Як можна вымераць эфект ад ідэалагічнай работы і ў якіх адзінках гэта рабіць? Рублі, сантыметры, грамы, кілаграмы ў дадзеным выпадку не падыходзяць. А можа, па колькасці выхаваўчых мерапрыемстваў, што праводзяцца ва ўстановах адукацыі? Па адсутнасці правапарушэнняў сярод школьнікаў і студэнтаў ці па колькасці маладых людзей, уцягнутых у дзейнасць грамадскіх маладзёжных арганізацый? Як увогуле можна ацаніць працу педработнікаў, якія нясуць адказнасць за ідэалагічнае выхаванне падрастаючага пакалення? Гэта толькі адно са шматлікіх пытанняў, што ўзнімаліся ў ходзе калегіі Міністэрства адукацыі. Мерапрыемства было прысвечана ўдасканаленню ідэалагічнай работы ва ўстановах адукацыі: ад школы — да ВНУ.
Да таго ж эфект ад ідэалагічна-выхаваўчай работы можа быць як хуткім, так і доўгатэрміновым. Як трапна заўважыла начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля ПШАНІЧНАЯ, «мы БелАЗы не выпускаем, а выхоўваем людзей, якія потым будуць рабіць БелАЗы».
Тэст для прафесара
— Нярэдка за вялікай колькасцю выхаваўчых мерапрыемстваў мы не бачым канкрэтнага чалавека, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі намеснік міністра адукацыі Віктар ЯКЖЫК. — Лічу недапушчальным неабгрунтаваныя патрабаванні розных мясцовых структур па правядзенні ва ўстановах адукацыі вялікай колькасці пазапланавых мерапрыемстваў...
— Свой план ідэалагічна-выхаваўчай работы можа мець і кафедра, і факультэт, і ўніверсітэт. Вось і атрымліваюцца разам тры сотні мерапрыемстваў. Але якія яны ставяць задачы, ці не дубліруюць адзін аднаго, ці захоўваецца іх пераемнасць і, галоўнае, ці дасягаюць яны сваёй мэты? — задаў зусім не рытарычнае пытанне прарэктар па выхаваўчай рабоце Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Павел ПАПКО.
Не сакрэт, што шмат мерапрыемстваў праводзіцца дзеля «птушачкі». Баранавіцкі ўніверсітэт прапанаваў свае крытэрыі для ацэньвання ідэалагічнай і выхаваўчай работы. Сярод іх, напрыклад, вызначэнне ідэалагічнай сталасці прафесарска-выкладчыцкага саставу. Яго прапануецца праводзіць у выглядзе тэсціравання ці гутаркі на этапе дзейнасці дзяржаўнай атэстацыйнай або акрэдытацыйнай камісіі па канкрэтнай спецыяльнасці. Пагадзіцеся, што і малады выкладчык, і сталы прафесар, якія не ў курсе сусветных і рэспубліканскіх падзей і не арыентуюцца ў інфармацыйных патоках, бо не маюць звычкі праглядаць штодня сродкі масавай інфармацыі, наўрад ці будуць карыстацца аўтарытэтам у сваіх студэнтаў... А чалавек, у якога ёсць праблемы ва ўласнай сям'і, не павінен быць для студэнцкай моладзі «кансультантам» ці дарадчыкам у сямейным выхаванні.
Аналіз аддаленых вынікаў ідэалагічнай і выхаваўчай работы прапануецца праводзіць на аснове інфармацыі з арганізацый, у якія былі размеркаваны студэнты, у прыватнасці, ацэнак з боку наймальнікаў якасці падрыхтоўкі маладых спецыялістаў, іх ідэалагічнай сталасці і выхаванасці. Плюс прапануецца аналізаваць таксама інфармацыю, атрыманую ад выпускнікоў: як яны самі ацэньваюць сваю падрыхтоўку, ці лічаць сябе канкурэнтаздольнымі спецыялістамі і сацыяльна актыўнымі членамі грамадства?
На першы курс ВНУ прыходзяць і школьныя медалісты, і пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў. Але што з імі адбываецца далей? Наколькі актыўна яны ўцягваюцца ў жыццё калектыву па-за вучэбнымі заняткамі (валанцёрства, студэнцкае самакіраванне, працу ў студатрадах і г.д.)? Гэта таксама даволі красамоўны паказчык...
«Навучаючы, выхоўваем»
— Дайсці да душы і свядомасці кожнага навучэнца — гэта майстэрства і вялікая праца. Таму ідэалагічныя работнікі павінны мець найвышэйшую кваліфікацыю, — упэўнены Віктар Якжык. — Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на маладых спецыялістаў. Неабходна ствараць умовы, якія спрыяюць росту і самаразвіццю асобы педагога, фарміраванню іміджу сучаснага педагога як носьбіта маральных каштоўнасцяў грамадства.
Асобна Віктар Якжык спыніўся на фарміраванні грамадзянскай кампетэнтнасці на ўроках. Па самых прыблізных падліках, за час сваёй вучобы ў школе дзіця наведвае больш як 10 тысяч самых розных урокаў. Таму выхаваўчы патэнцыял апошніх цяжка пераацаніць. Прычым гэта тычыцца абсалютна ўсіх вучэбных дысцыплін.
— Праблема выхаваўчага патэнцыялу ўрока і вучэбных прадметаў досыць востра паўстала пасля правядзення рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Адным з яго мерапрыемстваў было прадстаўленне ўласнага вопыту педагагічнай дзейнасці «Навучаючы, выхоўваю...». Не ва ўсіх педагогаў атрымалася сістэмна паказаць працу ў гэтым кірунку, — канстатаваў Віктар Якжык.
Таму ў рамках дзейнасці клуба «Хрустальны журавель», які аб'ядноўвае ўдзельнікаў і арганізатараў конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», цягам двух гадоў вялася праца па даследаванні выхаваўчых магчымасцяў вучэбных прадметаў і іх рэалізацыі на школьных занятках. Вынікам стаў шэраг публікацый у сродках масавай інфармацыі, правядзенне майстар-класаў у рамках V Рэспубліканскага каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства, метадычных выездаў клуба. Зараз рыхтуецца зборнік матэрыялаў «Выхаваўчы патэнцыял урока», які ўключае практычныя рэкамендацыі педагогам розных прадметаў.
Ад «ЖурФАКТаў» — да студэнцкага ТБ
Па інфармацыі Міністэрства адукацыі, зараз у 51 вышэйшай навучальнай установе функцыянуюць 15 радыёгазет, 19 кіна-, відэа- і тэлестудый (у БДУІР, БДПУ, Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, БДАТУ). Вядзецца праца над праектам па стварэнні сеткі міжуніверсітэцкага студэнцкага відэаканала «Універсітэт-ТБ».
Практычна ўсе ВНУ маюць свае перыядычныя выданні. Усяго ў вышэйшай школе налічваецца 202 малатыражныя і 57 універсітэцкіх газет. У БДУ выпускаецца аж 14 студэнцкіх газет: «Vіta», «Экватар», «Gumka», «ЖурФАКТЫ», «Вэб-журналіст», «Тайм-аўт», «Nіka», «BUG», «ChemіcalBoom», «ФМОn-lіne», «Іnfіnіty» і іншыя.
У шэрагу ВНУ практыкуецца публікацыя ў спецыяльных выпусках студэнцкіх газет адказаў на пытанні, якія паступаюць праз паштовыя скрыні «Пытанні да рэктара», размешчаныя ў навучальных карпусах, на факультэтах і ў інтэрнатах.
За два апошнія гады ў сацыяльных сетках «УКантакце» і «Facebook» былі створаны афіцыйныя групы Мінадукацыі і ўпраўлення па справах моладзі.
У папярэднім навучальным годзе ў афіцыйнай групе ўпраўлення па справах моладзі ў сацыяльных сетках былі рэалізаваныя патрыятычныя інтэрнэт-праекты «Радзіма вачыма студэнтаў», «Нашы людзі», «Мая Беларусь — мой выбар», фотапраект «За будучыню незалежнай Беларусі». Зараз праходзіць рэспубліканскі конкурс на лепшую групу ВНУ ў сацыяльных сетках. Яго вынікі будуць падведзены напрыканцы лістапада. Сумесна з Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта ў 2012—2015 гадах быў рэалізаваны праект «Разумныя сеткі».
Віктар Якжык звярнуў увагу на тыя недахопы, над якімі ВНУ давядзецца працаваць, у прыватнасці, на адсутнасць у шэрагу ўстаноў адукацыі сістэмнага кантролю за зместам інфармацыйных сродкаў, несвоечасовае абнаўленне стэндаў і інфармацыйных матэрыялаў, дызайн і змястоўнае напаўненне сайтаў. «Установам адукацыі ўсіх узроўняў варта пастаянна актуалізаваць інфармацыю ў інтэрнэт-прасторы, фарміраваць групы з навучэнцаў і выкладчыкаў для працы ў сацыяльных сетках», — дадаў намеснік міністра адукацыі.
Студэнты пакажуць прыклад?
У бліжэйшы час у беларускіх ВНУ плануюць запусціць «Рух бязвыплатнага донарства». Гэта сумесны праект Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі.
— Бязвыплатнае донарства шырока практыкуецца сярод студэнцкай моладзі ў еўрапейскіх краінах і ў суседняй Расіі, — паведаміў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар КАРПЕНКА. — Ад платнага донарства адмаўляюцца ва ўсім свеце. Беларусь плануе перайсці на бязвыплатнае донарства крыві да 2020 года. Вельмі спадзяюся на дапамогу прарэктараў па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце і аддзелаў, якія курыруюць выхаваўчую працу, у рэалізацыі нашага праекта. Сумесна будуць вызначаны валанцёры, праведзена агітацыя з удзелам арганізацый пералівання крыві ў кожнай вобласці. Для запуску праграмы будуць распрацаваны слоган і лагатып. Графік прыезду арганізацый пералівання крыві ў ВНУ будзе ўзгадняцца з Міністэрствам адукацыі.
Без наступстваў для здароўя здаваць кроў пры адсутнасці супрацьпаказанняў можна кожныя два месяцы, а плазму крыві — кожныя два тыдні. Донарства не аказвае шкоднага ўздзеяння на арганізм здаровага чалавека і не ўплывае на яго працаздольнасць, сцвярджаюць медыкі. Больш таго, для здаровага чалавека донарства крыві нават карыснае. Гэта навукова даказаны факт. Рэгулярнае донарства крыві стымулюе кроватварэнне, і, адпаведна, самаабнаўленне арганізма. Донары радзей хварэюць прастуднымі, сардэчна-сасудзістымі, анкалагічнымі захворваннямі, а таксама захворваннямі страўнікава-кішачнага тракта. Актыўнае донарства — гэта яшчэ і прафілактыка атэрасклерозу, парушэнняў дзейнасці печані і падстраўнікавай залозы.
Ці атрымае ў Беларусі рух бязвыплатнага донарства такі ж размах, як у Еўропе, ці падтрымае наша грамадства высакародныя мэты, пакажа час. Ва ўсялякім разе медыкі на гэта вельмі спадзяюцца. А педагогі іх папярэджваюць: у выпадку прымусу і ціску на студэнтаў ёсць рызыка атрымаць адваротны эфект...
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkalaeva@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/idealagichnaya-rabota
[6] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-adukacyi
[7] https://zviazda.by/be/tags/natallya-pshanichnaya-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/viktar-yakzhyk
[9] https://zviazda.by/be/tags/pavel-papko