Учора ў другім чытанні Палата прадстаўнікоў разгледзела рэспубліканскі бюджэт на наступны год. Парламентарыі называюць законапраект рэалістычным і спадзяюцца, што дакумент не прыйдзецца істотна карэктаваць у будучыні.
32% бюджэту — на дзяржпраграмы
Валерый Барадзеня, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, звярнуў увагу, что бюджэт дэпутаты адпрацавалі вельмі істотна.
— Сёння другое чытанне, але на самай справе гэта ўжо пятае вельмі прадметнае абмеркаванне ў парламенце праекта закона аб рэспубліканскім бюджэце і ўнясення змяненняў у Падатковы кодэкс, — кажа ён. — Яно праходзіла ў камісіях, на пашыраным пасяджэнні камісіі па бюджэце і фінансах, пасля было так званае нулявое чытанне з удзелам прэм'ер-міністра, таму вельмі шмат пытанняў ужо знята. Думаю, што мы павінны спадзявацца на тое, што гэта рэалістычны бюджэт, што закладзеныя параметры будуць выкананы і што бюджэт не прыйдзецца істотна карэктаваць.
Людміла Дабрыніна, старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах звярнула ўвагу на традыцыйную сацыяльную скіраванасць рэспубліканскага бюджэту.
— Агульны аб'ём фінансавання дзяржаўных праграм з рэспубліканскага бюджэту ў 2017 годзе складзе 5,562 млрд рублёў, або 33,2% усіх выдаткаў бюджэту, — праінфармавала дэпутат. — Фонд аплаты працы ў бюджэтным сектары запланаваны з ростам у межах 9%.
У другім чытанні быў прыняты законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь». Дакумент прыводзіць Падатковы кодэкс у адпаведнасць з не так даўно прынятымі ў новай рэдакцыі Лясным кодэксам, Кодэксам аб культуры, Законам «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях натарыяльнай дзейнасці», змяненнямі і дапаўненнямі ў Закон «Аб знешняй працоўнай міграцыі», а таксама ў адпаведнасці з указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
...Прыйдзецца напружыцца
Валянцін Рыбакоў, намеснік міністра замежных спраў, прадстаўляючы праект закона «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Туркменістана аб узаемным заахвочванні і абароне інвестыцый», адказаў на пытанні дэпутатаў пра будаўніцтва Гарлыкскага горна-ўзбагачальнага камбіната ў Лебапскім велаяце Туркменістана.
— Тэрмін здачы аб'екта паводле кантракта — 31 сакавіка 2017 года, — адзначыў намеснік міністра. — На вялікі жаль, мы сапраўды сутыкнуліся з цэлым шэрагам праблем пры будаўніцтве гэтага аб'екта. На яшчэ больш вялікі жаль, праблемы вельмі часта звязаны з пэўнай маруднасцю, неактыўнасцю, нерухавасцю беларускіх суб'ектаў гаспадарання. Паколькі гэтае пытанне не зусім адносіцца да МЗС, то я магу толькі сказаць, што робіцца ўсё, каб гэты аб'ект быў пабудаваны, пабудаваны годным чынам, здадзены ў эксплуатацыю ў адпаведныя тэрміны, хоць для гэтага і прыйдзецца напружыцца.
Без віз у... Макаа
Сярод шэрагу законапраектаў, прынятых учора, трэба назваць ратыфікацыю Пагаднення паміж Урадам нашай краіны і Урадам Спецыяльнага адміністрацыйнага раёна Кітайскай Народнай Рэспублікі Макаа аб узаемнай адмене віз.
— На сучасным этапе адносіны паміж Беларуссю і Макаа развіваюцца дастаткова дынамічна ў кантэксце пазітыўнага супрацоўніцтва ў цэлым з Кітайскай Народнай Рэспублікай, — канстатаваў Валянцін Рыбакоў. — Улічваючы значэнне Макаа ў якасці буйнога фінансавага, прамысловага, турыстычнага і транспартнага цэнтра ў Азіі, а таксама станоўчы вопыт устанаўлення Макаа бязвізавых рэжымаў з Расіяй, Украінай, Казахстанам, спрашчэнне рэжыму паездак для грамадзян у кантэксце палітычных адносін будзе мець пазітыўны эфект.
Адказваючы на пытанне дэпутата ад Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №33 Алега Леўшунова пра магчымасць спрашчэння візавага рэжыму для беларусаў замежжа, Валянцін Рыбакоў заявіў:
— Спрашчэнне візавага рэжыму — тая мера, якая можа дазволіць павялічыць колькасць прыязджаючых і турыстаў, і дзелавых людзей у Рэспубліку Беларусь. Гэта магло б садзейнічаць і ўстанаўленню асабістых кантактаў, іх пашырэнню. На жаль, гэтае пытанне дастаткова комплекснае, у яго вырашэнні ўдзельнічаюць некалькі іншых арганізацый, акрамя Міністэрства замежных спраў. Мы робім усё, каб усяляк падтрымліваць, у тым ліку і такімі мерамі, беларусаў, якія пражываюць за мяжой нашай краіны.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:yushkevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[5] https://zviazda.by/be/tags/byudzhet-na-2017-god
[6] https://zviazda.by/be/tags/finansy
[7] https://zviazda.by/be/tags/deputaty
[8] https://zviazda.by/be/tags/zakonapraekt-0