У дзень бібліятэк, 15 верасня, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі кампаніяй «Белгіпс Эка» былі перададзены каштоўныя старыя кнігі. Некаторыя сродкі масавай інфармацыі паведамлялі, быццам рарытэты былі знойдзены... у макулатуры. Карэспандэнт «Звязды» высветліла, ці з'яўляецца праўдзівай такая версія?..
Кампанія «Белгіпс Эка» сапраўды займаецца зборам другаснай сыравіны, у прыватнасці макулатуры. Але ў той жа час там рэалізуецца праект «Падары кнізе другое жыццё», які мае сацыяльную накіраванасць. Вялікія зялёныя скрыні акурат з такім надпісам можна ўбачыць па ўсёй сталіцы. Туды трапляюць кнігі, якія ўжо не надта патрэбны сваім уладальнікам. Іх пераразмяркоўваюць у розныя арганізацыі, якія могуць мець у гэтым
патрэбу, — хоспісы, дзіцячыя дамы, бібліятэкі.
Падчас чарговага збору выданняў знайшлі кнігі, якія нават вонкава сведчылі пра сваю каштоўнасць. Супрацоўнікі кампаніі адразу звярнуліся ў Нацыянальную бібліятэку па экспертызу. Там пацвердзілі, што некаторыя з выданняў маюць выключную каштоўнасць. Гэта, напрыклад, «Псалтыр» з Кіева 1888 года выдання, поўны збор твораў Гогаля ў адным томе 1921 года выдання. А самым каштоўным выданнем аказаўся падручнік па маральнай тэалогіі, надрукаваны ў сярэдзіне XVІІІ стагоддзя ў Вільні тамтэйшымі піярамі. На той час манахі-піяры былі лідарамі ў адукацыйнай дзейнасці і рыхтавалі найлепшыя падручнікі па розных галінах навук.
— Гэта вельмі рэдкае і каштоўнае выданне, — адзначае намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь СУША. — Яно тым больш важнае, што раней такой кнігі ў фондах не было. Па-першае, яна лічыцца нацыянальным дакументам — была надрукавана ў Вільні, якая для Беларусі з'яўляецца адной з культурных сталіц. Па-другое, кніга два стагоддзі знаходзілася на беларускіх землях, пераходзіла з рук у рукі — адпаведныя пазнакі змяшчаюцца на старонках. Яна была ў руках ніжэйшага каталіцкага духавенства, спачатку ў Вільні, а затым у Будслаўскім манастыры бернардзінцаў. Мы, на жаль, не можам устанавіць, кім былі яе ўладальнікі ў XІX і XX стагоддзях. Многія пазнакі на кнізе яшчэ не расшыфраваныя — магчыма, яны дапамогуць праліць святло на гэта пытанне.
Такое здарэнне ў нечым выпадковага папаўнення фондаў старадрукамі не адзінкавае. Раней рэгулярна праходзілі археаграфічныя экспедыцыі — калі супрацоўнікі бібліятэкі накіроўваліся ў далёкія рэгіёны краіны. Напрыклад, на Віцебшчыну, дзе жылі стараверы і захоўвалі шмат старых выданняў, рукапісаў. Яны самі ці іх нашчадкі часта прапаноўвалі аддаць старажытныя кнігі. Часам спадчыннікі пасля смерці бацькоў прыносяць і пакідаюць у бібліятэцы каштоўныя рарытэты, якія раней належалі іх сям'і.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/knigi
[4] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-bibliyateka
[5] https://zviazda.by/be/tags/staradruk