Правіламі вядзення рыбацкай гаспадаркі і рыбалоўства вызначана норма вылаву рыбы: на аднаго чалавека ў суткі — не больш за 5 кілаграмаў. Хапае нават самаму заядламу рыбаку. А вось браканьеры меры не ведаюць, і гэта прыводзіць да канфлікту з законам.
У Беларусі ўжо два гады як уведзена крымінальная адказнасць за незаконнае перамяшчэнне ці перавозку ў транспарце і разбор туш дзікіх жывёл.
Нядаўна пракуратурай Мінскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па ч. 3 артыкула 282-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у дачыненні да 36-гадовага жыхара Нясвіжскага раёна, які перавозіў у сваёй аўтамашыне на адлегласці да аднаго кіламетра ад рыбацкіх угоддзяў 67,2 кілаграма рыбы (карась сярэбраны) без дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць валодання рыбай.
Наяўнасць пры сабе або ў машыне больш за 5 кг рыбы без дакументаў, што пацвярджаюць законнасць валодання рыбай, вядзе да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці ў залежнасці ад памеру шкоды, прычыненай навакольнаму асяроддзю. У гэтым выпадку шкода ацэнена ў суме больш за 70 тыс. рублёў. Сума падлягае спагнанню ў прыбытак дзяржавы. За гэтыя грошы можна купіць некалькі тон сярэбранага карася. Адным словам, рыба стала «залатой». Да таго ж за такія дзеянні прадугледжана і крымінальная адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 4 гадоў.
Добрасумленным грамадзянам намеснік начальніка аддзела пракуратуры Мінскай вобласці, старэйшы саветнік юстыцыі Рыгор Самойлік рэкамендуе: «Калі набылі жывой рыбы больш за 5 кілаграмаў, дык абавязкова захоўвайце пры сабе чэк ці квітанцыю аб аплаце».
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/ryba
[4] https://zviazda.by/be/tags/brakanerstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/karani-i-krony