Пасля вяртання з Рыа-дэ-Жанэйра ў Івана ЦІХАНА адразу ж пачаліся сустрэчы ў розных калектывах, але адна з іх, пэўна, асаблівая. Яго ўрачыста віталі жыхары шматпавярхоўкі на гродзенскай вуліцы Фолюш — не толькі як славутага спартсмена, цяпер ужо двойчы прызёра Алімпійскіх гульняў, двухразовага чэмпіёна свету, але і як добрага суседа. Самі намалявалі прывітальныя плакаты, запрасілі цыганскі ансамбль «Рада» і аркестр абласнога ўпраўлення МНС. Аказваецца, такія сустрэчы ў доме ўжо традыцыйныя.
І ў радасці, і ў цяжкія перыяды — разам!
Сусед Івана Ціхана і яго даўні балельшчык Міхаіл АСОЦКІ, вядома ж, не прапусціў прамую трансляцыю спаборніцтваў кідальнікаў молата з Рыа:
— Завёў будзільнік, у тры гадзіны ночы падняўся, хадзіў, хвалюючыся, па кватэры, а затым перажываў ля тэлевізара. Вельмі рады за Івана, што ён паспяхова выступіў.
Алена ГРУДЗІНСКАЯ звяртае ўвагу на чалавечыя якасці свайго суседа:
— Рэдка сустрэнеш чалавека з такой добрай душой, ад якога быццам выпраменьваецца цяпло, энергія, станоўчыя эмоцыі. Івана можна ўбачыць стомленым, задумлівым, але ніколі — злым.
— Суседзі — гэта адны з маіх самых адданых і добразычлівых балельшчыкаў. І заўсёды яны, ладзячы такую сустрэчу, прыдумляюць нешта новае, цікавае. Таму і гэтая была для мяне як упершыню. Атрымліваецца, што я парадаваў іх сваім выступленнем на Алімпійскіх гульнях, а яны — мяне, — кажа Іван Ціхан.
— Даўно распачаліся такія сустрэчы?
— Мусіць, ужо больш за 10 гадоў назад. Нават не ведаю, хто арганізатары і чаму суседзі праявілі такую ініцыятыву? Можа, прычына не толькі ў маіх спартыўных поспехах, але і ў тым, што ўзімку, калі было шмат снегу каля пад'езда, мы выходзілі і разам яго прыбіралі? (Усміхаецца.) Гэта таксама збліжае суседзяў.
— Вам добра вядома на ўласным вопыце, што спорт — гэта не толькі перамогі, медалі, але і няўдачы, розныя, зусім не лёгкаатлетычныя, бар'еры. Так бы мовіць, белая паласа жыцця можа раптам змяніцца на чорную. Здаралася, што ў сувязі з гэтым мяняліся і адносіны да вас з боку людзей?
— Так бывае ў кожнага. З адным чалавекам ідзеш па жыцці, напрыклад, 10 гадоў, а з другім — усё жыццё. Але ўсё ж з названай прычыны я мала людзей страціў на сваім шляху.
У мяне шмат сяброў, якія былі побач не толькі ў радасці, але і ў цяжкія перыяды. Яны падтрымлівалі маральна і нават прапаноўвалі фінансавую дапамогу.
«Ноччу, калі ішла трансляцыя, ніхто не спаў»
Іван Ціхан нарадзіўся, вучыўся ў школе і распачынаў свой спартыўны шлях у вёсцы Глоўсевічы Слонімскага раёна.
— У спорт я прыйшоў дзякуючы настаўніку фізкультуры Віктару Рыгоравічу ЛАГУЦІКУ, разам з якім мяне трэніраваў Рыгор Іванавіч ЗАКАЎРАШ, — расказвае Іван. — А потым, калі ўдала выступіў на раённых і абласных спаборніцтвах па бегу, мяне ўзялі ў Гродзенскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Там я памяняў спецыялізацыю і перайшоў на кіданне молата, бо стаў набіраць мышачную масу. Для бегу гэта было не зусім добра, а для кідальніка, наадварот, нармальна.
Рыгор Закаўраш прыгадвае:
— Сапраўды, з узростам Іван стаў мужнець, набіраць масу цела, і я параіў трэнерам перавесці яго ў кідальнікі. Ужо праз тры месяцы ён выканаў першы дарослы разрад, а затым з інтэрвалам у год прайшоў ступені кандыдата ў майстры спорту, майстра спорту, майстра спорту міжнароднага класа.
— А чаму з усіх снарадаў выбралі молат? — цікаўлюся ў Івана Ціхана.
— Для заняткаў ядром ці дыскам мне не хапала росту, па сваёй камплекцыі найбольш падыходзіў для молата. Так і вырашыўся мой спартыўны лёс.
Дарэчы, жонка Івана таксама спартсменка: Вольга кідала дыск, а цяпер — трэнер. Таксама, як і муж, працуе дзеля развіцця лёгкай атлетыкі і непасрэдна падрыхтоўкі кідальнікаў.
У рамках праекта «Алімпійскі выбар» Прэзідэнцкі спартыўны клуб па жаданні Івана Ціхана пералічыў фінансавую дапамогу спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву №3 г. Слоніма. Сачылі сланімчане, зразумела, і за спаборніцтвамі з удзелам свайго земляка.
Дырэктар СДЮШАР №3 г. Слоніма Сяргей ДЗЯМІДЗІК:
— Мы з дзецьмі ў той час былі ў паходзе, і ноччу, калі ішла трансляцыя, ніхто не спаў. Сядзелі ля агню і, хоць з інтэрнэтам там было праблематычна, сачылі ў рэжыме рэальнага часу за пратаколамі спаборніцтваў, перажывалі за Ваню.
— Гэта мая малая радзіма, дзе для мяне ўсё звязана са словам «упершыню» — першыя крокі, першыя эмоцыі, першыя дасягненні ў спорце, — кажа Іван Ціхан. — І, вядома, я ўдзячны за гэта сваім бацькам Рыгору Нікадзімавічу і Ніне Іванаўне, дзякуючы якім я засвоіў, што ўсё ў жыцці дасягаецца самаадданай працай, а таксама настаўнікам.
Выкладчыкі і выхаванцы Слонімскай СДЮШАР №3 сустракалі Івана Ціхана па вяртанні з Рыа ў Мінскім аэрапорце. Цяпер у дзяцей ёсць фотаздымкі са знакамітым земляком, яго аўтограф, а хтосьці, пэўна, імкнецца таксама трапіць на Алімпійскія гульні. Дарэчы, юным кідальнікам молата ў гэтым жаданні сваё плячо падстаўляе Іван Ціхан. З дапамогай мясцовых улад у аграгарадку Жыровічы на базе аграрнага тэхнікума для іх пабудавалі два сектары — адзін для трэніровак, а на другім ужо традыцыйна праводзяцца адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы на прызы заслужанага майстра спорту Беларусі Івана Ціхана. Сёлета гэты турнір адбыўся ўжо адзінаццаты раз, удзельнічалі 104 кідальнікі молата ў дзесяці ўзроставых катэгорыях з розных куткоў нашай краіны, а таксама госці з Ірана. А раней прыязджалі і з Расіі, Грузіі, Малдовы, Латвіі, Літвы...
— Нейкія «зорачкі» дзякуючы гэтаму турніру з'явіліся?
— Безумоўна, тыя ж Алег Дубіцкі, Сяргей Каламоец. Іранцы, якія ўдзельнічалі ў Алімпійскіх гульнях, у свой час таксама прыязджалі на гэтыя спаборніцтвы.
Сіла мышцаў нічога не вартая без сілы духу
— Чаму спаборніцтвы атрымалі прапіску менавіта ў Жыровічах?
— Ад маёй роднай вёскі да Жыровічаў 5 кіламетраў і, памятаю, мы ў дзяцінстве хадзілі ў манастыр... лячыць зубы. А потым, калі пачынаеш сталець, прыходзіць разуменне, што Жыровічы — гэта не толькі ціхае, спакойнае мястэчка, але і стагоддзямі намоленае, духоўнае. Для заняткаў спортам, мяркую, гэта вельмі важна.
— У тым сэнсе, што сіла духу не менш важная для спартсмена, чым сіла мышцаў?
— Так. Мы ўсе, па сутнасці, аднолькавыя — костачкі, мышцы, звязкі... Бясспрэчна, ёсць нейкія, як кажуць, прыродныя задаткі арганізму, аднак калі трэніравацца, то можна дасягнуць пэўнага фізічнага ўзроўню.
Але ў асноўным поспех залежыць ад сілы духу, псіхалогіі, твайго жадання. Калі ёсць матывацыя і яна настолькі моцная, што не сціраецца за штодзённасцю, манатоннасцю трэніровак, то поспеху даб'ешся.
Ніколі не трэба падаць духам, ты павінен імкнуцца наперад, да сваёй мэты, пры гэтым пераадольваючы ўласныя недахопы і тое, што ставяць перад табой нейкія знешнія фактары. Жыць і ўспрымаць усё ў жыцці трэба годна.
— Чым найперш запомніцца Алімпіяда ў Рыа?
— Напэўна, медалём. Не было ніякіх казусаў, якія б выклікалі моцныя эмоцыі, акрамя таго, што я быў у сектары на гэтым стадыёне і паказаў вынік, які даў мне сярэбраны медаль.
Пры гэтым хачу падкрэсліць, што поспех спартсмена — гэта не толькі яго асабістая заслуга. Так, ад нашага майстэрства, характару, сілы духу шмат што залежыць. Але нельга забываць і пра функцыянераў, якія бяруць на сябе арганізацыйныя клопаты па падрыхтоўцы і выступленнях спартсменаў, і пра медыкаў. Напрыклад, і ў Гродзенскім, і ў рэспубліканскім дыспансерах спартыўнай медыцыны створана добрая база для працэдур, якія дазваляюць някепска аднаўляцца пасля нагрузак.
— А што хочацца сказаць балельшчыкам?
— Ваша падтрымка, шаноўныя балельшчыкі, гэта для спартсмена быццам энергетычныя патокі, якія даюць яму дадатковую сілу.
Пры гэтым важна быць са спартсменам падчас не толькі яго трыумфу, але і няўдач. І падтрымліваць не толькі прызёраў, бо сам факт адбору на Алімпіяду — гэта пры сённяшняй канкурэнцыі ўжо вялізнае дасягненне. Будзьма разам, як адна сям'я, і тады ўсе мы будзем мацнейшымі!
«Згадзіўся б і на палатку»
— Былі выказванні аб недапрацоўках арганізатараў Алімпіяды...
— Я прыехаў пазней, і калі ў першыя дні былі пралікі, то іх потым ліквідавалі. Зрэшты, я ехаў у Рыа не па камфорт. Мне бы, вобразна кажучы, палатку паставілі замест гасцінічнага пакоя — я б згадзіўся. Была б толькі магчымасць выступіць на Алімпіядзе. Тое ж тычыцца, напрыклад, і харчавання: кулінарныя перавагі пачакаюць твайго вяртання дамоў.
...У Дзень ведаў Іван Ціхан пабываў на дзвюх школьных лінейках — у дачкі-першакласніцы і сына, які вучыцца ў сёмым класе. Акрамя таго, быў ганаровым госцем у Гродзенскім вучылішчы алімпійскага рэзерву і ў купалаўскім універсітэце, дзе ён цяпер аспірант і рыхтуе кандыдацкую дысертацыю.
— Яна будзе звязана з маёй падрыхтоўкай да Алімпійскіх гульняў, — паведаміў Іван Ціхан.
— У далейшым будзеце займацца падрыхтоўкай спартсменаў?
— Калі чалавек больш за 20 гадоў праводзіць у спорце, то яму складана перастроіцца на нешта іншае. Таму жаданне і далей рэалізоўвацца ў вядомым табе кірунку ёсць. А як канкрэтна — жыццё падкажа.
Барыс ПРАКОПЧЫК
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:prakopchik@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/spabornictvy
[6] https://zviazda.by/be/tags/ivan-cihan
[7] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni-2016
[8] https://zviazda.by/be/tags/balelshchyki
[9] https://zviazda.by/be/tags/spartsmen
[10] https://zviazda.by/be/tags/peramoga