У раёне вёсак Рыжкаўка, Прыберажжа і Грудзінаўка ў ліпені 1941-га ў акружэнне трапіў штаб 45-га стралковага корпуса генерала Эрмана Магона разам з падраздзяленнямі 148-й Саратаўскай і 187-й Чарнігаўскай стралковых дывізій. Кроў тут лілася ракой, як, зрэшты, і па ўсёй Быхаўшчыне, праз якую праходзіў Дняпроўскі рубеж.
— Пасля фарсіравання немцамі Дняпра на левым беразе ракі да сярэдзіны ліпеня ішлі самыя жорсткія баі, — расказвае ваенны пісьменнік, кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба ВІККРУ Мікалай Барысенка. — Напор нямецкай жалезнай армады 4-й танкавай дывізіі стрымлівала каля 10 стралковых дывізій Чырвонай Арміі. Назваць іх усе мы пакуль не можам. Дакладна вядомы толькі чатыры — 187-я, 148-я, 137-я Горкаўская і 102-я стралковыя дывізіі. На поле бітвы засталіся ляжаць тысячы нашых воінаў. Шмат іх палягло і ў 1943—1944 гадах. Тут некалькі месяцаў стаяў фронт.
Гэтым летам пашукавікі клуба ВІККРУ разам з прадстаўнікамі 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна і брэсцкімі калегамі паднялі астанкі яшчэ 35 савецкіх байцоў і камандзіраў, якія загінулі тут у 1941—1944 гадах. Тыя 5 медальёнаў, якія атрымалася знайсці, далі надзею даведацца прозвішчы герояў. На жаль, прачытаць удалося толькі тры імені — капітана Міхаіла Серыка, камандзіра батальёна Чарнігаўскай 187-й стралковай дывізіі, радавых Івана Жыгуна і Васіля Закарэцкага. Усе яны — ураджэнцы Украіны, а загінулі падчас абароны Беларусі. Міхаілу Серыку на той момант было 30 гадоў. Жыгуну было менш. Год нараджэння Васіля Закарэцкага прачытаць не атрымалася.
У Быхаўскім раёне аднесліся да памяці абаронцаў з вялікай павагай. З кастрычніка па лістапад тут прайшло тры перапахаванні. Акрамя Новага Быхава жалобная цырымонія адбылася ў вёсцы Сялец. Там знайшоў свой апошні прытулак і радавы Васіль Закарэцкі. А ў першыя дні лістапада на могілках вёскі Грудзінаўка развітваліся з капітанам Міхаілам Серыкам і чырвонаармейцам Іванам Жыгуном.
У Быхаўскім райваенкамаце паведамілі, што атрымалася выйсці на сувязь з унучкамі Васіля Закарэцкага і Івана Жыгуна. Абедзве жывуць у Палтаўскай вобласці. Прыехаць на перапахаванне яны не змаглі, але абяцалі пабываць на магілах сваіх гераічных дзядоў у маі ці летам. На жаль, родных камандзіра Міхаіла Серыка пакуль не знайшлі. У райваенкамаце паведамілі, што зрабілі пісьмовы запыт у Чарнігаўскі ваенкамат з просьбай дапамагчы адшукаць яго блізкіх. Пакуль адказу не было.
Родныя Жыгуна і Закарэцкага перадалі ў архіў ВІККРУ фота сваіх дзядоў. Так што цяпер мы ведаем герояў нават у твар, што таксама рэдкасць. У воінскіх пахаваннях на Магілёўскай зямлі знайшлі вечны спакой 340 тысяч камандзіраў і радавых Чырвонай Арміі, нам вядомы толькі 70 тысяч з іх. Пошукі між тым працягваюцца, бо нездарма кажуць, што нязнойдзеныя або непахаваныя салдаты заўсёды застаюцца на перадавой. Яны павінны вярнуцца з вайны. Іх чакаюць.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:zigulya@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/ryzhkauka
[5] https://zviazda.by/be/tags/pryberazhzha
[6] https://zviazda.by/be/tags/grudzinauka
[7] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-aychynnaya-vayna
[8] https://zviazda.by/be/tags/perapahavanne
[9] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-barysenka-0