З гадамі ўсё часцей прыходжу да высновы, што самая большая ўзнагарода, якую можа падараваць чалавеку жыццё, гэта магчымасць сустрэць даволі сталыя гады на сваіх нагах і ў сваім розуме. Уганараваных такой адзнакай не вельмі многа сярод нас. Асабліва тое адчуваеш, калі даводзіцца хаваць калег, знаёмых, сяброў у маладым яшчэ ўзросце. На гэтым фоне сустрэць 90-гадовага чалавека, які не страціў іскрынку жыццёвага аптымізму, ужо — радасць, пэўнае азарэнне.
З Марыяй Ісакаўнай Федасюк пазнаёміцца прыйшлося ў адной з апошніх камандзіровак. Калі я дастала фотаапарат, яна адразу ж паправіла хустку, села зручней і сказала: «От якая барышня! Але ж добра здымай, каб не выйшла якая карыкатура!» — і засмяялася. Стала зразумела, што спадарыня Марыя, як і любая нармальная жанчына, турбуецца пра сваю знешнасць, але ставіцца да сябе даволі іранічна і валодае пачуццём гумару. Днямі ёй спаўняецца 94 гады. Без залішняй сціпласці яна пра сябе заўважыла, што падрабязнага апісання яе жыцця хапіла б на цэлую кніжку.
Нарадзілася Марыя ў 1922 годзе ў вёсцы Азяты, дзе жыве і цяпер. Дзяцінства згадвае як галодны час. Бацькі былі вельмі бедныя, у школу не хадзіла, бо не было чаго апранаць. З 12-13 гадоў наймалася да заможных аднавяскоўцаў і гаспадароў з суседніх вёсак жаць жыта. Аднойчы, зарабіўшы колькі рублёў на жніве, са старэйшай сваячкай пайшлі пехатою ў Кобрын купляць сабе абновы. Набыла тады шалёўку (хустка з кашаміру) і адрэз тоненькай шарсцяной тканіны на спадніцу. Як яна заўважыла, усё дзявоцтва тую спадніцу за «выхадную» насіла, і дадала: «Вось тады былі тавары, якасныя, зносу ім не было, а цяпер усяго многа, а прыгожага і трывалага не знойдзеш».
Замуж выходзіла ў 20 гадоў. Ніхто не пытаўся ў нявесты пра яе пачуцці і жаданне. Ішла вайна, моладзь актыўна забіралі ў Германію. Бацька вырашыў адгарадзіць сям'ю ад магчымай бяды такім чынам. Замужняя маладзіца не падлягала адпраўцы, і сына малодшага пакінулі ў спакоі, бо ён заставаўся апошнім дзіцем у сям'і. Марыю аддалі за 42-гадовага мужчыну. Ён пакутаваў ад язвы страўніка, пражыў нядоўга. Яна засталася з малым дзіцем. А пасля вайны да яе пасватаўся сусед, малады хлопец. За гэтага пайшла па каханні, і пражылі ў згодзе муж і жонка больш за 50 гадоў. Адзінае, што засмучала, што і другі муж быў не вельмі моцны здароўем. Даводзілася ёй асабліва на пачатку калгаснага жыцця працаваць за дваіх. Інакш не далі б сена на карову, каня, каб пасадзіць агарод і соткі — такія былі правілы.
Трыццаць гадоў адпрацавала даяркай. Марыя Ісакаўна кажа: «Працавала, як добры вол». У даярак тады не было выхадных, а выхады на работу называлі працаднямі. Дык вось пры падвядзенні вынікаў у канцы года ў яе выходзіла 450, а то і болей дзён. Дзіва? Не, проста падаіўшы кароў, яна паспявала працаваць у брыгадзе на паляводстве. Так і набягалі дні.
— Усё паспявала. А даілі тады ведаеш як? — успамінае былая калгасніца. — Сонца заходзіць, каровы яшчэ за пяць кіламетраў ад фермы, а мы ўжо на веласіпедах прыехалі, сядзім, чакаем. А цяпер сонца яшчэ высока, а даярку ўжо вязуць на машыне на дойку, і яна ў туфліках едзе. Мы, бывала, круглы год у ботах гумовых, бо на подсціл каровам сыпалі торфакрошку. Мыеш-мыеш тую карову, рукі адвальваюцца, а першыя гады рукамі даілі... Здаралася, карова захварэе, дома бульбы ёй навару ці нешта іншае гатую, што фельчар раіць. Нясу гэта на ферму ў торбе. Кароў паболей брала, каб быць у перадавіках, я ніколі ў адстаючых не хадзіла. Скажы, гэта розум быў? — і зноў па-маладому смяецца.
— Але ж я любіла, калі поўныя залы, калі ўсе святочна апранутыя, мне граматы даюць, а потым і ордэн далі, сам Аржанікідзэ пасведчанне падпісаў. Маладыя сілы былі, стомы не адчувалася. Колькі сябе помню, мне нешта рабіць хацелася. Вось і цяпер рукі-ногі баляць, а мне ўсё роўна рабіць хочацца. Ну хоць шкарпэткі дзецям і ўнукам вяжу, сабе вось жакетку звязала... Нікога з маіх сябровак, хто са мной працаваў, няма, а я вось жывучая.
Бог мяне чамусьці трымае. Як прачнуся, вады свянцонай у рот вазьму, а потым прашу Бога, каб даў мне сілы, даў мне цярпення нікому нічога дрэннага не жадаць, а думаць пра добрае, жыць без граху. Так вось і жыву. Доўга. Іншы раз здаецца, што я ўжо ўсім надакучыла на гэтым свеце. А другі раз падумаю, можа, Бог мяне датрымае да майго стагоддзя, — зноў усміхаецца бабулька, і гэтыя вясёлыя іскрынкі ёй надта да твару.
***
У адным вучэбным дапаможніку для настаўнікаў прачытала пра эксперымент, які праводзілі з вучнямі ў розных гарадах краіны. Навучэнцам прапанавалі правесці ўмоўны «Сняданак з героем». Пыталіся, з кім хацелі б сустрэцца хлопчык ці дзяўчынка на 10—15 хвілін, каб нешта спытаць, аб нечым пагаварыць. Для герояў не было абмежаванняў ў часе і прасторы, можна было запрасіць любога персанажа з мінулага, сучаснага, будучыні.
Дзеці «запрашалі» каго заўгодна, пераважалі вядомыя акцёры і музыканты, хапала спартсменаў і палітыкаў, зрэдку трапляліся паэты і пісьменнікі. І ніхто не сказаў, што хацеў бы пра нешта распытаць у сваёй прапрабабулі альбо прадзеда. На жаль.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:yackevіch@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/starasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/pazhylyya-lyudzi
[6] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya-zhyccya
[7] https://zviazda.by/be/tags/zhyccyo
[8] https://zviazda.by/be/tags/babuli
[9] https://zviazda.by/be/tags/unuki
[10] https://zviazda.by/be/tags/dapamoga
[11] https://zviazda.by/be/tags/pavaga