Гэтая думка стала галоўнай падчас круглага стала на тэму «Моцная сям'я — моцная дзяржава: маральныя асновы грамадства і дзяржавы», які прайшоў у межах Тыдня маці ў сталічным храме-помніку ў гонар Усіх Святых. Пасля цікавай філасофскай размовы адбылося ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу сярод друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі «Моцная сям'я — моцная дзяржава». Тэматычны дадатак «Звязды» «Сямейная газета» атрымаў спецыяльны дыплом і прыз ад Другога нацыянальнага тэлеканала за супрацоўніцтва і інфармацыйную падтрымку рубрыкі «У вас будзе дзіця», якая выходзіць у праграме «Пакуль усе дома».
— Маральнасць, сям'я і дзяржаўнасць заўсёды былі традыцыйнымі беларускімі каштоўнасцямі, — адзначыла на круглым стале міністр інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ. — Гэтыя тэмы з'яўляюцца аднымі з прыярытэтных і ў нашых СМІ. Пацвярджэннем таму сталі вынікі конкурсу «Моцная сям'я — моцная дзяржава», які ўжо дзявяты год запар праводзіцца Міністэрствам інфармацыі сумесна з Беларускім саюзам жанчын. Сёлета мы атрымалі больш за 100 работ ад 76 рэдакцый СМІ, як рэспубліканскіх, так і рэгіянальных. Іх узровень вельмі высокі. Мяне асабіста радуе, што беларуская прэса актыўна і плённа асвятляе дзяржаўную дэмаграфічную палітыку, прапагандуе сямейныя каштоўнасці і традыцыі. Як міністр інфармацыі, лічу важным, каб СМІ і далей актыўна асвятлялі сямейную тэматыку, працягвалі гадаваць расткі дабра, маральнасці і духоўнасці ў нашых людзях. Сёлета ў Беларусі нарадзілася ажно 120 тысяч дзетак. Гэта яшчэ раз даказвае, што ў нашай краіне створаны спрыяльныя ўмовы для мацярынства.
Дарэчы, усе ўдзельнікі мерапрыемства мелі цудоўную магчымасць палюбавацца на шчаслівыя сем'і вачыма Анатоля Клешчука — у зале, дзе праходзіў круглы стол, былі выстаўлены работы фатографа газеты «Звязда».
У межах дыскусіі былі ўзняты глыбокія пытанні. Шмат гаварылі не толькі пра фізічнае здароўе бацькоў і іх дзяцей, але і пра духоўнае. Бо не сакрэт: толькі тая дзяржава, дзе жывуць сем'і, моцныя і целам, і духам, з'яўляецца моцнай. Настаяцель Усіхсвяцкага прыхода протаіерэй Фёдар Поўны выказаў думку, што нядрэнна, каб у школах з'явіліся ўрокі пяшчоты. Пра гэта і не толькі падрабязней мы раскажам у наступным нумары «Сямейнай газеты».
Надзея ДРЫЛА
dryla@zviazda.by [4]
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-dryla
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] mailto:dryla@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[6] https://zviazda.by/be/tags/liliya-ananich-1
[7] https://zviazda.by/be/tags/krugly-stol
[8] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[9] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[10] https://zviazda.by/be/tags/backi-i-dzeci-0