У некалькіх раёнах Гродзеншчыны плануецца ажыццявіць пілотны праект ААН па сацыяльным прадпрымальніцтве.
Гэтую тэму прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі Санака САМАРАСІНХА абмеркаваў падчас візіту ў горад над Нёманам са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам КРАЎЦОВЫМ. Праектам прадугледжана стварыць невялікія прадпрыемствы з сацыяльнай функцыяй, напрыклад, у сферы адукацыі, аховы здароўя, падтрымкі пажылых людзей.
— Мы пастаянна вырашаем пытанні занятасці насельніцтва і заўсёды гатовы пераняць вопыт, убачыць новыя магчымасці вырашэння падобных праблем, — падтрымаў ідэю праекта Уладзімір Краўцоў.
У партнёрстве з Праграмай развіцця ААН у Гродне цяпер будуецца энергаэфектыўны жылы дом новага пакалення, а таксама плануецца рэалізаваць адукацыйны праект для дзяржслужачых і праект «Белмед», скіраваны на здаровы лад жыцця і прафілактыку неінфекцыйных захворванняў. Акрамя таго, Гродна і Ліда будуць сярод дванаццаці гарадоў нашай краіны, дзе ў кастрычніку — снежні сёлетняга года пройдзе кампанія ААН «Інклюзіўная Беларусь». У яе рамках адбудуцца канферэнцыі, выставы, тэатральныя пастаноўкі, музычныя і іншыя імпрэзы, скіраваныя на ўключэнне ў жыццё грамадства так званых уразлівых груп насельніцтва (мігрантаў, бежанцаў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, ахвяр дамашняга гвалту і гандлю людзьмі), устараненне існуючых бар'ераў.
Барыс ПРАКОПЧЫК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva