У Беларусі з'явіўся свой Майкл Фэлпс — Ігар Бокій пяць разоў перамагаў на Параалімпійскіх гульнях у Лондане, а цяпер заваяваў «золата» і ў Рыа. Медаль стаў першым для нашай зборнай на спартыўным форуме, які праходзіць у Бразіліі.
Пераможным для беларуса стаў заплыў на 100 метраў батэрфляем у катэгорыі S13 (спартсмены з парушэннямі зроку). Ігар Бокій паказаў вынік у 53,85 секунды і пабіў сусветны рэкорд, які належаў яму самому. Найбліжэйшымі пераследнікамі сталі ўзбекі Кірыл Панкоў і Музафар Турсунхаджаеў.
«У нас не было ніякіх чаканняў ад заплыву, — цытуе беларускага чэмпіёна афіцыйны сайт Гульняў. — Мы проста зацята працавалі разам з трэнерам, і менавіта тут я змог выкласціся па максімуме, каб дасягнуць найлепшага магчымага выніку. Цяпер я нерваваўся значна больш, чым чатыры гады таму ў Лондане. На мне ляжаў цяжкі груз адказнасці, бо вельмі шмат людзей верылі ў мяне і спадзяваліся на поспех, я не хацеў іх расчараваць. Гэта падштурхоўвала мяне працаваць і працягваць паказваць добрыя вынікі. Мой трэнер заўсёды паўтарае адну фразу ўсім падапечным: «Каб перамагчы, ты павінен мець характар камікадзэ. Ты павінен ісці да канца і не звяртаць увагі на тое, што адбываецца вакол і ўнутры цябе».
Са знакавай перамогай Ігара Бокія павіншаваў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка, пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага лідара.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lyskavets@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/paralimpiyskiya-gulni-2016
[5] https://zviazda.by/be/tags/paralimpiycy
[6] https://zviazda.by/be/tags/plavanne
[7] https://zviazda.by/be/tags/igar-bokiy