На фотаздымку, які вы бачыце, — жыццярадасныя 80-гадовы Андрэй Паўлавіч і 77-гадовая Маргарыта Цімафееўна катаюцца на самакатах каля футбольнага стадыёна «Барысаў-Арэна». Такі незвычайны рэцэпт даўгалецця прапанавалі фатографы Яўген Канаплёў і яго жонка Юлія Лэйдзік.
Маладая творчая сям'я, якая працуе ў дуэце, прадставіла на міжнародны фотаконкурс «Golden Belarus» праект пра энергічных і шчаслівых пажылых людзей. На здымках мадэлі не толькі катаюцца на самакатах, але і займаюцца скалалажаннем, ездзяць на культавым аўтамабілі Buіck Rіvіera і проста радуюцца жыццю. Па правілах конкурсу перамагчы павінен быў толькі адзін фотаздымак, і ім стаў кадр, дзе героі катаюцца на самакатах.
«Нашы бабулі і дзядулі ўжо не сядзяць на лавачках, яны сядзяць у інтэрнэце. У іх ёсць свае акаўнты ў сацыяльных сетках, ёсць жаданне падарожнічаць, стыльна апранацца... Андрэй Паўлавіч і Маргарыта Цімафееўна за час здымак сталі для нас прыкладам. Прыкладам таго, што сядзець на месцы нельга! Трэба рухацца, пражываць кожны дзень так, як быццам ён апошні. І галоўнае — не баяцца быць сабой», — растлумачылі фатографы выбар вобраза. За першае месца Яўген і Юлія атрымалі грант на навучанне ў лонданскай школе Central Saіnt Martіns і $2000.
У фотаконкурсе прынялі ўдзел больш за 200 фатографаў з розных краін свету, паведамілі ў Альфа-Банку, які выступіў арганізатарам маштабнага арт-праекта. Удзельнікі прадставілі сотні работ, якія ўтрымліваюць нечаканую інтэрпрэтацыю сучаснай Беларусі. Большасць з іх адлюстроўваюць ідэю мабільнага ладу жыцця.
Надзея ДРЫЛА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-dryla
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:nadzіeja@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/fatografy
[5] https://zviazda.by/be/tags/fotapraekt
[6] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-kanaplyou
[7] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta