Паслугу для пенсіянераў «Унучка на гадзіну» цяпер прапануюць у Цэнтральным раёне сталіцы. «Унучкамі», якія будуць дапамагаць пажылым людзям, стануць работнікі мясцовага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва. Яны гатовы прыбраць у кватэры, памыць вокны, аплаціць «камуналку», схадзіць па прадукты ці ў аптэку.
Паслуга платная. Кошт залежыць ад таго, колькі часу пойдзе на тое ці іншае заданне, і разлічваецца з нормы 3 рублі 30 капеек за гадзіну.
Новаўвядзенне прадугледжана для пенсіянераў, якія не знаходзяцца на надомным абслугоўванні. Каб скарыстацца паслугай, чалавеку неабходна проста патэлефанаваць у ТЦСАН (па нумары 290-63-02 ці 290-62-09) і пакінуць заяўку. Што зручна, ніякіх дакументаў для гэтага збіраць не трэба. Замовіць «унучку» могуць толькі жыхары Цэнтральнага раёна.
Кастрычніцкі раён сталіцы запускае з 1 кастрычніка паслугу «Хвілінка для мамы». Бацькі, якім няма з кім пакінуць дзіця, змогуць прывесці яго на некалькі гадзін у ТЦСАН, дзе за малым прыглядзяць педагогі-псіхолагі. А мама тым часам паспее схадзіць да ўрача, падстрыгчыся ў цырульні ці з'ездзіць у краму.
Заяўкі на паслугу будуць прымаць з усяго горада. Спецыялісты гатовы сядзець з дзецьмі рознага ўзросту: і з малымі, якім яшчэ няма года, і з 8-гадовымі школьнікамі. Самым малодшым абяцаюць забяспечыць догляд, а старэйшым прапануюць заняткі на развіццё.
Работу арганізуюць так, каб бацькі не прыводзілі ў адзін і той жа час рознаўзроставых сыноў і дачок. Плануецца, што дзеці будуць заставацца пад доглядам псіхолагаў не больш за дзве гадзіны. Кошт паслугі — 3 рублі 30 капеек у гадзіну. Падрабязнасці па тэлефонах 219-74-19 і 219-74-00.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] mailto:lubneuskaya@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/unuchka-na-gadzinu
[6] https://zviazda.by/be/tags/pensiyanery
[7] https://zviazda.by/be/tags/sacyyalnyya-paslugi