Калісьці на тэрыторыі Каменналаўскага сельсавета існаваў калгас «Зара». Гаспадаркі ўжо няма, але зямля па-ранейшаму дагледжана, на фермах гадуецца жывёла, з пастаўкамі мяса і малака праблем ніякіх. Ды і вёскі не выглядаюць кінутымі. Наадварот. Дзяцей столькі, што жыхары выходзяць самастойна будаваць гульнявыя пляцоўкі для іх. І робяць гэта з добрым настроем і крэатывам. У вёсцы Вялікая Камароўка такую пляцоўку адбудавалі, што нават дэпутат з Чавускага раёна пазайздросціў. Па-добраму, вядома ж. Нават у наш карпункт патэлефанаваў, каб карэспандэнт абавязкова наведала яе і ўсім расказала.
Канулы ў лету калгас «Зара» з поспехам замяняюць фермеры. Вёску Новыя Комсінічы апякае Аляксандр Канавалаў, Новую Вадву — Аляксандр Уласік, Старую Вадву — бацька з сынам Аляксандр і Сяргей Казначэевы, Цвыркава — Віктар Дунаеў.
А вось жыхары Вялікай Камароўкі працуюць у гаспадарцы «Газавік-Сіпакова». Справы там ідуць добра, і Вялікая Камароўка квітнее. Летась два новыя домікі з'явіліся, сёлета яшчэ два. Маладыя спецыялісты з задавальненнем едуць сюды працаваць. І горад недалёка, і чыгунка пад бокам. Вось толькі дзіцячай пляцоўкі не хапала. Цяпер — ёсць!
Старшыня Каменналаўскага сельсавета Алена Асіпенка з задавальненнем бярэцца не толькі паказаць, але і пазнаёміць з усімі, хто прыняў актыўны ўдзел у яе будаўніцтве. Бо хоць ідэя і была яе, астатняе ўсё зрабілі жыхары. Прычым, выключна за свае грошы. Пакуль едзем у гэты населены пункт, Алена Пятроўна ўводзіць у курс справы: «Вялікая Камароўка — вёска перспектыўная. У пачатку года тут жыло 211 чалавек, а зараз ужо 216, з іх 44 — дзеці да 16 гадоў. З сацыяльных аб'ектаў толькі бібліятэка. Да школы ў Каменных Лавах дзяцей возіць аўтобус. Іх, дарэчы, па тэрыторыі сельсавета курсіруе два. Сельсавет вялікі, населеных пунктаў шмат, але школа, дзіцячы садок, дом творчасці і амбулаторыя — усіх гэтых аб'ектаў засталося па адным».
Дзіцячую пляцоўку відаць здалёк. Альтанкі, арэлі, нават калодзеж-журавель — праца зроблена немалая. Ірына Лукашкова прывяла пагуляць сваіх маленькіх унучак Рэнату і Ульяну. Яна з тых актыўных людзей, што адразу ж падтрымалі ідэю.
— Дзяцей у вёсцы шмат, вось мы і зрабілі ім пляцоўку, — кажа яна. — Колькі каштавала, дакладна не ведаю, бо кожны нешта купляў і рабіў сам. А вось на фарбу я грошы збірала. Шэсць вёдзер купілі па 55 рублёў новымі грашыма, потым самі фарбавалі. Дзяўчаты пасля працоўнага дня прыходзілі разам з дзецьмі, малыя таксама дапамагалі.
Ірына Барысава ўпрыгожыла альтанкі героямі з казак. Каго тут толькі няма, нават папулярныя сучасныя Маша і мядзведзь. Ірына з мужам і дачкой прыехала ў нашу краіну два гады таму з Данецкай вобласці. Спачатку спрабавалі прыжыцца ў Крычаўскім раёне, але не склалася, і ім параілі перабрацца ў Шклоўскі раён. Пераехалі і вельмі задаволены. Нават бацькоў усюды запрасілі. Цяпер усе разам жывуць у вялікім прыгожым доме, які ім гаспадарка выдзеліла.
— Калі нам далі дом у Вялікай Камароўцы, я звярнула ўвагу на тое, што ў вёсцы дзяцей шмат, а гуляць няма дзе, — кажа Ірына. — Хацелася, каб нарэшце з'явілася месца, дзе яны маглі б сабрацца. Таму, калі было вырашана рабіць пляцоўку, мы з радасцю падтрымалі гэту справу. Прыходзіла дадому, хуценька перакусвала і бегла на пляцоўку — маляваць. Зараз гляджу і радуюся: была пустка, а цяпер такая прыгажосць.
Драўляныя альтанкі — гэта справа рук Валянціна Хадарэнкі. Адна, накшталт хаткі, служыць замест прыпыначнага пункта. Вельмі зручна і ад дажджу ёсць дзе схавацца. На тэрыторыі пляцоўкі альтанкі крыху іншыя, там добра адпачываць у спякоту.
— Я двойчы дзед. Унукі пакуль вельмі малыя, але падрастуць і прыйдуць сюды гуляць, — кажа Валянцін. — Апошнія 8 гадоў я індывідуальны прадпрымальнік, — бяру дзялянкі, раблю лазні і шмат чаго іншага. Звычайна застаецца матэрыял, які для справы не падыходзіць. З яго і канструюю сёе-тое.
Калодзеж на пляцоўцы зрабіў не толькі для прыгажосці, а і для агульнага развіцця.
— Цяпер нават некаторыя дарослыя не ведаюць, што такія ёсць, а дзеці і пагатоў, — усміхаецца майстар. — У маім дзяцінстве такі журавель каля дома стаяў.
Галоўны арганізатар гэтай справы — Мікалай Дуброўскі, а асноўны спонсар — вядомы ў раёне прадпрымальнік і дэпутат Аляксандр Канавалаў.
— Ён мне даў даручэнне людзей мабілізаваць, — усміхаецца Мікалай Дуброўскі. — Жадаючых знайшлося шмат. І грошы здавалі, і самі працавалі. Народная будоўля атрымалася. Я, напрыклад, матэрыялы падвозіў, дамаўляўся наконт работ. Разам з Максімам Шараметам і Юрыем Калачовым рабілі падмурак для альтанак. Анатоль Рандзіцкі слупы ўкопваў, Сяргей Бурцаў са сваім сынам Артурам зрабілі агароджу. Але справы яшчэ не закончыліся. Мы яшчэ там такое пабудуем, што ўсе зайздросціць будуць, але гэта сакрэт.
Брат Мікалая Анатоль сакрэт таксама раскрываць не стаў. Як і вялікую навагоднюю праграму, якую тут ужо плануюць. (Анатоль — вядомы ў Камароўцы паэт і артыст). Дарэчы, жыхары суседніх вёсак сталі апошнім часам прыглядацца да вопыту камароўскіх актывістаў. Прайшлі чуткі, што яшчэ ў адным месцы збіраюцца рабіць дзіцячую пляцоўку. Тут толькі радуюцца, бо добрая справа заўсёды заразлівая.
— Праца з людзьмі складаная. Калі прыбраў сметнік, а нехта на гэтым месцы зноў насмеціў, рукі апускаюцца. А вось калі ініцыятыва падтрымліваецца насельніцтвам, перажываеш вялікі пад'ём, — прызнаецца Алена Асіпенка. — Падтрымка, згуртаванасць людзей для нас шмат значаць.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:zigulya@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachaya-plyacouka
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[7] https://zviazda.by/be/tags/shklouski-rayon
[8] https://zviazda.by/be/tags/zhyhary-vyosak
[9] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-0