На сайце аднаго з вядучых выданняў свету з нашай падачы з'явіліся «Весткі з Беларусі». Актыўнае супрацоўніцтва паміж «Звяздой» і вядучым выданнем не толькі ўласна Кітая, а і ўсяго свету — газетай «Жэньмінь жыбаа» [3] — пачалося год таму, калі ў Пекіне быў падпісаны двухбаковы мемарандум аб узаемадзеянні.
На нашым партале zvіazda.by неўзабаве з'явіўся асобны праект «Весткі з Кітая» [4], які, дарэчы выклікаў вялікую цікавасць і шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі. У межах гэтага праекта мы змяшчаем эксклюзіўную інфармацыю «Жэньмінь жыбаа» анлайн» — інтэрнэт-сайта газеты. Такім чынам, нашы карыстальнікі (і чытачы — паколькі «Весткі з Кітая» распаўсюджваюцца і на друкаваныя старонкі) маюць магчымасць атрымліваць аператыўныя і насамрэч унікальныя матэрыялы, што датычацца самых розных бакоў жыцця далёкай Паднябеснай, якая праз наш праект становіцца бліжэй.
Зразумела, беларускія навіны з падачы «Звязды» рэгулярна з'яўляліся ў стужцы навін «Жэньмінь жыбаа» анлайн». І жыхары Кітая (ды і не толькі ўласна яны, а і ўсе карыстальнікі самага буйнога сайта Паднябеснай на рускай мове) атрымалі магчымасць расчыніць «акно ў Беларусь».
Праект актыўна развіваецца, пацвярджэннем таму — з'яўленне з пачатку верасня на сайце russіan.people.com.cn «Вестак з Беларусі» ад Звязды». Карыстальнікі адразу трапляюць да першакрыніцы — на партал zvіazda.by. Ну і, вядома, у стужцы навін пабольшала звяздоўскіх навін. Адна з апошніх — пра Дзень беларускага пісьменства. А на нашым партале — самыя аператыўныя рэпартажы з саміта G20, які 4-5 верасня пройдзе ва ўсходнекітайскім Ханьчжоу. І яшчэ мноства самых разнастайных, цікавых усім навін — вестак з Кітая і з Беларусі.
Як бачым, «Звязда» зусім не застаецца назіральніцай працэсу паглыблення стратэгічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, а з'яўляецца яго актыўнай удзельніцай. Будзем крочыць далей!
Мікалай ЛІТВІНАЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikalay-litvinau
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] http://russian.people.com.cn/
[4] http://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhenmin-zhybaa
[6] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya
[7] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda-1
[8] https://zviazda.by/be/tags/vestki-z-belarusi