Пераможцам рэспубліканскага конкурсу "Студэнт года 2016", фінал якога адбыўся 8 снежня ў Мінску, стаў Дзмітрый Куксо з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Дзмітрый навучаецца на чацвёртым курсе фінансава-эканамічнага факультэта, ён будучы эканаміст-менеджар. Захапляецца сацыяльна-гуманітарнымі дысцыплінамі, робіць першыя крокі ў паглыбленым вывучэнні матэматычнага аналізу і статыстычнага аналізу даных, сочыць за развіццём тэхналогій. Будучы студэнтам, напісаў дзве навукова-даследчыя работы, кожная з якіх адзначана дыпломам другой катэгорыі на рэспубліканскім конкурсе. У Дзмітрыя ёсць дзевяць навуковых публікацый, ён удзельнічаў у многіх навукова-практычных канферэнцыях. У вольны час займаецца музыкай.
Другое месца на конкурсе прысуджана студэнтцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вераніцы Кажанеўскай. Яна будучы лагапед, навучаецца на трэцім курсе. Замыкае тройку лідараў Андрэй Андрук з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, студэнт другога курса факультэта радыётэхнікі і электронікі. У будучым - інжынер электроннай тэхнікі.
Кожны ўдзельнік рэспубліканскага фіналу дадаткова намініраваўся на званне "Студэнт года 2016 ONLINE". Пераможцу ў гэтай намінацыі вызначылі карыстальнікі віртуальнай сеткі шляхам галасавання за аўтарскія гумарыстычныя відэаролікі канкурсантаў на тэму "Я - студэнт!". Галасаванне праходзіла на канале YouTube ("Студэнт года 2016. Фінал" і ў групе "Моладзь Беларусі" "ВКонтакте"). У выніку лепшым стаў Кірыл Дрозд, які навучаецца на другім курсе Універсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
У спаборніцтве ўдзельнічалі дзевяць студэнтаў. У творчых, інтэлектуальных і спартыўных конкурсах папулярнага маладзёжнага праекта яны спаборнічалі не толькі за тытул "Студэнт года 2016", але і за галоўны прыз - пуцёўку па маршруце Талін - Хельсінкі - Стакгольм.
Арганізатарам конкурсу выступаюць БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага студэнцкага савета саюза моладзі. Ён накіраваны на развіццё лідарскіх якасцей, падтрымку творчага патэнцыялу студэнцтва, стварэнне ўмоў для самарэалізацыі ў галіне грамадскай дзейнасці, навукі, мастацтва і спорту, пашырэнне студэнцкіх ініцыятыў і праектаў, павышэнне прэстыжу ведаў і папулярызацыю прафесій.
БЕЛТА [1]
Спасылкі
[1] http://www.belta.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/student-goda-2016
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-kukso
[4] https://zviazda.by/be/tags/konkurs
[5] https://zviazda.by/be/tags/student
[6] https://zviazda.by/be/tags/vnu