Больш за 50 айчынных кампаній прадстаўлены на 36-й Індыйскай міжнароднай выставе-кірмашы ў Нью-Дэлі.
Пяты Усебеларускі народны сход пастанавіў: адным з прыярытэтаў для развіцця нашай краіны ў цяперашнюю пяцігодку з'яўляецца экспарт. Удзел у індыйскай выставе дае магчымасць шэрагу нашых прадпрыемстваў заявіць пра сябе на рынку Паўднёвай Азіі яшчэ раз.
Іndіa Іnternatіonal Trade Faіr (ІІTF) — найбуйнейшая выстава ў Індыі, якая штогод збірае тысячы экспанентаў і больш за мільён наведвальнікаў. Гэта маштабная пляцоўка дасягненняў індыйскай эканомікі: свае павільёны прадстаўляюць розныя рэгіёны, найбуйнейшыя карпарацыі, дзяржаўныя органы. На выставе арганізуюцца нацыянальныя павільёны больш чым трыццаці краін свету. Традыцыйна яе адкрывае Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы. Асноўнай заяўленай тэмай ІІTF — 2016 з'яўляюцца лічбавыя тэхналогіі, на развіццё гэтага сектара эканомікі ўрад краіны ўскладае асаблівыя надзеі.
Як паведамілі «Звяздзе» ў прэс-службе выставачнага прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты,нашым экспазіцыям надаецца вялікая ўвага падчас асвятлення мерапрыемства ў індыйскіх СМІ, а таксама падчас рэкламнай кампаніі. Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Індыя Віталь Прыма быў запрошаны да ўдзелу ў галоўнай цырымоніі адкрыцця выставы.
Падчас выставы адбылося пасяджэнне Беларуска-Індыйскага Дзелавога савета, арганізаванага Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Федэрацыяй гандлёва-прамысловых палат Індыі пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Індыі.
Асаблівай цікавасцю на індыйскай выставе карыстаецца стэнд Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, дзе прадстаўлены больш за 120 навукова-тэхнічных распрацовак. Многія з іх не маюць аналагаў у свеце.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:yushkevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/aychynnyya-pradpryemstvy
[5] https://zviazda.by/be/tags/pradukcyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[7] https://zviazda.by/be/tags/indyya
[8] https://zviazda.by/be/tags/indyyskaya-mizhnarodnaya-vystava-kirmash
[9] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-vytvorchasc