У гэтым годзе да вялікай універсітэцкай сям'і «Школ юных» далучыліся «Школа юнага хіміка» і «Школа будучага лагіста-міжнародніка». Слухачамі «Школы юнага хіміка» могуць стаць вучні 7—11 класаў агульнаадукацыйных школ, ліцэяў і гімназій. У «Школу будучага лагіста-міжнародніка», якая дзейнічае на факультэце міжнародных адносін, запрашаюць вучняў 10—11 класаў. Галоўная яе задача заключаецца ў прафесійнай арыентацыі абітурыентаў, якія плануюць кар'еру ў сферы міжнароднай лагістыкі. Таксама на ФМА адзінаццацікласнікі могуць прайсці навучанне ў «Школе будучага мытніка».
Нагадаем, што ў вядучай ВНУ краіны працуюць школы юных біёлагаў (для вучняў 9—11 класаў), географаў, геолагаў і краязнаўцаў (для вучняў 7—11 класаў), вочна-завочная фізіка-матэматычная школа пры фізічным факультэце (для вучняў выпускных класаў), «Школа юнага матэматыка» пры механіка-матэматычным факультэце (для вучняў 5—11 класаў), «Школа юных матэматыкаў і інфарматыкаў» у «ЮНІЦэнтр-ХХІ» і вочна-завочная школа па матэматыцы і інфарматыцы для вучняў 5—11 класаў пры факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.
Вучняў 6—11 класаў запрашае «Школа юных гісторыкаў» пры гістарычным факультэце, а вучняў 9—11 класаў — «Школа юнага філосафа» на факультэце філасофіі і сацыяльных навук.
А «Школа радыёфізіка» пры факультэце радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій і «Школа маладога журналіста» пры Інстытуце журналістыкі разлічаны на адзінаццацікласнікаў.
Для таго каб ахапіць школьнікаў з усіх рэгіёнаў краіны, БДУ таксама актыўна пашырае сваю адукацыйную прысутнасць у сетцы інтэрнэт. У ВНУ працуюць дыстанцыйныя курсы для старшакласнікаў па паглыбленым вывучэнні гісторыі і матэматыкі.
Навучанне ва ўсіх «Школах юных» — бясплатнае.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkalaeva@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/bdu