Зараз у Кітаі трохдзённыя канікулы, падчас якіх адзначаюць свята сярэдзіны восені, перадае “Жэньмінь жыбаа” анлайн” [3].
Свята Сярэдзіны Восені (中秋节) – Чжунцюцзе -- прыпадае на 15-ае чысло 8-га месяца па месяцовым календары. Таксама гэтае свята называюць і Святам Месяца. Кітайцы лічаць, што менавіта ў гэты час лепш за ўсё атрымліваць асалоду ад назірання за месяцам.
Яго пачалі адзначаць яшчэ напрыканцы Х стагоддзя -- пры дынастыі Сун. З гэтым святам звязана легенда аб прыгажуні Чан’э, каханай слаўнага стралка з лука Хоу І. Кажуць, што ў даўнія часы на небе адразу з'явіліся 10 сонцаў. Ад іх спякоты загінуў ўраджай, многія людзі загінулі. І вось мужчыны вырашылі зрабіць вялізнага памеру лук і стрэлы. Калі лук быў гатовы, яны папрасілі аб дапамозе Хоу І. Ён забраўся на высокую гару і разбіў стрэламі 9 сонцаў, пакінуўшы толькі адно для асвятлення Зямлі. За выратаванне людзей багіня Сіванму узнагародзіла адважнага Хоу эліксірам неўміручасці. Кожны, хто з'ядаў адну драбінку гэтага эліксіра, мог жыць вечна і не старэць, а калі з'ядаў дзве, то мог ўзнесціся на Месяц.
Чан’э даўно марыла пабываць на Месяцы і таму, калі Хоу І не было дома, вырашыла паспрабаваць цудадзейныя зёлкі і патрапіла на Месяц. Гэта было якраз 15-га чысла 8-га месяца. Але як бы на Месяцы не было прыгожа, Чан’е там было вельмі самотна, і таму кожны год у гэты дзень яна запальвае сьвяцільню і ярка асвятляе ім зямлю, каб убачыць хоць на імгненне свайго каханага. З тых часоў у гэты дзень прынята любавацца прыгажосцю Месяца.
Традыцыйнай стравай у гэты дзень лічыцца «юэбін» (月 юэ -- месяц, 饼 бін -- пернік, праснак), або месяцовы пернік. Па форме пернікі нагадваюць месяцовы дыск, а рыхтуюцца з пшанічнай мукі з алеем, бываюць як салодкімі (начынне з цукру, грэцкіх арэхаў, разынак і сушанай садавіны), так і салёнымі. Рыхтавацца да гэтага свята пачынаюць задоўга да яго пачатку, нярэдка ўжо напрыканцы лета на прылаўках крам з'яўляюцца ў продажы месяцовыя пернікі. Іх прынята дарыць сябрам. Гэта свайго роду пажаданне дабрабыту ў сям'і.
Лічыцца што ў гэты дзень месяцовы дыск самы яркі і круглы у годзе. Вобраз «паўнаты» фігуруе ў некалькіх сэнсах: гэты час завяршэння збору ўраджаю; месяц з'яўляецца сімвалам жаночага пачатку, яе паўната -- таксама сімвал урадлівасці. Паводле кітайскай традыцыі, спадарожнікам Чан’э на месяцы з'яўляецца трусік, які таўчэ ў ступе зёлкі неўміручасці седзячы пад карычным дрэвам, а таксама трохногая жаба -- сімвал жаночага пачатку. Свята адзначаюць ўсёй сям'ёй, і семантыка «кола сям'і» прысутнічае ў падзеле пернікаў на ўсіх.
Па сваёй значнасці свята саступае толькі кітайскаму Новаму году. Са старажытным святам звязана мноства народных легенд і звычаяў. Паставіць свечку ў курыльніцу каля храма -- адна са старажытных традыцый свята сярэдзіны восені. Запальваючы свечку, кожны загадвае жаданне. Жадаюць звычайна здароўя блізкім, дабрабыту сям'і. Гэтае свята, як і кітайскі Новы год, жыхары Паднябеснай імкнуцца сустрэць у сямейным коле. Таксама ў гэты дзень прынята выстаўляць на стол кавуны, яблыкі, фінікі і слівы.
У свята тысячагадовая гісторыя, у розных частках Кітая яго адзначаюць па-свойму, адзначае “Жэньмінь жыбаа” анлайн”. У горадзе Пучэн жанчыны збіраюцца, каб перайсці праз мост Наньпу. Яны вераць, што гэта прынясе ім даўгалецце. Жыхары Цзяньніна развешваюць лямпы, каб памаліцца за дзяцей. У Шаньтоу галоўнае страва святочнага стала -- клубні тара, у той час як у Нанкін гэта качка, прыгатаваная з кветкамі духмянай масліны. У некаторых раёнах робяць невялікія пагады з чарапіцы з адтулінамі на даху. У свята іх напаўняюць дровамі і падпальваюць. У полымя сыплюць спецыяльны парашок, гэта сімвалізуе багацце і дабрабыт.
А жыхары павета Лун’янь звычайна дастаюць цэнтральную частку перніка для старэйшых, што азначае, што ёсць патаемныя таямніцы, пра якія маладыя не павінны ведаць. У павеце Усі правінцыі Цзянсу ўвечары ў Свята сярэдзіны восені людзі паляць ладан «Доусян». Гаршчок ладану абкладваецца шоўкам, на якім намаляваныя карціны месяца. Ёсць і іншыя ўпрыгажэнні такіх гаршчкоў. А жыхары Шанхая п'юць віно са смакам духмянага асмантуса. У павеце Цзіань правінцыі Цзянсу пры заканчэнні Свята сярэдзіны восені ў кожнай вёсцы паляць гаршчок саломы. Пасля таго, як гаршчок стаў чырвоным, у яго наліваюць воцат, і па ўсёй вёсцы разносіцца прыемны водар.
У правінцыі Аньхой дзеці плятуць косы з саломы, а дарослыя танчаць з цмокам, вырабленым з саломы. Жыхары правінцыі Сычуань ядуць «Юэбін», і рыхтуюць мясцовыя тарты «Ба», а таксама ядуць качку. У некаторых месцах яшчэ над варотамі вешаюць лямпы ў мандарыны, адзначаючы Свята сярэдзіны восені. У павеце Луань правінцыі Шаньсі ў Свята сярэдзіны восені запрашаюцца на банкеты зяці. У павеце Датун пернік «Юэбін» называюць «пернікам для сустрэчы родных пасля расстання». Жыхары павета Хэцзянь правінцыі Хэбэй лічаць дождж у Свята сярэдзіны восені "горкім». Калі ў гэты дзень ідзе дождж, то лічыцца, што гародніна ў гэтым годзе абавязкова будзе нясмачная. Мужчыны павета Сісян правінцыі Шэньсі ўвечары ў гэты дзень катаюцца на лодках і падымаюцца ў горы, жанчыны ладзяць банкеты. І багатыя, і бедныя людзі абавязкова ядуць кавуны. У павеце Лочуань правінцыі Шэньсі бацькі школьнікаў з падарункамі наведваюць настаўнікаў, віншуючы іх са святам. Яны звычайна абедаюць у школах.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] http://russian.people.com.cn/
[4] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[5] https://zviazda.by/be/tags/chzhunczyucze
[6] https://zviazda.by/be/tags/vosen
[7] https://zviazda.by/be/tags/svyata
[8] https://zviazda.by/be/tags/svyatkavac
[9] https://zviazda.by/be/tags/uradzhay
[10] https://zviazda.by/be/tags/padnyabesnaya