вялікую ляльку на ролю ахвяры.
Дарэчы, пра лялек. На хлебным свяце без іх ніяк. Заходзім у пакой, дзе яны «нараджаюцца», і вочы разбягаюцца. На палічках і ў шафах абярэгі на ўсе выпадкі жыцця: ад хвароб, неўраджаю, нягод, пошасцяў. Траўніца, напрыклад, найлепшая суцяшальніца па жыцці, дапамагае яшчэ і ад хвароб. А вось 13 лялек ад ліхаманкі — іх у шэраг ставілі пры коміне, каб хваробы, якія прыходзілі ў дом, усяляліся ў іх. У канцы года лялек палілі і рабілі новых. Крупянічка стаяла на покуці, у ёй захоўвалася першая жменя збожжа, якая сеялася вясной. Лічылася, будзе добры ўраджай. Вядучка, лялька з агульнай рукой на дзіця і маці, — сімвал пераемнасці пакаленняў, мацярынскага клопату і любові. Берагіні-падарожніцы ахоўваюць у падарожжы. У іх нашы продкі перад тым, як адправіцца ў дарогу, насыпалі зерне і зямлю. Усе абярэгі — штучны тавар, бо нават тканіна выбіраецца «па навуцы». Вопратку для некаторых ляляк шукалі па ўсёй краіне.
— У дзяцінстве не нагулялася ў лялькі, вось працягваю, — усміхаецца аўтар гэтых прыгажунь Таццяна Навумава. Уся сцяна за яе спінай у дыпломах з розных конкурсаў. — Я самавучка, чацвёрты год працую. Абрадавая лялька — гэта ж цэлы акіян народнай мудрасці. Стала гэтым цікавіцца, і столькі ўсяго адкрылася!..
Хлеб на любы густ
Сёння Хоцімск забяспечвае смачным хлебам не толькі свой раён, але і суседнія — Клімавіцкі і Касцюковіцкі. У спісе прамысловага ўчастка мясцовага райпа 55 найменняў хлебабулачных вырабаў, з іх 25 — чарэневага і фармавога хлеба. Белы хлеб пячэцца з пшанічнай мукі вышэйшага гатунку, а вось чорны — змешаны, робіцца з жытняй мукі двух відаў — абдзірнай і сеянай і 1-га гатунку пшанічнай.
— Наш свежавыпечаны хлеб, па маніторынгу сярод насельніцтва, самы смачны. За адзін прысест можна з'есці цэлую булку. Да мяне госці прыехалі з Данбаса і на вячэру з'елі 4 булачкі з малаком, — наганяе слінкі па дарозе на мясцовы «хлебазавод» Вольга Каўтунова.
Лабарант хімічнага аналізу Ганна Снытко, нягледзячы на абед, робіць для нас экскурсію па ўчастку.
— Цеста замешваем як на рошчыне, так і на заквасках. Закваску ў выглядзе малочна-кіслых бактэрый заказваем у Мінску, а рошчыну для чорнага хлеба гадуем самі. Стараемся пазбягаць дабавак, таму хлеб атрымліваецца, як дамашні, — раскрывае яна сакрэты.
З белага хлеба ў Хоцімску вялікім попытам карыстаецца «Сямейка» — некалькі злучаных паміж сабой булачак. З чорнага перавага аддаецца фармавому. Ён больш танны.
Калісьці Надзея Мяхедзька з вёскі Ліпаўка таксама працавала на хлебазаводзе. Але сакрэтам выпечкі хлеба ў хатніх умовах валодае яшчэ з дзяцінства. Расказвае, што гэтай справе яе навучыла яшчэ маці. Дапытлівая дзяўчынка хутка зразумела, як гэта робіцца, а вось паспрабаваць пячы самастойна прымусіў выпадак. Маці трапіла ў бальніцу, а яна, як старэйшая дачка ў шматдзетнай сям'і, вымушана была стаць да печкі. Ну і што з таго, што яна на той момант толькі ў 7 клас перайшла. Усё ў яе атрымалася. Калі скончыла школу, пайшла працаваць на хлебазавод. Потым перакваліфікавалася ў даярку. Але хлеб ужо для сваёй сям'і пякла заўсёды. Гэта цяпер, калі дзеці раз'ехаліся па розных гарадах, замешвае цеста радзей. У асноўным на заказ для раённых мерапрыемстваў, або калі з горада прыязджаюць дзеці і ўнукі. Справа гэта нялёгкая. Спачатку цеста трэба добра вымесіць, а потым 8-9 гадзін чакаць, каб падышло. Потым падняцца ў 4 гадзіны раніцы і выпаліць у печы. Пячэ Надзея на спецыяльных скавародках або проста на драўлянай лапаце. Асабліва смачна атрымліваецца, калі пакласці ўніз пад сфармаваную булку капусны ліст. «На канапу сяду, лустачку соллю пасыплю, шклянку вады налью — і няма для мяне лепей ежы на ўсім белым свеце», — прызнаецца яна.
Прыемна, што ў раёне ёсць моладзь, якая цікавіцца старадаўнімі спосабамі вырабу хлеба. Двайняты Наталля і Вольга перанялі вопыт у маці, Надзеі Касценкі, а яна — у сваёй маці. Атрымалася добрая пераемнасць пакаленняў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:zigulya@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/hocimsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/hlebny-festyval
[6] https://zviazda.by/be/tags/hleb