Калі дзіця развіваецца правільна, то пачынае хадзіць да канца першага года. Паскараць гэты момант ні ў якім разе нельга, хоць малыя нярэдка спрабуюць стаць на ножкі раней. Усё ж такі гэта празмерная нагрузка для крохкіх і гібкіх касцей, слаба развітых мышцаў. У выніку можа ўзнікнуць дэфармацыя і плоскаступнёвасць, якая з гадамі абумовіць шмат праблем з суставамі.
Плоскаступнёвасць — гэта дэфармацыя ступні, яе зводаў. Ступня складаецца з многіх касцей, звязак, сухажылляў і мышцаў, якія ўтвараюць два зводы, папярочны і падоўжны. Каб вытрымаць хаду, бег, падскокі, перанос цяжару, нам патрэбна трывалая ступня, добры фундамент. Добрая ступня дапамагае трымаць раўнавагу, амартызуе нагрузку, абараняе каленны, тазасцегнавы і галёнкаступнёвы суставы і нават пазваночнік.
Плоскаступнёвасць сустракаецца фактычна ў кожнага пятага школьніка, хоць большасці з нас ад нараджэння дастаюцца здаровыя ногі, і ад нас саміх залежыць, ці захаваем мы іх у парадку да старасці.
Даволі цяжка не заўважыць патаўшчэнне ступні, яе пашырэнне ў пярэдняй і сярэдняй частцы, апушчаны падоўжны звод. Звод папярочны — гэта выемка каля пальцаў ступні, калі яе няма, вялікі палец скрыўляецца, а з узростам расце костачка, на падэшве ўтвараецца натоптыш, цвёрды мазоль. Дзеці з такой праблемай могуць скардзіцца на боль у нагах, стомленасць, асабліва пасля працяглай хады. Не пакідайце гэтыя скаргі без увагі.
— У першую чаргу падбярыце дзіцяці правільны абутак з самага малога ўзросту, — кажа ўрач лячэбнай фізкультуры 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Антаніна ТОПТУН. — Абутак павінен быць па памеры, з натуральнай, эластычнай скуры, гнуткі, з добрай амартызацыяй. Абавязковы атрыбут — абцас. Недапушчальна набываць абутак з адкрытай пяткай! Самы вялікі вораг ступні — высокія і касыя абцасы, падэшвы-платформы. Насок не павінен сціскаць пальцы, але і не павінен быць надта прасторным. Неабходна выкарыстоўваць і сцелькі-супінатары, якія будуць падтрымліваць натуральную вышыню зводаў ступні (прадаюцца ў спецыяльных магазінах — там жа ёсць і гатовы артапедычны абутак).
Умацаваць ступню дапаможа лячэбная гімнастыка, але пры ўмове, калі выконваць яе штодня. Практыкаванні лепей рабіць раніцай, пакуль мышцы не стаміліся. Паўтараць кожнае практыкаванне варта да 10-12 разоў.
Каб пазбегнуць падобных праблем, трэба яшчэ мець правільную постаць, штодня займацца лячэбнай гімнастыкай, спортам, весці рухавы лад жыцця.
Святлана Барысенка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue
[4] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya
[5] https://zviazda.by/be/tags/abutak
[6] https://zviazda.by/be/tags/stupnya
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzicya
[8] https://zviazda.by/be/tags/nogi
[9] https://zviazda.by/be/tags/ploskastupnyovasc