На аўтадарозе Кострычы — Кіраўск супрацоўнікі Бабруйскай міжрайінспекцыі спынілі для праверкі лесавоз з прычэпам, які належаў прыватнаму прадпрыемству з Кіраўска. Колькасць драўніны адрознівалася ад заяўленай у суправаджальных дакументах, нумар пуцявога ліста не адпавядаў паказанаму ў накладной. Выказаўшы здагадку, што могуць быць і іншыя парушэнні, дзяржінспектары вырашылі праверыць лесасеку, з якой вывозілася драўніна.
Распрацоўка апошняй ішла поўным ходам. Вальшчыкі і трактарысты растлумачылі, што прыватнае прадпрыемства, работнікамі якога яны з'яўляюцца, падрадзілася высечы ўчастак лесу на тэрыторыі Бабруйскага лясгаса. Кантраляваць рубку павінен быў мясцовы лесапункт, расказалі ў Дзяржінспекцыі. Работы пачаліся яшчэ год таму і па першапачатковым плане павінны былі скончыцца да 31 снежня 2015 года. Аднак, як высветлілася пазней, у снежні лесасечны білет падоўжылі да канца чэрвеня 2016 года, а пасля яшчэ на тры месяцы — да 30 верасня. Тым не менш на працягу гэтых трох месяцаў рубкі на лесасеках ніхто не праводзіў. Звяртацца з просьбай аб чарговым падаўжэнні начальнік лесапункта, мабыць, не адважыўся. Бо за кожны месяц падаўжэння лясгас пералічвае ў бюджэт па 1,5 працэнта ад кошту невысечанай драўніны. У кастрычніку лесарубы зноў з'явіліся на лесасеках і пачалі наганяць упушчанае. Вось толькі зараз рубка з неарганізаванай ператварылася ў незаконную. Адсутнасць дзеючага лесасечнага білета не перашкодзіла супрацоўнікам лесапункта забяспечыць падрадчыка накладнымі на вываз прадукцыі. Як быў улічаны гэты лес — застаецца толькі гадаць. На тэрыторыі лесасекі дзяржінспектары налічылі 120 свежых пнёў. Па іх разліках незаконна нарыхтавана 186 кубоў драўніны.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/les
[6] https://zviazda.by/be/tags/lyasnictva
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhinspektar
[8] https://zviazda.by/be/tags/lesaseka
[9] https://zviazda.by/be/tags/shtraf
[10] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne