Што было, — было: па адной вясковай вуліцы гусі хадзілі. А тут, як на ліха, машына і...
Не паспела затармазіць: адну асобіну збіла, астатнія — ходу, у двор...
Кіроўца (чалавек яшчэ) услед за імі падаўся. Кажа:
— Прабачце, гаспадынька, я, відаць, вашу гуску збіў? Можа, глянеце?
Выйшла кабета за весніцы, паглядзела.
— Не, — сказала, — гэта не мая, у мяне такіх пляскатых зроду не было.
А вось іншых — шэрых ці белых, круглых, спаважных, нават... пісьменных шмат — і было, і ёсць. Сведчаннем таму
Гэты здымак — з Беларусі,
Дзе чытаюць нават гусі!
Напісалі: нельга ў воду, —
Чарадой шукаюць броду.
Во, якія паслухмяныя — на думку сужэнцаў Астроўскіх з Мінска. Ці якраз наадварот, як лічыць спадар Анатоль Гарачоў з в. Даўнары Іўеўскага раёна:
Надпіс, можа, і не хлусіць:
Рэчка — з кепскай славаю.
Калі ж гусі з Беларусі,
Усё адно паплаваюць!
Ёсць і кампрамісны варыянт: гэта значыць, паплаваюць гусі, але ж далёка не ўсе, як мяркуе спадарыня Раіса Васільева з Гомеля. Яна, уважліва паглядзеўшы на здымак, не проста прыдумала подпіс, а намалявала карціну, прычым з дыялогамі. Накшталт — спынілася гэта чарада на беразе, пад забараняючым «знакам», і гамонку вядзе:
— Не было ж такога зроду:
Нам, гусям, ды нельга
ў воду?..
Ў гусака свае законы:
— Мне пляваць! Я сам
вучоны:
Там у кайф купаецца,
Дзе забараняецца!
...Я спытаю ў вас хутчэй:
— Бачыў хтось такіх...
людзей?
Ну, вядома ж... І, згадзіцеся, не толькі па тэлевізары ў крымінальнай хроніцы. Яны побач з намі жывуць: то вуліцу перабягаюць на чырвонае святло, то, напіўшыся, транспартам кіруюць, то бензінам дровы ў печцы падпальваюць, то па тонкім лёдзе ходзяць, а то проста з моста ў ваду, а потым...
Мае рацыю спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска:
Каб не каяцца да скону
Ты не плюй на забарону
І не кідайся з разгону
Безаглядна ў кар'ер...
Лепей добранька правер.
Задачка для тых, хто не хоча правяраць: Косця заплыў за буйкі на 10 метраў, Валера — на 20. Каго вадалазы знойдуць раней?
Адгадалі? Значыць, пагодзіцеся, што ў якасці подпісу пад верхнім здымкам могуць быць і вось гэтыя радкі ад спадарыні Чыгрынавай:
Мудры бабчын гусак,
Каб адвесці бяду,
Маладых забіяк
Не пускае ў ваду.
Правільна робіць. Але ж цікава, чаму: што з вадой той сталася?
Успамін з канверта — зноў жа ад спадарыні Чыгрынавай: «Каля нашай вёскі некалі была сажалка — чыстая-чыстая, бо жывілася выключна крыніцамі. Да таго ж яе з трох бакоў атуляў лес і хіба з паўночнага прасціралася поле. Карацей — прыгажосць была невыказная: усіх, хто прыязджаў у госці, вяскоўцы вадзілі ў гэты райскі куточак, каб паказаць ды і самім яшчэ раз палюбавацца. Больш за тое — рыбакі любілі пасядзець там з вудамі, дзеці — пакупацца ды пазагараць, парачкі — памілавацца...
І толькі аграному ўсё гэта было непатрэбна: яму ворыўнай зямлі не хапала, хацелася плошчы пасяўныя пашырыць. Вось і аддаў ён загад узараць тое поле — аж да самай сажалкі. Трактарысты пярэчыць не сталі: зрабілі, як загадаў. Потым туды ж прывезлі пратраўленае зерне і калійную соль.
Мяхі з ёй, пэўна, лепш было б паставіць паводдаль і не на раллю. Бо ноччу пайшоў дождж, і ручайкі з атрутай пацяклі ў ваду. Назаўтра па берагах сажалкі ляжала мёртвая рыба. А потым памерла і яна сама».
Людзі праўду кажуць, што ўсё прырода сцерпіць, але ж і адпомсціць.
У адным высакагорным санаторыі пацыент паскардзіўся, што яму цяжка дыхаць. «Ды быць не можа! — здзівіўся доктар. — У нас жа — найчысцейшае паветра!..» — «Вось-вось, найчысцейшае, — кажа хворы. — А я прывык бачыць, што ўдыхаю».
І, вядома ж (як лічаць сужэнцы Астроўскія), што ўжываю:
Мы вадзіцу з крамы п'ём,
Хоць ля возера жывём...
Там — калі б ні ўзялі пробы —
То атрута, то мікробы.
Спадар Віктар Сабалеўскі з Узды нават «прозвішча» іх ведае:
Прыязджаць на Нарач
модна...
Хоць бывае й там «псіхоз»:
Выганяе з гладзі воднай
Злосны дзед Цэркарыёз.
Кажа: нечага купацца,
Гэта месца — для гусей.
Людзям — толькі любавацца,
А паплаваць — у басейн.
Трэба сказаць, што гэта — не найгоршае месца яшчэ (асабліва зімой). А вось летам...
...Ну якое там купанне, —
Мусім плёскацца ў ванне!
Бо мікробы і хваробы
Нам ніяк не даспадобы!..
Ну а гускам што рабіць?
Ні нырнуць, ні корм здабыць.
Шкадуе птушак спадарыня Соф'я Кусянкова з в. Лучын Рагачоўскага раёна. І, вядома ж, не без падстаў:
Сёння гвалт у чарадзе:
— «Быць бядзе!»
ды «Быць бядзе!»
Бо ў раку, паўз агароды,
З фермы хлынулі адходы...
Гускам страх не толькі
плыць,
Нават лапкі памачыць!
Лічыць так спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў. Цалкам лагічная здагадка і ў спадара Мікалая Старых з Гомеля:
Знюхаў наш гусак смурод...
Кажа: «Побач — ёсць завод.
Каб здаровымі застацца,
Лепш і праўда не купацца —
Лёгка гэтак сказаць,
а вось зрабіць...
Кінуў заклік «грамацей»:
«Вадаём — не для гусей!»
Ну а тым — нырнуць ахвота
Тым — на сушы —
не пражыць...
«Грамацея» б па суботах
У парылку не пусціць!
Строгае пакаранне ў спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў!
Ад яго ж і наступныя разважанні: «Забароны ў жыцці, безумоўна, патрэбны: на брыдкаслоўе, курэнне, браканьерства, наркотыкі, на распіццё спіртных напояў у пэўных месцах... Але ж шмат абмежаванняў шкодных, тых, што адбіваюць усякае жаданне працаваць, перашкаджаюць чалавеку дзейнічаць, будаваць свой дабрабыт і нават жыццё».
Выснову гэтую спадар Валерый «ілюструе» наступнымі радкамі:
Купіць свінак селянін —
Забарона! Каранцін!
Афрыканская чума!
І... свіней ужо няма.
Ён завёў быў
дома качак, —
З вадаёмам перапоны...
Перспектываў больш
не бачыць:
Што ні крок, — то забароны!
«А таму, — працягвае спадар Гаўрыш, — не трэба спяшацца з такімі забаронамі. Трэба ўважліва аналізаваць наступствы, шукаць іншыя варыянты дзеянняў».
Гэта, вядома ж, цяжэй, чым «шыльду» прыбіць да жывога (!) дрэва, але... бяспечней, бо, можа ж стацца, што гусі пачуюць словы спадара Міколы Кісяля з Мінска:
— Хопіць вам гагакаць,
Горка ў пер'е плакаць.
Лепш — падняцца ў неба
Ды к «шыльдапісаку» —
Дзеўбануць дзе трэба
Гэтага сабаку!
Месцазнаходжанне аднаго з іх (пісак ці сабак) ведае спадарыня Ніна Бурко з в. Капланцы Бярэзінскага раёна:
Рыбак заядлы, Аляксей
Перахітрыў-такі гусей,
Калі прыбіў цвікамі, зрання,
Што забаронена купанне.
І сталася — яго рака!
Адзін «купае» чарвяка!
Трэба разумець, не проста так. Зараз — без гусей, без перашкод, у поўнай цішы — рыбы сабе наловіць, потым ля вогнішча стане юшку варыць...
Дарэчы, неяк на пах яе да аднаго вось такога рыбака цыганку прынесла. Падышла ды кажа: «Брыльянтавы, дай руку, паваражу табе». Ён працягнуў. Жанчына глянула і гаворыць: «Ой, даражэнечкі, бачу, што захварэеш ты: дызентэрыя пачнецца... Ад прыбіральні нікуды не адыдзешся. Можа, нават у бальніцу загрыміш». — «Што — такія дрэнныя лініі?» — пытае рыбак. — «Не, такія брудныя рукі...»
А дзе мікробы, там, як вядома, хваробы — нікому не патрэбныя. Таму скончыць агляд нашай конкурснай пошты хочацца іншымі цалкам лагічнымі тут радкамі спадара Віктара Сабалеўскага:
Апусцілі дзюбы гусі:
«На вярхах» узгоднена,
Што ў рэках Беларусі
Плаваць забаронена.
Не таму, што там чума
Ці які гвінейскі грып —
Набліжаецца зіма
І гусак ужо асіп.
А таму з купаннем давядзецца пачакаць — лета, цяпла, водпуску, мора...
Кажаце, доўга? І сапраўды: святы (на думку спадара Васіля Мірончыка з Бабруйска) куды бліжэй. Ды яшчэ і якія! Да такіх, калі не кабанчыка, то, як мінімум
Гусей — кармі і сцеражы:
На шлях — ні-ні,
у ваду — не лезці...
Але ж,
як да Каляд дажыў,
То смачна з яблыкамі з'есці!
Хто б спрачаўся — мы не будзем. Як і з вызначэннем пераможцаў.
Такім чынам, паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі да папярэдняга конкурснага здымка (на ім, нагадаем, было як мінімум чатыры кабеты ў беларускіх нацыянальных строях і адна, можна сказаць, без ніякага... «Звязда» 29 верасня г.г.) напісалі спадары Анатоль Гарачоў з Іўеўшчыны, Іван Астроўскі з Мінска, а таксама спадарыні Раіса Васільева з Гомеля, Любоў Чыгрынава з Мінска і Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны. З гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае — рэдакцыйнае.
Такім чынам, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на першы квартал 2017 года накіроўваецца ў вёску Лучын, што на Рагачоўшчыне.
Хочаце, каб газета прыходзіла і да вас? Тады ёсць варыянты, як той казаў: першы — аформіць падпіску, другі — уважліва паглядзець на новы конкурсны здымак, прыдумаць подпіс, можна некалькі — трапных, дасціпных, кароткіх (не больш за 8 радкоў) і даслаць у рэдакцыю.
Поспехаў!
Валянціна Доўнар
Ад іх жа шчырыя прабачэнні ўсім, чые радкі гэтым разам не прайшлі строгі конкурсны адбор, але наступным... Пішыце!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[3] mailto:dounar@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/prostaya-mova
[5] https://zviazda.by/be/hto-kago