За студзень-жнівень гэтага года больш за 1,1 тысячы беспрацоўных атрымалі субсідыі на адкрыццё ўласнай справы. Траціна з тых, каму дзяржаўныя службы занятасці выдаткавалі грошы на бізнес, — жыхары малых гарадоў і сельскіх населеных пунктаў.
Асноўныя віды прадпрымальніцкай дзейнасці, якія выбіраюць беларусы, — транспартныя і цырульніцкія паслугі, будаўніцтва, пашыў адзення, рамонт аўтамабіляў, гандаль, вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі.
Памер субсідыі складае 11 бюджэтаў пражытковага мінімуму — цяпер гэта 1 930 рублёў. Калі чалавек збіраецца арганізаваць сваю справу ў малым горадзе з устойліва высокім узроўнем беспрацоўя ці ў сельскай мясцовасці, то можа разлічваць на фінансавую падтрымку ў 2 632 рублі. У выпадку, калі прадпрымальніцкая дзейнасць звязана з укараненнем вынікаў навуковых распрацовак і даследаванняў, сума субсідыі будзе 3 500 рублёў.
Ахвотных працаваць на сябе спецыялісты службаў занятасці навучаюць таксама прававым і фінансавым асновам бізнесу.
— Мы назіраем за тымі прадпрымальнікамі, хто атрымаў субсідыю, на працягу года, — кажа начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег ТОКУН. — Але мы не ацэньваем гаспадарчую дзейнасць, не глядзім, як эфектыўна вядзецца бізнес — нам важна, каб чалавек працаваў.
Выдаткаваныя грошы могуць патрабаваць вярнуць, калі чалавек не выкарыстаў іх па мэтавым прызначэнні (напрыклад, не закупіў абсталяванне, якое абяцаў набыць у дагаворы) ці займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю менш, чым шэсць месяцаў у годзе. Алег Токун заўважае, што такія выпадкі бываюць, але не носяць масавага характару.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:lubneuskaya@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/indyvidualnyya-pradprymalniki
[5] https://zviazda.by/be/tags/pradprymalnictva
[6] https://zviazda.by/be/tags/bespracoue
[7] https://zviazda.by/be/tags/ulasnaya-sprava
[8] https://zviazda.by/be/tags/praca
[9] https://zviazda.by/be/tags/dahod
[10] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-pracy-i-sacyyalnay-abarony-belarusi
[11] https://zviazda.by/be/tags/aleg-tokun-0