Год культуры на Гродзеншчыне адзначаюць мноствам розных, ужо традыцыйных і новых імпрэз. Прычым яшчэ ніколі, пэўна, іх так шмат не ладзілася ў аграгарадках. Практычна ніводныя выхадныя не абыходзяцца без свят у тых ці іншых раёнах вобласці, і пры гэтым шмат дзе імкнуцца прадставіць нейкую цікавінку: «Толькі ў нас!». Сімваламі свята становяцца, напрыклад, велікодныя яйкі-пісанкі, ткацтва, касьба, лён, малако, кветкі і нават сякера.
У аграгарадку Тарнова Лідскага раёна нядаўна ўжо другі раз правялі свята сякеры. Ва ўменні абыходзіцца з гэтым важным прадметам у гаспадарцы сапернічалі мясцовыя жыхары Сяргей Звярко, Генадзь Хацукевіч і Віктар Статкевіч, а таксама Анатоль Султанаў з Ліды. Пра свята ён даведаўся ад зяця, які жыве ў Тарнове, і ўжо другі год прыязджае на гэтую сякерную забаву, атрымліваючы станоўчыя эмоцыі і адточваючы лесарубную хватку, якая спатрэбіцца пры нарыхтоўцы дроў для прыватнага дома. Работу канкурсантаў ацэньвала журы, а суперпрызам быў мяшок збожжа.
Зразумела, толькі гэтым свята не абмежавалася. Правялі шмат конкурсаў і віктарын, спявалі, танцавалі. Плюс гандлёвыя пункты, выязны цір, а для дзяцей — батуты...
— Ідэя гэтага свята належыць загадчыцы Тарноўскага дома культуры Святлане Антонік, і праходзіць яно даволі цікава. Прычым прыязджаюць і з суседніх населеных пунктаў, — кажа старшыня Тарноўскага сельскага Савета Валянцін АСТРАВЕЦ.
У пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна ўжо традыцыйна праводзіцца свята кветак. Кветкавыя кампазіцыі спаборнічаюць у конкурсе, але, пэўна, галоўнае, што яны вельмі прыгожыя і становяцца месцам для шматлікіх фотасесій. Сёлета ўсе ахвотныя маглі яшчэ і накіравацца ў гісторыка-рамантычную прагулку па славутых мясцінах пасёлка.
А на Слонімшчыне ладзяць свята суседнія аграгарадкі Вялікія Шылавічы і Жыровічы. Адпаведная і назва «Дзень добры, суседзі!». Святкавалі ў два этапы: спачатку ў Вялікіх Шылавічах, а праз тыдзень — у Жыровічах. У аграгарадках сустракалі самадзейных артыстаў з суседніх цэнтраў культуры з канцэртнай праграмай, правялі конкурсы на найлепшага гаспадара падворка, кулінара, майстрыху... Не забылі і пра спорт — у Вялікіх Шылавічах, а затым у Жыровічах адбыліся футбольныя матчы паміж жыхарамі аграгарадкоў.
У шэрагу раёнаў імкнуцца, каб практычна ў кожнага аграгарадка была нейкая брэндавая культурная «фішка». Прыклад тут паказвае Гродзенскі раён. У Капцёўцы праводзяць свята вяндліны, у Квасоўцы — фестываль фальклору, у Верцялішках — фестываль танца, у Абухава — фестываль «Мядова-яблычны Спас», у Азёрах — свята рыбака, у Луцкаўлянах — свята малака, у Адэльску — Адэльскі фэст і свята млынара...
Цікавы праект сёлета ажыццяўляюць на Дзятлаўшчыне. З пачатку летняга сезона штомесячна ў адным з аграгарадкоў праводзяць раённае свята. Можна выдатна адпачыць усёй сям'ёй. Да таго ж «мовай» народнай творчасці, конкурсаў, выставак і іншых імпрэз тут папулярызуюць сельскагаспадарчыя прафесіі, вясковы лад жыцця. Праект стартаваў са свята льну ў аграгарадку Дварэц, дзе можна было пазнаёміцца з прадукцыяй мясцовага льнозавода і купіць вырабы льноперапрацоўшчыкаў з Оршы, паўдзельнічаць у «льняных» конкурсах, убачыць, як віртуозна працуе са льном на калаўроце майстрыха Ніна Антончык, а таксама тэатралізаванае прадстаўленне пра лён, экспазіцыю музея Раготнаўскага дзіцячага сада—сярэдняй школы «Беларускі скарб», прадэгуставаць стравы з выкарыстаннем ільнянога алею... А затым эстафету перанялі Вензавец са святам касцоў, Круціловічы — са святам малака, Раклевічы — са святам мёду. Наперадзе святы бульбы, мясны фестываль, свята хлеба...
З мэтай арганізацыі цікавага адпачынку талакой працуюць работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, устаноў культуры, адукацыі, сельсаветаў, СВК і іншых прадпрыемстваў. Прычым адрас для правядзення таго ці іншага фэсту выбіраюць не выпадкова. Свята льну — там, дзе знаходзіцца льнозавод СВК «Граніт-Агра», дзе ладзілі свята малака, — вядучы пастаўшчык гэтага прадукту на Дзятлаўскі сырзавод. А ў СВК «Русь-Агра» ўжо 25 гадоў займаюцца пчалярствам — не толькі дзеля атрымання мёду, але і для апылення раслін. Дарэчы, у Дзень работнікаў сельскай гападаркі кожны працаўнік сельгаскааператыва атрымлівае ў падарунак кілаграм мёду.
У тэму
Тэмай некаторых фэстаў на Гродзеншчыне становяцца аб'екты, якія занесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Напрыклад, у аграгарадку Сапоцкін Гродзенскага раёна сёлета ўпершыню правялі свята пісанкі — з традыцыйным роспісам велікодных яек усіх зацікаўленых знаёміла мясцовая майстрыха Антаніна ЮРЧЭНЯ. А ў аграгарадку Гудзевічы Мастоўскага раёна, дзе захоўваюць традыцыю ткацтва падвойных дываноў, на базе тутэйшага літаратурна-краязнаўчага музея прайшоў «Гудзевіцкі фэст» з майстар-класам у выкананні мясцовай ткаллі Веры БЕЛАКОЗ.
Барыс ПРАКОПЧЫК
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:prakopchіk@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/god-kultury
[5] https://zviazda.by/be/tags/grodzenshchyna
[6] https://zviazda.by/be/tags/svyata
[7] https://zviazda.by/be/tags/simval-svyata
[8] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne