Белыя машыны з чырвонымі надпісамі ездзяць па горадзе і днём, і ноччу, а што адбываецца ўнутры, мы можам толькі здагадвацца. Шчаслівыя тыя, каму не даводзілася туды трапляць. Карэспандэнты «Звязды» правялі разам з супрацоўнікамі хуткай медыцынскай дапамогі больш за дванаццаць гадзін і даведаліся пра асаблівасці іх работы.
Дзясятая падстанцыя хуткай медыцынскай дапамогі Мінска адкрылася ўсяго два гады таму. Фельдшар Святлана Цітова, перш чым заступіць на дзяжурства і пачаць непасрэдна знаёміць нас са сваёй працай, праводзіць экскурсію па будынку.
— Тут сталовая, там душавыя, а гэта мой пакой для адпачынку, — жанчына запрашае ўнутр: чатыры ложкі (для кожнага супрацоўніка свой), два крэслы, тэлевізар. — Утульна. Хаця мы, канешне, надоўга тут ніколі не затрымліваемся.
«Наша работа без права на сон, але з правам на адпачынак», — адзначае загадчыца падстанцыі Ірына Рудая. Нават калі нехта задрамаў, «правароніць» выклік не атрымаецца, паколькі па ўсёй падстанцыі і нават на вуліцы ўсталяваны селектары (нешта накшталт радыё). Праз іх дыспетчар перадае нумар брыгады і прозвішчы супрацоўнікаў, якія выязджаюць на выклік. За лічаныя секунды, дзе б ты ні быў, павінен з'явіцца на першым паверсе, каб высветліць падрабязнасці, забраць неабходныя рэчы і адправіцца ў дарогу.
Змена брыгады 1054, за работай якой нам давялося назіраць, пачалася ў дзевяць гадзін раніцы. Скончыцца праз дваццаць чатыры гадзіны. Але па такім раскладзе працуюць не ўсе. Супрацоўнікі самі выбіраюць, якія змены для іх зручнейшыя: дзённыя, начныя ці сутачныя. Заступіць на работу можна ў восем або дзевяць (раніцы і вечара) гадзін, акрамя таго, ёсць спецыяльная начная змена з дзевятнаццаці, каб не ўзнікала накладак, пакуль адныя брыгады мяняюць другія.
Святлана амаль заўсёды працуе суткамі. У гэтым месяцы, напрыклад, у яе атрымаецца 12 дзяжурстваў.
— Ці не цяжка мне? Вы што, я неймаверна люблю сваю працу! Прыйшла на «хуткую» ў 1989 годзе і ні разу за ўсе гады не пашкадавала аб зробленым выбары, — кажа фельдшар. — Хаця, безумоўна, хапала ўсякага. Адчыняеш дзверы, а там вялізныя сабакі проста на цябе скачуць ці нецвярозы мужчына з сякерай нясецца... Але ўсё гэта забываецца на фоне паспяхова праведзеных рэанімацый, калі ты бачыш вынікі сваёй працы — жывых людзей.
Медсястра Ірына Ізотава, напарніца Святланы, таксама любіць сваю прафесію за дапамогу, якую аказваеш «тут і цяпер».
— Пакуль знаходзішся на дзяжурстве, стомленасці не адчуваеш. Адзін выклік мяняе другі. Работа не надакучвае хаця б таму, што ты ўвесь час бачыш новых людзей, сутыкаешся з рознымі сітуацыямі, — дзеліцца медсястра. — На мой погляд, самыя страшныя выклікі паступаюць ад анкалагічна хворых. Маральна цяжка бачыць, як паміраюць жанчыны і мужчыны працаздольнага ўзросту, моладзь і дзеці. І ты ўжо не можаш ім дапамагчы. Адзінае, што ад цябе патрабуецца — прытупіць боль ці перавезці пацыента з кватэры ў хоспіс.
За размовамі праходзіць дзве гадзіны. Святлана і Ірына здзіўляюцца такому зацішшу і жартуюць, што гэта, напэўна, перад бурай.
І вось першы выклік. Акрамя таго самага аранжавага чамаданчыка, у якім месціцца некалькі дзясяткаў шкляначак з лекамі, медсястра бярэ з сабой партатыўны кардыёграф: «У залежнасці ад прычыны, па якой выклікаюць, мы можам памераць артэрыяльны крывяны ціск, тэмпературу цела, колькасць кіслароду і цукру ў крыві, зрабіць кардыяграму».
92-гадовая жанчына з арытміяй — пастаянная пацыентка дзясятай падстанцыі хуткай медыцынскай дапамогі. Прыязджаем на месца. Нас у кватэру не пускаюць, таму мы чакаем каля дзвярэй.
— Тыповы выпадак, якіх у нас бывае шмат. Выканалі стандартныя працэдуры: зрабілі ЭКГ, увялі неабходныя лекі, — канстатуе Святлана, выходзячы на вуліцу. — Як бачыце, наша работа зусім не такая, якой яе паказваюць у кіно.
Наступны пацыент, які чакае дапамогі, 22-гадовая дзяўчына з падазрэннем на страўнікава-кішачны крывацёк. Яе неабходна перавезці з паліклінікі ў бальніцу. Даша (так завуць дзяўчыну) расказвае, што сёлета скончыла ўніверсітэт і пачала жыць асобна ад бацькоў.
Пра нармальную хатнюю ежу адразу забылася і пачала харчавацца ў асноўным фастфудам, асабліва палюбіліся ёй булачкі і кава.
— Не ўяўляла, што гэта можа прывесці да сур'ёзных наступстваў, — прызнаецца дзяўчына, разглядаючы капельніцу, якую ёй устанавілі ў машыне «хуткай».
Адразу з бальніцы мы накіроўваемся туды, дзе нас ужо чакаюць пэўны час. Дзверы адчыняе мужчына-інвалід 68 гадоў. Яму другі дзень запар на дае спакою востры галаўны боль.
— Я ўжо і таблетак напіўся, але яны не дапамагаюць. Зрабіце што-небудзь, — просіць ён Святлану.
Фельдшар доўга распытвае яго пра дыягназы, папярэднія візіты «хуткай», пра самалячэнне, якім ён займаецца. Прапаноўвае мужчыну паехаць у бальніцу.
— Не паеду нават пад пагрозай расстрэлу. Яны мяне там зноў да вечара «прамурыжаць», будуць рабіць абследаванні розныя. А ў выніку мне прыйдзецца дадому на таксі ехаць, бо службовую машыну не дачакацца. Я ж не мільянер! — скардзіцца той. — Зрабіце што-небудзь тут.
Ірына робіць ЭКГ, мерае ціск, паказвае вынікі фельдшару. Пасля ўводзіць неабходныя лекі. Яму становіцца лягчэй, але ці надоўга?
— Мы можам аказаць толькі першасную дапамогу. За больш сур'ёзнай неабходна звяртацца ў паліклініку ці бальніцу. Не хочаце ехаць? Калі ласка, пасля візіту да вас дадому перададзім неабходную інфармацыю ўчастковаму ўрачу. Ён сам да вас прыйдзе, але трэба пачакаць, — тлумачыць Святлана, і мы пакідаем пацыента.
Фельдшар тэлефануе дыспетчару і запытваецца, ці няма ў нас чарговага выкліку? Ёсць. У двухгадовага дзіцяці на твары з'явіўся моцны сып з невядомай прычыны. Забіраем малога разам з маці і вязём у бальніцу.
«Алергія ў такім узросце неймаверна небяспечная. Можа скончыцца лятальным канцом. У гэтым выпадку тры кедравыя арэшкі выклікалі бурную рэакцыю, бацькі правільна зрабілі, што патэлефанавалі нам», — адзначае Святлана.
Пасля некалькіх гадзін бесперапынных выклікаў і раз'ездаў па горадзе мы вяртаемся на падстанцыю. На доўгачаканы абед адведзена ўсяго паўгадзіны. Супрацоўнікі «хуткай» прызвычаіліся за лічаныя хвіліны не толькі выконваць сваю работу, але і праглынаць ежу. Мы да гэтага гатовыя не былі, таму кідаем недаедзеныя «ссабойкі» і спяшаемся на чарговы выклік.
Час пік работы хуткай медыцынскай дапамогі — з шасці вечара да гадзіны ночы.
— Людзі, як правіла, церпяць боль увесь дзень, мяркуючы, што пройдзе. А пад вечар пачынаюць набіраць «103», — кажа Ірына. — Вось зараз якраз і пачнецца.
Медсястра як у ваду глядзела. Мы ўваходзім у кватэру і бачым 55-гадовую жанчыну, якая ўжо не можа стрымліваць слёзы. У яе бранхіт, ёй цяжка дыхаць. З ранку яна цярпела боль і спадзявалася, «што само як-небудзь». Да таго ж ціск ад хвалявання падняўся. Святлана прымае рашэнне везці яе ў дзясятую гарадскую клінічную бальніцу.
Аднак ужо ў дарозе мяняем маршрут: «Едзем у бальніцу хуткай дапамогі», — кажа фельдшар праз акенца кіроўцу Аляксандру.
Яна нічога яму не тлумачыць. Той без лішніх слоў, па адной толькі інтанацыі жанчыны зразумеў: пацыенту стала горш. На гадзінніку 17.45. Мінская кальцавая аўтадарога, па якой мы рухаемся, даволі загружана, таму кіроўца ўпершыню за ўвесь дзень уключае сірэны. Аўтамабілі перад намі пачынаюць плаўна адыходзіць у бакі. На гарадскіх вуліцах машын яшчэ больш, але і тут яны саступаюць нам дарогу, заязджаючы проста на «зялёную зону».
Гук сірэн, нават пачуты здалёк, нельга пакінуць без увагі. У галаве заўсёды з'яўляюцца думкі аб нечым нядобрым. Калі сам едзеш у хуткай «пад акампанемент» і дакладна ведаеш, што здарылася, то рэагуеш на сітуацыю яшчэ больш востра. Усе дзесяць хвілін у дарозе да бальніцы (яны, дарэчы, здаюцца гадзінай) думаеш: хутчэй бы даехалі, а там дакладна ўсё будзе добра!
Калі пацыентку перадаём у прыёмны пакой, Ірына з палёгкай выдыхае:
— Давезлі. Гэта самае галоўнае.
— На першы погляд нічога сур'ёзнага ў гэтым выпадку не было, — кажа Святлана. — Але ніколі нельга губляць пільнасці. Падчас дарогі ў хворага можа развіцца стан, пагражаючы жыццю. І кожная хвіліна будзе мець значэнне.
Далей спяшаемся на месца ДТЗ. У легкавы аўтамабіль, дзе знаходзіліся мужчына і яго маці-пенсіянерка, урэзалася таксі. Усе, здаецца, цэлыя. Адзіная праблема — жанчына напужалася, з-за гэтага моцна падскочыў ціск. Святлана і Ірына вяртаюць яго да нормы не толькі лекамі, але і размовамі.
«Усе мы на «хуткай» крышачку псіхолагі. Куды ж без гэтага?» — разважае медсястра. Гэтыя словы даюць тлумачэнне таму, што кожная дэталь у вобразе жанчын брыгады 1054 не выпадковая. Акуратна сабраныя валасы, макіяж, гучны, але роўны і прыемны голас, усмешка, якая не сыходзіць з твару пры любых абставінах. Справа ў тым, што перш чым прыступіць да актыўнай дапамогі пацыентам, фельдшар і медсястра павінны схіліць іх і іх блізкіх да сябе. Знешні фактар у гэтым выпадку вырашальны.
Вяртаемся на падстанцыю, каб папоўніць лекавыя запасы. І толькі мы зноў прыселі, каб даесці распачаты некалькі гадзін таму абед, аб'явілі: «Дзесяць пяцьдзясят чатыры. Цітова, Ізотава і карэспандэнты...» Кідаем відэльцы і спяшаемся да машыны.
Дзверы кватэры адчыняе 80-гадовая жанчына:
— Майму Ваню стала дрэнна. Яго кашаль душыць і ціск падняўся, — кажа яна, пакуль вядзе нас па кватэры.
Вані — 82. Хварэе ён даўно. Пра гэта сведчаць шматлікія даведкі і выпіскі, якія яго жонка раскладвае перад фельдшарам. Акрамя таго, яна бесперапынна называе даты, калі і які дыягназ быў пастаўлены мужу, раз-пораз пераключаючы сваю ўвагу на яго, каб ласкава падбадзёрыць: «Ванечка, не хвалюйся! Усё будзе добра».
Усё сапраўды будзе добра. Жанчыны робяць неабходныя замярэнні, Ірына ўводзіць лекі. Ціск вяртаецца да нормы, а кашаль пройдзе праз некалькі дзён, калі яго не запускаць.
— Да такіх пацыентаў прыемна заходзіць. Бачыць, як людзі клапоцяцца адно пра аднаго, — кажа нам Святлана. — Настрой адразу ўзняўся, хоць позна ўжо і наперадзе яшчэ цэлая ноч работы (час блізіцца да поўначы).
На гэтай прыемнай ноце мы пакідаем брыгаду 1054. На развітанне жадаем жанчынам лёгкага завяршэння дзяжурства, хоць цяпер разумеем, што гэта немагчыма. На ўласным досведзе пераканаліся, што нават выклікі з прычыны галаўнога болю ці арытміі патрабуюць вялікай канцэнтрацыі і чуласці да чалавека.
Ганна КУРАК
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-kurak
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[4] https://zviazda.by/be/tags/hutkaya-dapamoga
[5] https://zviazda.by/be/tags/urach
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-medycyna
[7] https://zviazda.by/be/tags/hutkaya-medycynskaya-dapamoga