Само свята традыцыйна адзначаецца ў дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы — 14 кастрычніка. Урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай падзеі, адбудуцца ў нашай краіне ўжо ў 18-ы раз. У праграме — семінары, кансультацыі і майстар-класы, прысвечаныя ўмацаванню сям'і, выхаванню дзяцей і ролі жанчыны ў сучасным жыцці, а таксама буйная выстаўка-форум «Мацярынства і дзяцінства». Кульмінацыя тыдня — уручэнне Ордэна Маці.
У гэтым годзе высокай узнагароды ўдастоіліся 28 мінчанак. Умовы атрымання Ордэна няпростыя: у адважнай жанчыны павінна быць не менш за 5 дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Яшчэ адзін важны фактар — іх добрае выхаванне: такія сем'і заўсёды пад пільным наглядам дзяржавы. Усяго за 20 гадоў, на працягу якіх уручаецца гэтая ўзнагарода, яе атрымалі 568 беларусак. Як адзначыла старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна РАМАНОВІЧ, сярод жанчын становіцца ўсё больш тых, у каго атрымліваецца сумяшчаць паспяховую кар'еру і вялікую сям'ю. Для таго каб гэта было магчымым, дзяржава стараецца ствараць спрыяльныя ўмовы.
«Малышам на радасць, з карысцю для мам» — пад такім дэвізам праходзіць выстаўка-форум «Мацярынства і дзяцінства». Кіраўнік выстаўкі Вольга ІВАНОВА расказала, што на час дзеяння экспазіцыі — з 13 па 16 кастрычніка — запланавана больш за 70 навучальных, развівальных і забаўляльных мерапрыемстваў, уваход на ўсе — бясплатны. Мамы змогуць абмеркаваць са спецыялістамі спрэчную тэму груднога выкормлівання, даведацца ўсё пра бяспеку дзяцей як у рэальным жыцці, так і ў сетцы інтэрнэт, пракансультавацца з супрацоўнікамі сацыяльных службаў у цэнтры «Сям'я» і нават паўдзельнічаць з немаўлятамі ў слінг-дэфіле. Дзяцей чакаюць майстар-класы па арыгамі, папяровай пластыцы, скрапбукінгу, спаборніцтвы на дзіцячых роварах і электрамабілях і самае галоўнае — велізарны інтэрактыўны горад цацак.
Упершыню ў рамках выстаўкі пройдзе конкурс для будучых мам «Superмама», а самым маштабным мерапрыемствам стане фестываль блізнят і двайнят «Шчасце ўдвая».
Дар'я КАСКО
kasko@zvіazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-kasko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kasko@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/matulya
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzen-maci
[6] https://zviazda.by/be/tags/svyata
[7] https://zviazda.by/be/tags/urachystyya-merapryemstvy
[8] https://zviazda.by/be/tags/vystauka-macyarynstva-i-dzyacinstva
[9] https://zviazda.by/be/tags/zhanchyna
[10] https://zviazda.by/be/tags/orden-maci