Удзельнікам урачыстасцяў з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
Дарагія сябры!
Сардэчна віншую вас са 125-годдзем з дня нараджэння Максіма Багдановіча — нашага сусветна вядомага і паважанага паэта.
Яго вытанчаныя, дасканалыя вершы, якія вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў, пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай слова, па праве прызнаны адной з вяршынь еўрапейскай паэзіі ХХ стагоддзя.
Сваёй дзейнасцю пясняр заклаў падмурак беларускай нацыянальнай эстэтыкі, унёс вялікі ўклад у фарміраванне літаратурнай мовы і станаўленне патрыятычнай свядомасці народа. Таму сёння мы, грамадзяне суверэннай дзяржавы, павінны шанаваць і захоўваць тое, дзеля чаго працаваў наш знакаміты зямляк, — гістарычную памяць, роднае слова, моцную краіну.
Упэўнены, урачыстасці з нагоды 125-годдзя Максіма Багдановіча паспрыяюць умацаванню еднасці грамадства і ўслаўленню творчых талентаў нашага народа.
Жадаю вам, дарагія сябры, здароўя, шчасця і поспехаў у высакародным служэнні Радзіме.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
Аляксандр Лукашэнка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/maksim-bagdanovich
[4] https://zviazda.by/be/tags/maksimu-bagdanovichu-125-god
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka