Адзін з вінаватых да прыезду ДАІ паспеў аформіць страхоўку.
У Мінску ў аўтамабіль, пакуль ён стаяў на паркоўцы, за кароткі прамежак часу ўрэзаліся дзве іншыя машыны.
Паводле інфармацыі АДАІ Маскоўскага раёна сталіцы, увечары на вуліцы Карла Лібкнехта дзяўчына прыпаркавала аўтамабіль «Хонда» і пайшла па справах. Вярнуўшыся літаральна праз дзесяць хвілін, яна ўбачыла, што ў яе машыну ўехаў аўтамабіль «Форд», якім кіраваў хлопец. Пакуль кіроўцы размаўлялі, з процілеглага боку вуліцы выехаў аўтамабіль «Рэно». Яго кіроўца не разлічыў адлегласць і ўрэзаўся зноў у машыну дзяўчыны.
Калі на месца двайнога дарожна-транспартнага здарэння прыбылі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі, кіроўца «Рэно» прад'явіў ім страхоўку грамадзянскай адказнасці, аформленую ў... 17.50. А аварыя здарылася ў 17.30. Высветлілася, што кіроўца паспеў паміж аварыяй і прыездам супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі збегаць у найбліжэйшае страхавое агенцтва на гэтай жа вуліцы і аформіць страхоўку, якой у яго не было. Падман быў раскрыты. Цяпер абодва кіроўцы заплацяць штрафы за парушэнне Правілаў дарожнага руху, што пацягнула пашкоджанне транспартнага сродку. А кіроўца «Рэно» дадаткова аштрафаваны на 210 рублёў за адсутнасць страхоўкі на момант аварыі.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/dai-dtz
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhautainspekcyya