Восень — час падвядзення вынікаў. І шчаслівы той, хто прыходзіць да гэтай пары з рахункам зробленых карысных спраў. Гэта акурат можна сказаць пра Дабрачынны фонд «Любчанскі замак» — летам там пашчыравалі ад душы. Дзякуючы праведзеным работам у бліжэйшы час на замку, згодна з прынятай канцэпцыяй яго адраджэння, будуць адноўлены... яшчэ дзве страчаныя вежы.
У мінулым годзе падчас археалагічных даследаванняў удалося адшукаць рэшткі Паўночнай вежы (Дазорцы). Падмуркі знаходзіліся вельмі глыбока — на 3,5 метра ніжэй за ўзровень замчышча. Вывучалі таксама падмуркі паўднёва-заходняй сцяны — як высветлілася, яны разбіраліся, а будаўнічы матэрыял з іх выкарыстоўваўся для ўзвядзення палаца ў 1860-х гадах. Усё гэта дало падставы для прыняцця рашэння аб аднаўленні страчаных аб'ектаў.
Сляды кунсткамеры
Сёлета археалагічныя работы былі скіраваныя на даследаванне муроў флігеля і палаца (якія захаваліся да нашага часу). Таксама шукалі, дзе знаходзілася скарбніца князёў Радзівілаў: згодна з інвентарамі, яна была ўзведзена на падмуроўцы — на глыбіні каля паўметра. Частка экспанатаў скарбніцы ў свой час стала асновай унікальнага музея — Любчанскай кунсткамеры. У ёй захоўваўся збор карцін і скульптуры вядомых майстроў, археалагічныя калекцыі, зброя. Аднак і па сёння, на жаль, ні слядоў калекцый, ні самой скарбніцы адшукаць не ўдалося...
Затое знайшлі рэшткі плацін: калісьці замак з трох бакоў атачаўся равамі з вадой, а каля Нёмана яе ўтрымлівалі драўляныя перагародкі, якія і былі знойдзеныя.
Археолагі спрабавалі таксама адшукаць падмуркі драўлянай Усходняй вежы, аднак так і не натрапілі на іх. Падмуркаў або не мелася зусім, або яны былі невялікімі і іх разабралі, калі будавалі палац. Аднак Усходнюю вежу ўсё адно плануецца ўзвесці — згодна з тым, як яна адлюстравана на гравюры Нарновіча-Наронскага, што захоўваецца ў Варшаве.
Дырэктар дабрачыннага фонду «Любчанскі замак» Іван Пячынскі кажа, што, каб правесці археалагічныя раскопкі, давялося сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі:
— Першапачаткова кошт раскопак, згодна з атрыманымі каштарысамі, вагаўся ад 30 800 да 106 600 рублёў. Аднак такая сума для дабрачыннага фонду, натуральна, была недасяжнай. Таму мне давялося звярнуцца па дапамогу і напісаць ліст у Адміністрацыю Прэзідэнта. Там да сітуацыі паставіліся з разуменнем і дзякуючы кіраўніцтву Акадэміі навук і Інстытута гісторыі было знойдзена рашэнне, якое задаволіла ўсіх. Раскопкі прайшлі паспяхова і, самае галоўнае, своечасова, калі на замку было шмат валанцёраў.
Пракладваючы масты і плаціны
Сёлета спецыялісты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта дапамогуць у правядзенні інжынерных даследаванняў — будуць вывучаны фундаменты збудаванняў і зроблены заключэнні па іх стане. Атрыманыя матэрыялы плануецца выкарыстаць для аднаўлення вежаў, палаца і флігеля. Стане зразумела, ці патрэбны дадатковыя ўмацаванні падмуркаў.
— Мы спадзяёмся што архітэктурны праект на ўвесь комплекс будзе гатовы і вынесены на разгляд савета пры Міністэрстве культуры ў кастрычніку гэтага года, — адзначае Іван Пячынскі. — Калі архітэктурны праект прыме (зацвердзіць) савет, будзе распрацаваны яшчэ і будаўнічы праект, які разгледзіць пазаведамасная экспертыза.
Пасля атрымання дакументацыі рабочага праекта першапачаткова плануецца аднаўляць тыя збудаванні, якія існавалі ў ХVІІ стагоддзі: Паўночную вежу, затым Усходнюю — гэта архітэктурныя дамінанты канца ХVІ — ХVІІ стагоддзя. Будуць аднаўляцца масты, якія ішлі да замка, плаціны. Плануецца паглыбіць равы, якія і сёння атачаюць старажытны мур.
Дзеля даўгавечнасці
Для аднаўлення збудаванняў будуць выкарыстаныя доўгатэрміновыя матэрыялы — камяні, цэгла. Сёлета падчас некалькіх валанцёрскіх летнікаў была зроблена вельмі важная работа — са старых, непатрэбных будынкаў нарыхтавана 31,5 тысячы цаглін. Калі ўлічыць, што адна цагліна каштуе 4,1 рубля, а важыць 3,9 кг, то робіцца відавочным, што фонду ўдалося істотна сэканоміць. Калі б набываць такую ж колькасць цэглы, давялося б замовіць 6 фур па 20 тон, на кошт амаль 130 000 рублёў. А дастаўка каштавала б не менш за 3400 рублёў. Таму тую работу, што зрабілі валанцёры толькі нарыхтоўваючы цэглу, можна ацаніць у 133 400 рублёў.
Для вонкавых работ будзе выкарыстана цэгла, што і па форме, і па колеры адпавядае гістарычнай. Магчыма, яе змогуць вырабіць на Мінскім заводзе будаўнічых матэрыялаў (ужо вядуцца адпаведныя перамовы).
Шмат іншага матэрыялу — драўніны — патрэбна на заканчэнне Брамнай вежы. Яна неабходна, каб правесці ўнутраныя работы, у тым ліку наслаць падлогі. Таму Іван Пячынскі звярнуўся да міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча (ён нарадзіўся недалёка ад Любчы, у Клюкавічах). Як высветлілася, міністр пра замак ведаў і раней, нават бываў у ім. Таму праектам аднаўлення вельмі зацікавіўся і пагадзіўся падтрымаць яго будаўнічымі матэрыяламі. Такая шчодрая дапамога аказалася вельмі своечасовай.
Варта дадаць, што не толькі Міхаіл Амельяновіч стаў добрым сябрам Любчанскага замка — ужо шмат гадоў аднаўленне вельмі істотна фінансава падтрымлівае Прыорбанк.
Уласнымі рукамі...
Натуральна, Любчанскі замак складана ўявіць без валанцёрскіх летнікаў. Многае робіцца тут менавіта рукамі студэнтаў-добраахвотнікаў. Не стаў выключэннем і гэты год. Сёлета правялі чатыры летнікі — студэнтаў БНТУ, БДТУ, БДУ. Таксама прыязджалі папрацаваць тыя, хто ўжо раней бываў на замку. На некаторыя выхадныя адначасова збіралася да 70—100 чалавек!
Важнай справай, аднаўленнем уязных калон, займаўся студэнт 5-га курса БДТУ Сяргей Сахончык. У яго камандзе працавалі іншыя навучэнцы гэтай установы, у тым ліку Ягор Дабравольскі. Хлопцы расказалі, што ім прыемна ўсведамляць сваю карыснасць — рабіць справу, якая застанецца для нашчадкаў... Атрыманы досвед аднаўленчых работ дазволіў ім па-новаму зірнуць на сябе і на тое, што можна зрабіць уласнымі рукамі...
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
nina@zviazda.by [3]
Навагрудскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:nina@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/vezha
[5] https://zviazda.by/be/tags/lyubchanski-zamak
[6] https://zviazda.by/be/tags/zamak
[7] https://zviazda.by/be/tags/arhealagichnyya-znahodki
[8] https://zviazda.by/be/tags/arhealagichnyya-abekty
[9] https://zviazda.by/be/tags/ivan-pyachynski
[10] https://zviazda.by/be/tags/arhitektura
[11] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt