У нашых пар стабільна высокая цікавасць да ўсынаўлення, адзначае дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Наталля ПАСПЕЛАВА. У год прыкладна 600 хлопчыкаў і дзяўчынак з ліку сірот і малых, што засталіся без апекі бацькоў, перадаюцца ў сем'і.
Да італьянскіх прыёмных бацькоў за дзевяць месяцаў бягучага года паехалі 19 дзяцей. Да канца года чакаецца, што гэта лічба будзе ў два разы большая: цяпер разглядаюцца адпаведныя дакументы. Што цікава, італьянскія прыёмныя сем'і адрозніваюцца ад беларускіх. Там на ўсынаўленне рашаюцца збольшасці бяздзетныя пары — такіх 90 працэнтаў. І яны гатовы прымаць і падлеткаў, а не толькі малых. У нас сітуацыя іншая. 60 працэнтаў беларускіх сем'яў, якія ўсынаўляюць дзяцей, маюць сваіх дачок і сыноў.
Тры гады працуе інфармацыйны партал dadomu.by — вялікая электронная база дзяцей, якія маюць патрэбу ў новых татах і мамах. На рэсурсе змешчаны дадзеныя аб чатырох тысячах хлопцаў і дзяўчатак. Штодзень сайт наведвае каля 200—300 карыстальнікаў. «Гэта гаворыць пра тое, што мы ідзем у правільным кірунку. Вывелі гэту тэму з ліку забароненых і непрыемных», — упэўнена Наталля Паспелава.
Партал за час сваёй працы дапамог знайсці сем'і для 1327 дзяцей. З іх 505 былі ўсыноўлены, 242 — перададзены ў апякунскія сем'і, 213 — у прыёмныя сем'і, 150 — у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Яшчэ 217 хлопцаў і дзяўчат вярнуліся да родных бацькоў. Дырэктар цэнтра ўсынаўлення прызнаецца, што яны недаацанілі рэсурсы сайта і нават не разлічвалі на такі эфект:
— Мамы, калі ўбачылі, што інфармацыя пра іх дзіця выстаўлена ў сеціве, задумаліся над тым, каб аднавіцца ў бацькоўскіх правах. Я лічу, гэта самае вялікае дасягненне партала.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:lubneuskaya@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/usynaulenne
[5] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[6] https://zviazda.by/be/tags/pryemnyya-semi