На XX рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства паштавікі Віцебшчыны перамаглі ў камандным заліку. У “скарбонцы медалёў” каманды з Прыдзвіння і дзве індывідуальныя перамогі.
Каманда Віцебскага філіяла “Белпошты” ў выніку напружанай барацьбы заваявала “золата”. Ёй саступіла каманда Мінскага філіяла, а “бронза” — ў паштавікоў Брэстчыны.
Прадстаўніца Прыдзвінскага краю - начальнік аддзялення “Віцебск-2” Вікторыя Акулава стала лепшай сярод кіраўнікоў гарадскіх аддзяленняў паштовай сувязі. У тэарэтычнай і практычнай частках конкурсу ёй не было роўных. У выніку яна атрымала тытулы “Лепшы знаўца паштовай справы” і “Лепшы майстра паштовай справы”. Абаяльная жанчына стала абсалютным чэмпіёнам па колькасці ўзнагарод і званняў.
Вольга Валынец стала лепшай сярод начальнікаў сельскіх аддзяленняў. Працуе ў гарадскім пасёлку Ветрына Полацкага раёна.
— З паштовай сувяззю ўжо звязаны 10 гадоў майго жыцця. Упачатку працавала паштальёнам у Фарынава. Потым — аператарам у Ветрына. І вось ужо каля 8 гадоў узначальваю аддзяленне, — расказала яна журналісту "Звязды".
У яе падначаленні 3 паштальёны і аператар. Усе яны аказваюць паштовыя паслугі жыхарам Ветрына і двух суседніх вёсак. Агульная колькасць насельніцтва ў гэтых населеных пунктах прыкладна 1,5 тысячы чалавек.
У глыбінцы жыхары атрымліваюць такія ж паслугі, як і ў гарадах. Па-ранейшаму, нямала падпісчыкаў газет. Ёсць сярод іх і адданыя чытачы “Звязды”.
— Шчыра кажучы, было нялёгка, — расказвае пераможца. — За кароткі час — 30 хвілін — трэба было выканаць 5 заданняў. Самым складаным было скласці табель уліку працоўнага часу. Ведаю як, але час падганяў.
Вольга скончыла Віцебскі каледж сувязі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. У вольны час займаецца фізкультурай, вяжа.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:pukshansk%D1%96@zv%D1%96azda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/prafesiynae-maysterstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/poshta
[6] https://zviazda.by/be/tags/vicebshchyna
[7] https://zviazda.by/be/tags/belposhta
[8] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[9] https://zviazda.by/be/tags/pashtaviki