Пра гэта паведаміў на брыфінгу Дзмітрый МІРОНЧЫК, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў. Візіт члена брытанскай каралеўскай сям'і, стрыечнага брата каралевы Лізаветы ІІ прынца Майкла Кенцкага адбудзецца 10—13 кастрычніка, у Беларусі ён будзе знаходзіцца з рабочым візітам.
— Прынц Майкл Кенцкі займаецца кансалтынгавай дзейнасцю, бізнесам і дабрачыннасцю ў шэрагу краін свету, — расказаў Дзмітрый Мірончык. — У прыватнасці, пад патранажам Яго Высокасці рэалізуецца шэраг глабальных некамерцыйных ініцыятыў у сферы бяспекі дарожнага руху — Міжнародны дабрачынны фонд «Іnternatіonal Road Safety Awards» і некамерцыйная структура «RoadSafe», якія ўкараняюць новыя тэхналогіі будаўніцтва дарожнай інфраструктуры, а таксама бяспекі пешаходаў і вадзіцеляў.
Як паведаміў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства, у рамках візіту плануецца правядзенне сустрэч з беларускімі афіцыйнымі асобамі, наведванне Парка высокіх тэхналогій, а таксама шэрагу гістарычных і культурных аб'ектаў — мемарыяльнага комплексу Хатынь, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага мастацкага музея.
— Візіт члена брытанскай каралеўскай сям'і будзе садзейнічаць развіццю двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама пашырэнню культурных сувязяў паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй, — заявіў Дзмітрый Мірончык.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:yushkevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-mironchyk-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/maykl-kencki
[6] https://zviazda.by/be/tags/brytanskaya-karaleuskaya-syamya